З Богам у сэрцы, з музыкай праз жыццё

З жыцця Касцёла

Мар’ян Скрамблевіч з Адэльска з дзяцінства быў звязаны з музыкай: упершыню зайграў на вяселлі ў 12-гадовым узросце, больш за 30 гадоў кіраваў хорам ды аркестрам гродзенскага аўтапарка і ўжо на працягу 20-ці гадоў сам стварае музычныя інструменты.
Незвычайны чалавек
    Музычны шлях спадара Мар’яна пачаўся ў святыні. Падлеткам ён прыходзіў у мясцовы касцёл, дзе напампоўваў паветра ў мяхі аргана. “Нас, такіх памагатых, у арганіста чалавек 10 было. Матор для вялізнага духавога інструмента ў той час яшчэ не вынайшлі, і мы падмянялі адзін аднаго падчас св. Імшы, па чарзе прыводзячы арган у рух”, – узгадвае мужчына.
    Сёння духавыя інструменты спадар Мар’ян майструе самастойна. У яго калекцыі дзесяткі дуд і дудачак, рагоў і ражкоў, жалеек і акарын. “У дзяцінстве да касцёла бегалі разам з сябрам Тадзікам (сённяшні арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч – заўв. аўт.), што жыў па суседстве. Дык нядаўна ён, як убачыў мой асартымент музычных інструментаў, адразу загаманіў ад здзіўлення: «І гэта ўсё тваё?! Ты калі столькі ўсяго нарабіў?», – распавядае з усмешкай музыка.
З арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам Мар’ян Скрамблевіч сябруе з дзяцінстваСпадара Мар’яна наведвае шмат высокіх гасцей. Прыязджаюць музыкі, прафесары, дыпламаты з усёй Беларусі і з-за мяжы. Кожны хоча ўбачыць і пачуць непаўторныя ў сваім родзе інструменты. Спадар Мар’ян не прадае творы ўласных рук, баіцца, што не зможа іх паўтарыць. Але ў якасці падарункаў яны ўжо апынуліся ў прыватных калекцыях у ЗША, Канадзе, Францыі, Аўстрыі і Германіі. Убачыць каштоўныя вырабы можна таксама і ва ўласным музеі майстра – штогод там ладзіцца каля паўсотні экскурсій. Плён творчасці аўтара ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
   
    Шукаючы не інструмент, але гук
    Імкненне спадара Мар’яна майстраваць інструменты ўзнікла з усведамлення, што кожная мелодыя ўнікальная і патрабуе адмысловых прылад, каб дакладна яе выразіць. “Напрыклад, скрыпка дае толькі адзін гук, а з яе дапамогай людзі намагаюцца перадаць творы шматлікіх кампазітараў. Я хачу, каб мае вырабы ўлічвалі ўсе гукавыя асаблівасці. Перш за ўсё, шукаю тэмбр, танальнасць, а пасля майструю”, – дадае музыка. У гэтым спадару Мар’яну дапамагае здольнасць на слых запамінаць пачутую мелодыю і ўзнаўляць яе без нот.
    Цікавыя гучанні спадар Мар’ян часта шукае ў прыродзе. У яе ж пазычае і неабходныя матэрыялы, каб змайстраваць адмысловы інструмент, калі пачуе тое, што яго прываблівае. “Доўга не мог падабраць, чым жа паўтарыць тупат коней, – распавядае музыка. – І нечакана натрапіў на шкарлупіну какосавага арэха”.
    Майстар вешае на адну руку званочкі, затым бярэ 2 абсклюдаваныя палоўкі какоса… і раптам паўстае гукавая ілюзія, нібы на цябе імчыць запрэжка. Пасля адна за адной у руках майстра змяняюцца дудкі, лыжкі, трашчоткі, кляшчоткі – і ў пакоі раздаецца вухканне савы, глухі рык зубра, кваканне лягушак і птушыны спеў.
    “Аднойчы зайграў на паршнёўцы, каб правесці жураўліны клін. Дык адна птушка нават спусцілася ўніз, каб паглядзець, хто яе кліча”, – распавядае з усмешкай спадар Мар’ян.
   
    “Вылепіўшы” з драўніны
    Скрамблевіцкія інструменты зроблены пераважна з дрэва. Майстар любіць гэты матэрыял за яго “жывасць”. У творчасці выкарыстоўвае каля 20-ці мясцовых парод, а часам і экзотыку. Даводзілася працаваць і з сібірскім кедрам, і з інданэзійскім бамбукам.
    “Дрэва трэба «пачуць». Здараецца, я падоўгу блукаю ў лесе, каб знайсці адпаведную галінку. Пасля магу на некалькі гадоў яе пакінуць, каб драўніна высахла да патрэбнага стану. Важна і тое, у якую пару яна была зрэзана. Калі вясной, то будзе напоўнена сокамі і інструмент можа загучаць плаксіва. А калі ўвосень, гучанне будзе высокае і тонкае”, – дзеліцца некаторымі сакрэтамі спадар Мар’ян.
    Асаблівым чынам майстар ганарыцца акарынамі – глінянымі свістковымі флейтамі. Музыка праявіў вынаходлівасць і першым у Еўропе пачаў рабіць іх з дрэва. Арыгінальныя акарыны звычайна майструюцца ў выглядзе гусянят (так перакладаецца гэтае дзівоснае слова з італьянскай мовы), а спадар Мар’ян надае ім кшталт рыб. На пытанне “чаму?” паціскае плячыма і адмахваецца: “А я ведаю...”. Можа, тут пра сваё заступніцтва нагадвае св. Цэцылія, апякунка музыкаў? Натхняе майстра ўводзіць у незвычайнае аўтарскае мастацтва хрысціянскую сімволіку (па-грэчаску “рыба” – “іхціс”, што з’яўляецца абрэвіятурай грэчаскай фразы “Езус Хрыстус Божы Сын Збаўца”)…
   
    Мелодыя звыш
   Імя Мар’яна Скрамблевіча занесена ў энцыклапедыю “Беларускі фальклор” Спадар Мар’ян прызнаецца, што музыка для яго падобна малітве. Яна павінна нараджацца ў глыбіні душы і дасягаць іншых сэрцаў, выхоўваць. Для майстра мелодыі як своеасаблівая размова з Богам. “Калі даводзіцца наладжваць інструменты, я заўсёды выбіраю які-небудзь касцёльны матыў. І ведаеце, гучанне мяне адразу задавальняе. А пасля зачароўвае і маіх слухачоў”, – разважае музыка.
    Мар’ян Скрамблевіч аддаў захапленню ўсяго сябе, яшчэ пачынаючы з тых часоў, калі хадзіў у адных кірзавых ботах і фуфайцы, каб толькі адкласці грошы на пакупку баяна і радаваць людзей сваёй творчасцю. Ён з’яўляецца выдатным прыкладам чалавека, які не занядбаў, але нястомна развіваў таленты, атрыманыя ад Бога, і пасля быў узнагароджаны шматлікімі бласлаўленнямі.