Памолішся – і адразу палёгка на душы

З жыцця Касцёла

Раз на год у лясным гушчары каля вёскі Дубок, што ў Астравецкім раёне, раздаюцца гукі акардэона, пад якія льецца набожны рэлігійный спеў каля дзвюх соцень вернікаў.
    Такім чынам распачынаецца фэст у гонар Маці Божай Нястомнай Дапамогі (або Балеснай), пад імем якой сярод векавых дубоў узвышаецца капліца.

   Малітва з нетраў Зямлі
    “Лясная” святыня была пабудавана ў 1929 годзе мясцовымі вернікамі пад кіраўніцтвам кс. Рамуальда Дроніча, пробашча парафіі ў Жодзішках (да яе капліца належыць і дагэтуль). Тутэйшы люд, які заўсёды меў моцны культ Багародзіцы (да Першай сусветнай вайны ў мястэчку дзейнічаў касцёл Маці Божай Балеснай), абраў месца для будучай капліцы ў лясным масіве на кургане, недалёка ад ракі Віліі, каб схаваць святыню ад магчымых напасцяў і самім мець гарантаваны прытулак для супольнай малітвы.
    “На ўрачыстасці асвячэння капліцы сабралася каля 6-ці тысяч чалавек, – распавядае кс. Павел Калеснік, які служыць у жодзішскім касцёле на працягу апошніх амаль 20-ці гадоў. – Гэта і зразумела.
    У той час вёскі былі больш заселеныя, парафіі шматлюдныя. Сёння тая ж вёска Дубок налічвае ўсяго 3 хаты”.
Аднак, Здымкі капліцы і абраза, датаваныя 1929 годамнягледзячы на гэта, каля дзвюх соцень чалавек штогод імкнуцца пакланіцца абразу Маці Божай Нястомнай Дапамогі, змешчанаму ў алтары капліцы. Вернікі прыбываюць не толькі з жодзішскага касцёла, але і з блізкіх парафій: Гервятаў, Астраўца, Солаў, Нястанішкаў і Міхалішкаў. Прыязджаюць і госці з суседняй Літвы, бо ў многіх там жывуць сваякі. У кожную першую нядзелю ліпеня яны стойка моляцца пад дажджом, які стаў ужо традыцыйным элементам фэсту, і ўдзельнічаюць у адмысловым набажэнстве – ідуць ад стацыі да стацыі, ушаноўваючы 7 журбот Найсвяцейшай Панны Марыі.
    “Мясцовая Кальварыя была пабудавана ў 1936 годзе. Пачынаецца яна на адлегласці 2,5 км праз лес ад капліцы і працягваецца каля 2 км, – адзначае кс. Павел. – Першая стацыя – каменная брама, уваход праз якую «адкрывае» ўрачыстую працэсію. Пасля ўздоўж берага Віліі спыняемся каля чарговых стацый: 4-ох крыжоў, невялікай каплічкі і грота, на якім змешчана фігура Маці Божай. З грота б’е крыніца. Людзі пасля набіраюць адтуль ваду, дарэчы, вельмі смачную. Калі ідзём у адзін бок – адгаворваем Ружанец, а на зваротным шляху – адмысловыя малітвы адносна кожнай са стацый”.
    Асаблівага хараства ўрачыстасці дадае тое, што яна праходзіць пры запаленых свечках – у капліцы няма электрычнасці. Тутэйшыя жанчыны ўпрыгожваюць святыню ўласнымі намаганнямі: шыюць рознакаляровыя сцяжкі з тканіны, робяць аздобы з паперы і дбаюць пра галоўны элемент мясцовага дэкору – дубовыя вянкі. Фэст сярод лесу не адбываецца без традыцыйнай часткі парафіяльных адпустаў. На паляне і ўздоўж дарогі, што вядзе да святыні, размяшчаецца кірмаш рэлігійных рэчаў: абразы, ружанцы, фігуркі анёлаў і святых. Ёсць і звыклыя для фэсту слодычы – цукеркі-пеўнікі. “Здараецца, прывозяць і ўсталёўваюць апарат для вырабу салодкай ваты”, – дадае з усмешкай кс. Павел.
    Сёлета, улічваючы складаную эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, фэст у Дубку адбудзецца ў крыху змененай форме. Паводле слоў пробашча, св. Імша будзе традыцыйна цэлебравацца звонку святыні, дзе дастаткова месца для захавання дыстанцыі. Аднак не будзе праводзіцца працэсія на Кальварыю.
   
    У непрыкметным знайсці вялікае
    Пробашч парафіі кс. Павел Калеснік Некалькі гадоў таму ў “лясной” святыні адбыўся шлюб. “Вянчалася дзяўчына з астравецкай парафіі, у якой я калісьці быў моладзевым душпастырам, – узгадвае кс. Мікалай Ціхановіч, які ўдзяляў сакрамант. – Яна абрала гэтую капліцу, таму што хацела ўшанаваць памяць продкаў: сюды часта прыходзіла маліцца бабуля дзяўчыны. Мяне прыемна ўразіла, што выбар такога незвычайнага месца шлюбу не быў абумоўлены жаданнем зрабіць сенсацыю, але глыбокім асэнсаваннем запланаванай урачыстасці. Шчыра кажучы, гэты шлюб я перажыў у цеснай сувязі з сужэнцамі. Па-першае, адбываўся ён у маі, ламаючы распаўсюджаны забабон. Па-другое, малітоўнага настрою ўрачыстасці дадала сціпласць «лясной» святыні: простае аздабленне капліцы, што зрабілі маладыя, запаленыя свечкі, спеў моладзі і цэлебрацыя Імшы спіной да сабраных. Па-трэцяе, адчувалася, што для пары важны сам сакрамант, а не прыгожая ілюстрацыя. Усё гэта максімальна наблізіла цырымонію шлюбу да евангельскіх прынцыпаў”. Кс. Мікалай дадае, што шлюб у капліцы ў Дубку заўсёды будзе вылучацца сярод яго вялікай святарскай практыкі ўдзялення сакрамантаў.
    Урачыстасці ў Дубку пад традыцыйны акампанемент дажджуАфіцыйна “лясная” святыня адкрывае дзверы раз на год. Аднак калі ў чалавека ёсць жаданне трапіць у Божы дом, на шляху да гэтага не можа быць аніякіх перашкод. “Хто плануе наведаць капліцу або, вандруючы па краіне, заўважыў цікавую забудову і хоча ў яе зазірнуць, можа лёгка гэта зрабіць, – адзначае кс. Павел. – Трэба патэлефанаваць да мяне або звярнуцца ў адну з тых трох хатак, што стаяць у Дубку. У вёсцы жыве мужчына, які заўсёды трымае пры сабе ключ ад святыні. Адкрыем для кожнага”.
    Маці Божая, схаваная ў гушчары лесу, чакае кожнага з нас: з рознымі просьбамі і ў розных патрэбах…
   
   
Гісторыя іконы, якую католікі сёння называюць абразом Маці Божай Нястомнай Дапамогі (а ў праваслаўнай традыцыі вядомай як ікона Маці Божай Балеснай), сягае ХІІ стагоддзя і ахутана таямніцай. Адны сцвярджаюць, што абраз паўстаў у Візантыі, іншыя – што ў манастыры Хіландар на святой гары Афон.
    У старым паданні гаворыцца, што абраз вёз на караблі ў Еўропу багаты купец, а падчас шторму выцягнуў яго з куфра і паказаў падарожнікам. Людзі адчайна маліліся перад абразом, гэта і выратавала іх ад марской катастрофы.
    Пасля драматычнага падарожжа абраз аказаўся ў Рыме ў касцёле св. Мацвея, але пасля захопу Рыма французамі ён згубіўся. Праз больш за паўстагоддзя абраз знайшоў а. Міхал Марчы CSsR. У 1865 годзе папа Пій IX даверыў цудатворную выяву айцам рэдэмптарыстам, сказаўшы: “Зрабіце так, каб гэты абраз стаў вядомы ва ўсім свеце і каб яго любілі”.
    Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі захоўваецца ў шэрагу касцёлаў Гродзенскай дыяцэзіі. Сярод іх, напрыклад, у Карэлічах. Пробашч аднайменнай парафіі а. Юрый Саковіч OSPPE адзначае, што неаднаразова быў сведкам цудаў, здзейсненых праз заступніцтва Маці Божай Балеснай: “Шмат людзей з рознымі просьбамі прыходзяць памаліцца перад цудадзейным абразом. Здаралася, маліліся аб дары патомства – неўзабаве бацькі гадавалі дзіця. Іншыя звярталіся, каб Багародзіца дапамагла выратаваць немаўля, што пры смерці, – і дзіця вярталася да жыцця насуперак прагнозам урачоў. Неаднаразова вернікі атрымлівалі аздараўленне ад хвароб, звязаных з расстройствам псіхікі – выходзілі з доўгіх дэпрэсій. Аналізуючы гэтыя здзяйсненні, мы заўважылі, што Маці Божая дае людзям новае жыццё: і ў фізічным, і ў духоўным сэнсе”.
    Марыя, нягледзячы на тое, што Яе постаць на абразе самая вялікая, не з’яўляецца яго цэнтральным пунктам. Указальная далонь Маці, пераплеценая з далонямі Хрыста, які звяртаецца да Айца, вызначае графічны цэнтр іконы і з’яўляецца ключом да разумення яе галоўнага паслання. У той жа час, гэтыя элементы задаюць правільны кірунак медытацыі над іконай: запрашальны позірк Маці Божай не засяроджвае нашу ўвагу на сабе, але накіроўвае яе да Сына, які слухае і пастаянна выконвае збаўчую волю Айца. Менавіта таму Марыя, прадстаўленая тут, – гэта Адзігітрыя, Правадніца, якая нястомна паказвае нам Дарогу да Айца. Гэтай Дарогай з’яўляецца Хрыстос, які сам пра сябе сказаў: “Я – дарога і праўда, і жыццё” (Ян 14, 6).