Гродзенская дыяцэзія з пашанай да св. Яна Паўла ІІ

З жыцця Касцёла

У 2012 годзе ў Смаргоні паўстала новая парфія, якой быў нададзены тытул св. Яна Паўла ІІ. Яна стала першай у Беларусі, заснаванай пад такім тытулам. У 2017 годзе ў мікрараёне Пагараны ў Гродне атрымала дзяржаўную рэгістрацыю другая па ліку ў Гродзенскай дыяцэзіі парафія св. Яна Паўла ІІ. Такім чынам было вырашана выказаць удзячнасць Богу за слыннага паляка, якога вельмі шануюць і любяць на тутэйшых землях.

   У 2015 годзе біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч асвяціў капліцу св. Яна Паўла ІІ у Цэнтральным раённым шпіталі ў Міхалішках (дэканат Астравец). Яна была ўзведзена дзякуючы старанням мясцовага пробашча кс. Анатолія Захарэўскага і прыхільнасці адміністрацыі шпіталя. У капліцы захоўваецца Найсвяцейшы Сакрамант. Па суботах цэлебруецца св. Імша. Такім чынам, пацыенты маюць магчымасць маліцца ў святыні і прымаць удзел у Эўхарыстыі.
   
    У 2007 годзе пры парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне паўстаў тэатр, які носіць імя св. Яна Паўла ІІ. І хоць на той момант Папа яшчэ не быў абвешчаны святым, яго словы, навучанне і прыклад давалі ўдзельнікам імпульс для развіцця і рэалізацыі творчых планаў. Тэатр быў часткай жыцця Святога Айца. Ён у свой час сам быў і акторам, і рэжысёрам, і сцэнарыстам, і паэтам, таму добра ведаў і разумеў значэнне працы людзей, пакліканых Богам у мастацтва.
   
    З 2005 года ў Гродзенскай дыяцэзіі праходзіць футбольны турнір памяці св. Яна Паўла ІІ. Святы Айцец быў аматарам футбола. Любоў Папы да спорту адлюстравалася ва ўсім яго пантыфікаце. Ні адзін іншы рымскі біскуп не прысвяціў столькі ўвагі фізічнай культуры, як Ян Павел II. Ён быў першым Папам, які сядзеў на трыбуне стадыёна ў якасці балельшчыка. Пантыфік заклікаў выкарыстоўваць спорт для папулярызацыі такіх маральных каштоўнасцей як сумленнасць, сяброўства і салідарнасць.
   
    27 красавіка 2014 года, у дзень, калі Касцёл афіцыйна абвясціў Яна Паўла II святым, у гродзенскім касцёле св. Францішка Ксаверыя была адкрыта і асвечана 2-метровая фігура Папы. Яна была выканана гродзенскім скульптарам Васілём Мартынчуком, які працаваў разам з сынам Арсеніем на працягу 5-ці месяцаў. Усталяванне фігуры св. Яна Паўла II у гродзенскай святыні з’яўляецца, перш за ўсё, выразам удзячнасці Вялікаму Папе, які імкнуўся дайсці да сэрца і розуму кожнага чалавека, навяртаў на правільны шлях і яднаў усіх людзей.
    Яшчэ адну фігуру св. Яна Паўла ІІ у папскім уборы з узнятай для бласлаўлення рукой можна ўбачыць на цэнтральнай плошчы Іўя, дзе ўсталяваны памятны знак у гонар дружбы і адзінства рэлігій. Ён уяўляе сабой 4 велічныя стэлы з аркамі, прысвечаныя католікам, праваслаўным, мусульманам і іудзеям. Помнікі святому пастаўлены таксама ў Васілішках і Войстаме.
   
    У некаторых парафіях святы Пантыфік прысутны ў рэліквіях – кроплях крыві на матэрыяле, што змешчаны ў адмысловых рэлікварыях. Яны захоўваюцца ў дыяцэзіяльных санктуарыях Маці Божай Каралевы Нашых Сем’яў у Тракелях (дэканат Радунь) і Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (дэканат Астравец), у касцёлах Узвышэння Святога Крыжа ў Макараўцах (дэканат Вялікая Бераставіца), Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў Зарачанцы (дэканат Сапоцкін), Яна Хрысціцеля ў Воўпе (дэканат Масты), у гродзенскіх касцёлах св. Францішка Ксаверыя, Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі, Святога Духа, Найсвяцейшага Адкупіцеля, а таксама ў капліцы Гродзенскай абласной клінічнай бальніцы. Наяўнасць рэліквій Папы ў парафіі вернікі лічаць вялікай ласкай.
   
    У 10-ую гадавіну заснавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне была адкрыта актавая зала ім. Яна Паўла ІІ. Яна з’яўляецца самым вялікім памяшканнем у семінарыі, дзе праходзяць шматлікія асветніцкія, адукацыйныя і культурныя мерапрыемствы.
    У гонар Папы Рымскага названы вуліцы ў Макараўцах і Сапоцкіне. Такім чынам мясцовыя вернікі ўшанавалі памяць пра вялікага Пантыфіка. У многіх касцёлах змешчаны памятныя дошкі, як напамін аб пантыфікаце папы Яна Паўла II, а таксама абразы з яго выявай. Святы Айцец далікатна стаў спадарожнікам нашай паўсядзённасці: калі ўглядаемся ў яго аблічча, у чарговы раз задумваемся, ці адкрыта наша жыццё на навучанне св. Яна Паўла ІІ.