“
Калі ўжо было вядома, што па волі кс. б-па Аляксандра Кашкевіча я стану пробашчам новай парафіяльнай супольнасці, адразу прыйшла думка абраць заступніцай парафіі бл. Мар’яну Бярнацкую, – адзначае кс. Юрый Марціновіч. – Выбар абгрунтаваны тым, што наша парафія знаходзіцца блізка да таго месца, дзе ў ліпені 1943 года бласлаўлёная была расстраляна гітлераўцамі. Звычайная жанчына, якая нічым не вылучалася сярод іншых. Як і многія, непакоілася пра сваю сям’ю, была аддана Богу і Касцёлу… Таму я лічу, што тым больш павінна быць нам блізкая і дарагая.
Прагнем углядацца ў яе постаць, праслаўляючы Пана Бога за святасць, аб’яўленую ў звычайных, простых людзях”.
Усё больш жанчын, асабліва ўдоў, свекрывей і нявестак, звяртаюцца да бл. Мар’яны як да сваёй заступніцы і абаронцы. У бласлаўлёнай таксама просяць дапамогі перад Богам сужэнствы, якія прагнуць патомства. “Я заўважыў, што ўжо некалькі жанчын замовілі св. Імшу ў інтэнцыі сваіх нявестак, – распавядае кс. Юрый. – Таму вельмі хачу, каб новая святыня, якая, веру, нягледзячы ні на што, некалі паўстане ў горадзе над Нёманам, стала сапраўднай школай бл. Мар’яны, каб кожны мог зачарпнуць у ей духу пакоры і сціпласці. Гэта асабліва патрэбна сучаснаму чалавеку, які вельмі часта ўпадае ў гонар і гоніцца за тым, што толькі прывабна і модна”.
П
арафіянка Алена Амяльянчык дадае, што мае моцнае жаданне даследаваць жыццё бл. Мар’яны, каб бліжэй пазнаць яе асобу і раскрыць таямніцу любові. “У біяграфіі бласлаўлёнай мяне найбольш уражвае тое, што яна ахвяравала жыццё не за сына, таксама прыгаворанага да расстрэлу, а за нявестку. Зважаючы на звыклыя людскія адносіны, разумееш: сын для маці – заўсёды найвялікшы скарб. Аднак гэтая жанчына знайшла ў сабе сілы для складанага, але апраўданага выбару: аддала жыццё за цяжарную дзяўчыну, па сутнасці – чужую для яе”, – дзеліцца думкамі спадарыня Алена.
Пробашч парафіі спадзяецца, што постаць бл. Мар’яны Бярнацкай дазволіць вернікам па-іншаму паглядзець на свекрывей, а для іх саміх стане стымулам да пабудовы міру і згоды ў сям’і. Ён мае моцнае жаданне, каб святыня на ўзор бласлаўлёнай, якая сваёй малітвай выпрошвала ласкі для мужа, дзяцей, зяця, нявесткі і ўнукаў, стала асаблівым месцам малітвы за сем’і, асабліва за тыя, што перажываюць цяжкасці і чалавечыя драмы.
Новаўтвораная парафія – першая ў гісторыі Гродзенскай дыяцэзіі, а нават і свету, якая паўстала пад імем бл. Мар’яны Бярнацкай. Адгэтуль яе місія заключаецца ў тым, каб раскрываць прыгажосць асобы бласлаўлёнай і накіроўваць сілы на тое, каб наша краіна атрымала яшчэ адну святую.
Спачатку – жывы Касцёл,
пасля – святыня з цэглы Вернікі з парафіі бл. Мар’яны Бярнацкай пакуль не маюць уласнага месца для сустрэч на св. Імшы. Яны збіраюцца раз у тыдзень на нядзельнай Эўхарыстыі ў касцёле ў Адамавічах (дэканат Сапоцкін). Там жа праходзяць і вялікія ўрачыстасці.
Усе працэдуры, якія датычаць выдзялення зямельнага ўчастка, былі распачаты яшчэ ў студзені бягучага года. Аднак маюцца некаторыя перашкоды, якія пакуль не дазваляюць яго атрымаць. Разам з тым, парафіяне ўпэўнены, што існуючыя праблемы толькі даказваюць: дзе павінна быць Божая хвала, там і цяжкасці большыя. Яны спадзяюцца, што з дапамогай Пана і пры падтрымцы мясцовых улад здолеюць станоўча вырашыць гэтае пытанне.
“Пакуль не маем уласнага зямельнага ўчастка, наша дзейнасць абмежавана. Хочацца як мага хутчэй мець хаця б часовую капліцу, дзе будзе канцэнтравацца жыццё парафіі. Людзі павінны мець пастаянны доступ да свайго душпастыра. Мне асабіста вельмі хочацца больш часу прысвячаць сваім парафіянам, распачаць працу з дзецьмі і моладдзю, стварыць малітоўныя групы”, – дзеліцца кс. Юрый.
Тым часам маленькімі крокамі будуецца супольнасць вернікаў, дзе людзі могуць падсілкоўваць адзін аднаго ў веры. “Нават сустрэчы раз у тыдзень сярод знаёмых аднадумцаў адцягаваюць ад «бытавухі» і накіроўваюць да «высокага», – адзначае спадарыня Алена. – Мне таксама падабаецца, што ксёндз пробашч заўсёды імкнецца камунікаваць з намі. Стварыў суполку ў Viber, і там цяпер часта звіняць паведамленні: то віншаванні, то аб’явы. Прыемна адчуваць сувязь з душпастырам і яго зацікаўленасць… Мой сын міністрант. Часта яму даводзіцца прыслужваць аднаму. І пробашч заўсёды знойдзе словы падтрымкі. На Пасхальны Трыдуум пры алтары былі толькі кс. Юрый і мой Паўлік. Дык ксёндз яму сказаў пазней: «Ты першы раз быў адзін, і я першы раз быў адзін у такі важны час. Аднак удвох мы выдатна справіліся!». Гэта ўсё дробязі, але яны насамрэч будуюць адносіны”.
Пробашч парафіі дадае: “Мне хацелася б, каб гэта была жывая супольнасць, дзе кожны будзе заўважаны і задзейнічаны. І гледзячы на сённяшніх сваіх парафіян, якія кожную нядзелю збіраюцца на Эўхарыстыю (а іх амаль 100 чалавек), бачу, што яны таксама гэтага прагнуць. Жадаюць мець душпастыра і ўласную святыню, дзе разам будзем расці ў веры і ўзаемнай любові, будаваць сапраўдную супольнасць і станавіцца сведкамі Хрыста ў свеце”.
Гісторыя пачынаецца з малога За нядоўгі час існавання парафіі там ужо ахрышчана 5 дзяцей. Неўзабаве адбудзецца яшчэ адна важная падзея – першы шлюб. Жыццё вернікаў паступова насычаецца і большымі па значэнні падзеямі.
“Я лічу, што самай вялікай падзеяй для нашай маладой супольнасці стаў візіт дапаможнага біскупа дыяцэзіі Юзафа Станеўскага. У ІІ Нядзелю Вялікага посту іерарх прысутнічаў на нашай нядзельнай Эўхарыстыі і ўзначаліў яе. У гэты дзень кс. бп Юзаф маліўся за маладую парафію, каб з Божай дапамогай мы дасягнулі пастаўленай мэты – пабудовы храма. Візіт генеральнага вікарыя дыяцэзіі дадаў нам неабходнай мужнасці і ўпэўненасці, што абралі правільны накірунак”, – узгадвае кс. Юрый.
Яшчэ адной вельмі важнай і сімвалічнай для парафіі падзеяй стала першая адпустовая ўрачыстасць у дзень літургічага ўспаміну бл. Мар’яны, які прыпадае на 12 чэрвеня.
У гэты дзень адбылася св. Імша на месцы, дзе бласлаўлёная была расстраляна разам з жыхарамі Гродна і Ліпска. “Падчас гэтага свята адчулі сябе як адзіная сям’я. Магчыма, таму, што разам стараліся арганізаваць урачыстасць – кожны імкнуўся далучыцца, хаця б прынесці кветкі для аздаблення. Магчыма, таму, што асаблівым чынам адчувалі блізкасць бл. Мар’яны і яе няўяўны выраз клопату”, – дадае спадарыня Алена. У навумавіцкім лесе на фартах, якія сталі маўклівым сведкам драматычных падзей 1943 года, парафіяне дзякавалі Богу за мужнасць і гераізм папярэдніх пакаленняў, якія ў абароне крыжа, веры і ўсяго Божага ды святога аддалі сваё жыццё. Прасілі таксама бл. Мар’яну аб дапамозе ва ўрэгуляванні ўсіх арганізацыйных момантаў з атрыманнем пляцоўкі пад будаўніцтва касцёла. “Гэта была цудоўная малітва, што сабрала членаў нашай парафіі, для якіх важна будучыня Касцёла, – зазначае кс. Юрый. – Я перакананы, што бл. Мар’яна з самага пачатку падтрымлівае нашу парафіяльную супольнасць. Кожны раз, калі ўзнікаюць праблемы, каб рабіць далейшыя крокі, я езджу на фарты, дзе была расстраляна наша заступніца. І тады кажу ў сэрцы: Мар’яна, калі хочаш, каб новая святыня была прысвечана табе, пастарайся атрымаць неабходны дазвол альбо нейкі чаканы дакумент. І сапраўды бласлаўлёная дапамагае! Тады, калі мы чакалі дзяржаўнай рэгістрацыі парафіі, я некалькі разоў ездзіў у Навумавічы. Прасіў Мар’яну аб падтрымцы. І яна не падвяла! Дзяржаўная рэгістрацыя парафіі была падпісана 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых! Я разумею гэта як доказ таго, што святыя і бласлаўлёныя сапраўды дапамагаюць нам, што яны побач”.