Юбілей святыні ў Вішневе

З жыцця Касцёла

2Кс. бп Аляксандр Кашкевiч асвячае памятны знак з нагоды 200-годдзя кансэкрацыi касцёла ў гонар св. апостала Юды Тадэвуша8 чэрвеня вернікі касцёла св. Юды Тадэвуша ў Вішневе (дэканат Смаргонь) адзначалі 200-гадовы юбілей кансэкрацыі парафіяльнай святыні. Яна была ўзведзена стараннямі продкаў як сведчанне веры і любові да Хрыста. І па сёння служыць Божым домам на зямлі.
Дата юбілею касцёла, што ўзвышаецца на вясковым узгорку, канешне, не пазначана чырвоным у календары, але яна адметная для ўсіх жыхароў мясцовасці. Пробашч парафіі кс. Антоній Казлоўскі, які служыць у Вішневе ўжо амаль 16 гадоў, гаворыць, што калі разглядаць касцёл выключна як архітэктурную пабудову, то 2 стагоддзі – не так і шмат, паколькі на тэрыторыі дыяцэзіі ёсць больш старажытныя святыні. Але калі браць пад увагу тое, што вішнеўскі касцёл – гэта, найперш, супольнасць, то для парафіі такі юбілей з’яўляецца знамянальным і ўрачыстым.
Карані каталіцкай веры на нашай зямлі вельмі глыбокія і трывалыя, – распавядае кс. Антоній. – Аб гэтым сведчыць той факт, што, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, якія выпалі на долю мясцовых вернікаў і душпастыраў, брамы пякельныя не змаглі перамагчы Касцёл Божы. Нават у змрочныя часы пераследу дзверы святыні не зачыняліся, а людзі баранілі сваю веру і дбалі пра родную парафію. Як і стагоддзі таму, мы цяпер вельмі цешымся, што ў любы дзень і ў любую гадзіну радасці ці смутку можам прыходзіць у касцёл і давяраць усе свае справы Пану Богу… На дадзены момант наша парафія налічвае 465 вернікаў. Гэта ахвярныя, працавітыя і сціплыя людзі. Яны разумеюць, што не прыходзіцца спадзявацца на тое, што сусед ці нейкі іншы чалавек паклапоціцца пра касцёл, таму кожны сам стараецца дапамагчы пры рамонце, упрыгожванні святыні, прыкасцёльнай тэрыторыі ці плябаніі”.
    Пробашч распавядае, што падрыхтоўка да ўрачыстасці 200-годдзя асвячэння святыні пачалася загадзя. Падчас душпастырскага візіту кожная сям’я атрымала ў падарунак кнігу пра гісторыю касцёла і адмысловы каляндар, у якім месяц чэрвень быў прысвечаны вішнеўскай парафіі. Вялася падрыхтоўка да канфірмацыі, таксама былі запланаваны васьмідзённыя місіі. Але, на вялікі жаль, сучасныя абставіны не дазволілі рэалізаваць усё задуманае – некаторыя планы перанесены на наступны год.
    Адсвяткавалі юбілей кансэкрацыі касцёла па скарочаным сцэнарыі. Адбылася ўрачыстая св. Ішма з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча, падчас якой была прэзентавана мастацкаакументальная аповесць Анатоля Шчучко “Святыняў маўклівыя цені”. Таксама іерарх асвяціў усталяваны каля касцёла памятны юбілейны знак – шасцітонны валун з высечаным на ім крыжам.
    “200-гадовы юбілей стаў для нас добрай нагодай, каб узгадаць не толькі гісторыю касцёла, але таксама выказаць удзячнасць і памаліцца ў інтэнцыі парафіян, дабрадзеяў, якія на працягу ўсіх гэтых гадоў уносілі вялікі ўклад у развіццё парафіі, а таксама за святароў, якія абуджалі і ўзмацнялі людскія сэрцы. Веру, што кожнага з іх Бог шчодра ўзнагародзіць, і спадзяюся, што ў вішнеўскай святыні і надалей будуць раздавацца галасы вернікаў, якія спяваюць і моляцца на хвалу Пана”, – падсумоўвае кс. Антоній.
   
   
Мураваны касцёл пад тытулам св. апостала Юды Тадэвуша ў Вішневе быў пабудаваны ў 1811 годзе ў стылі класіцызму. У 1820 годзе святыню кансэкраваў кс. бп Тадэвуш Кундзіч, суфраган Троцкі.
    Касцёл мае статус помніка архітэктуры. Ён адметны тым, што ў цэнтральным алтары знаходзіцца самы вялікі ў Беларусі абраз св. Юзафа з немаўляткам Езусам аўтарства вядомага беларускага мастака Яна Дамеля. У падзямеллях касцёла знаходзіцца крыпта-пахавальня сям’і Сулістроўскіх, фундатараў святыні.