“Спакой вам!”, альбо аб Божай міласэрнасці сёння

З жыцця Касцёла

Гэта праўда, што ў кантэксце сучаснай сітуацыі, у якой апынуўся цэлы свет, усе разважанні, падзеі і ўрачыстасці разглядаюцца ў святле пандэміі. Падобным чынам адбываецца, верагодна, калі спрабуем разважаць над таямніцай Божай міласэрнасці, пра якую Касцёл нагадвае нам у нядзелю, што наступае пасля ўрачыстасці Уваскрасення Пана.
Асабіста мне прыходзяць у галаву словы адной з вядомых песень аб Божай міласэрнасці: “Нашы планы і надзеі штось нявечыць кожны раз, толькі міласэрнасць Бога ніколі не падводзіць нас”.
    Ва ўсіх нас, напэўна, былі нейкія планы на перажыванне сёлетняга Вялікадня: сустрэча з роднымі, супольны сняданак, папярэджаны ўдзелам у Пасхальным Трыдууме, магчыма, яшчэ нейкія намеры на бліжэйшую ці далёкую будучыню. Аднак пакуль усё выглядае інакш. Мы нешта задумвалі і збіраліся зрабіць, але, як паказваюць актуальныя падзеі, нашы планы, мары ды мэты павінны пачакаць. Такая рэальнасць.
З іншага боку, з усяго таго, што адбываецца вакол, адно застаецца пэўным і нязменным: праўда пра ўваскрасенне нашага Пана і Збаўцы Езуса Хрыста, якую мы як веруючыя людзі ўспамінаем вякамі. Змяняюцца поры года, змяняюцца палітычныя сістэмы, змяняюцца людзі і іх паўсядзённасць, а праўда аб уваскрасенні Хрыста застаецца нязменнай. Яна вышэй за ўсё і будзе суправаджаць чалавека ажно да другога прыйсця Хрыста.
    У святле гэтай найважнейшай ісціны веры Каталіцкі Касцёл ужо на працягу 20-ці гадоў пасля нядзелі Уваскрасення Пана асаблівым чынам нагадвае людзям аб Божай міласэрнасці. Камусьці можа здавацца, што разважаць і гаварыць пра міласэрнасць Бога да ўсяго чалавецтва і кожнага чалавека пачалі не так даўно. Аднак пра гэтую праўду мы ўжо шмат разоў чулі ў Старым Запавеце, асабліва ў Кнізе Псалмоў, дзе ўзгадваецца пра вялікую ласкавасць Бога, які шукае нас, каб збавіць. Божая ласка адносна чалавека велізарная (параўн. Пс 103; Пс 138). Варта даручыць Госпаду свой шлях і даверыцца Яму (параўн. Пс 37).
    Новы Запавет таксама багаты на фрагменты, якія прыгадваюць пра Бога, міласэрнасць якога з пакалення ў пакаленне (параўн. Лк 1, 50), які праяўляе яе да айцоў нашых і нагадвае пра свой святы запавет – прысягу, што даў айцу нашаму Абрагаму (параўн. Лк 1, 72–73). Такім чынам, вернікам здаўна спадарожнічае ўсведамленне велічы міласэрнасці Бога. Сённяшняя ўрачыстасць нарадзілася з паслання, атрыманага св. Фаўстынай Кавальскай: каб у нядзелю пасля Вялікадня ўшаноўваць Божую міласэрнасць (параўн. Дз. 280). Яна заклікае чалавека падняцца і пакінуць усё, што пагружае ў грэх, усялякае зло і несправядлівасць, заклікае навярнуцца, змяніць свой напрамак і шлях. Гэтая ўрачыстасць з’яўляецца для кожнага з нас заахвочваннем, каб звяртацца да добрага Бога словамі псалма 51: “Змілуйся нада мною, Божа, у вялікай міласці Тваёй і ў паўнаце міласэрнасці Тваёй знішчы беззаконні мае. Абмый цалкам мяне ад правінаў маіх і ачысці мяне ад граху майго”.
    У чарговы раз і ў тых абставінах, у якіх знаходзіцца ўвесь свет, мы павінны ўзгадаць, што для чалавека няма іншай крыніцы надзеі і ўмацавання, акрамя Божай міласэрнасці. Усемагутны заўсёды застаецца для людзей Крыніцай сапраўднай радасці і любові, сапраўднага шчасця, да якога імкнёмся. Магчыма, многія з нас у пэўны момант свайго жыцця былі падобныя да блуднага сына (параўн. Лк 15, 11–32), і здавалася, што адышлі занадта далёка ад Айца. Але таямніца Божай міласэрнасці нагадвае, што варта вяртацца да Стварыцеля, нягледзячы ні на што, каб, можа, у чарговы раз у абдымках міласэрнага Айца прыгадаць, што з’яўляемся дзецьмі Божымі і што наша правільнае месца – побач з Ім, і там мы сапраўды можам быць самімі сабой.
    Разважаючы пра Божую міласэрнасць, неабходна, на маю думку, звярнуць увагу на Евангелле, якое чуем у літургіі слова ў ІІ Велікодную нядзелю (параўн. Ян 20, 19–31). Падчас сустрэчы з апосталамі Хрыстос звяртаецца да іх словамі “Спакой вам”, тым самым умацоўваючы і дадаючы сіл. Божая міласэрнасць напаўняе чалавека спакоем, дапамагае перамагчы трывогу і страх, дае сілы і бадзёрасць.
    І не трэба ўспрымаць гэта толькі як прыгожыя і завучаныя словы. Незалежна ад таго, што адбываецца і як будзе выглядаць наша будучыня, варта прыпасці да міласэрнага Бога, каб радасць ад уваскрасення Пана суправаджала нас не толькі тады, калі ўсё добра і ідзе, як запланавалі, але таксама калі перажываем цяжкасці і няўдачы. “Няхай не трывожыцца сэрца вашае... Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14, 1. 6). Такія словы Хрыстос скіраваў сваім вучням, і кіруе іх таксама нам, каб даверыліся Богу і яшчэ больш прытуліліся да Таго, якому належыць увесь свет і яго жыхары (параўн. Пс 24).
    Сёння, накіроўваючы свой позірк у бок міласэрнага Айца ў Небе, разважаючы над таямніцай Яго міласэрнасці, давайце выкарыстаем словы св. Фаўстыны з яе паслання: “Езу, давяраю Табе!”.