“Сакральная спадчына Панямоння”

З жыцця Касцёла

Панямонне – унікальні рэгіён, дзе на працягу многіх стагоддзяў цесна суіснавалі розныя народы, веравызнанні, культуры, якія пакінулі пасля сябе шматлікія матэрыяльныя помнікі. Творы мастацтва, якія дайшлі да нашых дзён, захоўваюцца ў музеях і рэлігійных установах Беларусі. Некаторыя з іх былі прадэманстраваны ў Сенатарскай зале Новага замка ў рамках выставы “Сакральная спадчына Панямоння”. Гэта ўнікальны збор культавых рэчаў, які прадстаўляе хрысціянскія канфесіі нашага краю. Частку экспазіцыі склалі экспанаты, гісторыя якіх звязана з дзейнасцю сясцёр брыгітак у Гродне. Прапануем пазнаёміцца з найбольш цікавымі з іх.
Апостальскі рад
    “Хрыстос, Марыя і 12 апосталаў”
    Калі манахіні прыходзілі на службу ў касцёл, то займалі месца на хорах. Парапет хораў касцёла Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі быў упрыгожаны апостальскім радам. Калі выставіць усе іконы адну за другой, атрымлівалася палатно каля 8-мі метраў у даўжыню. Гэтыя абразы размяжоўвалі манахінь і людзей, якія знаходзіліся знізу. У цэнтры палатна – Езус і Панна Марыя, а па баках – 12 апосталаў. Цікава, што вучні Хрыста адлюстраваны з тымі сімваламі, ад якіх загінулі.
Карціна
    “Кляштар брыгітак”, 1927 г.
    Дзякуючы гэтаму твору гродзенскага мастака Зыгмунта Буйноўскага можна ўбачыць, як выглядаў касцёл у міжваенны перыяд.
   
   Абраз
    “Маці Божая Баркоўская”, 1-ая палова XVIII ст.
    Копія цудатворнага абраза створана ў тэхніцы дрэварыту: ікона спачатку выгравіроўвалася на паперы, затым папяровая выява прыклейвалася на палатно, а потым – на дрэва. Твар размалёўваўся ўручную, а вакол змяшчаліся сюжэты з цудамі.
   
   Абраз,
    “Танец смерці”, 1-ая палова XVIII ст.
    Цэнтральны сюжэт – 2 д’яблы вудамі ловяць у вадзе людзей, дзе таксама плаваюць каралеўскія кароны і папскія тыяры. Навокал малюнкі, якія адлюстроўваюць усе сацыяльныя слаі грамадства перад абліччам смерці. Галоўны сэнс малюнкаў і подпісаў пад імі – паказаць марнасць чалавечага жыцця, бяссілле ўлады і багаццяў перад смерцю, неабходнасць імкнення да вечнага жыцця ў Небе.
   
   Арнат ,
    – элемент літургічнага адзення каталіцкага клірыка; шата,1780-ыя гг.
    Адным з заняткаў сясцёр было рукадзелле. Яны вышывалі, ткалі, а таксама выраблялі карункі. На некаторых арнатах відаць, што аздабленне старэйшае за саму тканіну. Гэта тлумачыцца тым, што калі арнат знашваўся, карункі адпорвалі і прышывалі на новае ўбранне.
    Што да шаты, то ёю пакрываліся мошчы св. Клеменса ў пабрыгіцкім касцёле. Рэліквіі святога былі дастаўлены з Рыма ў Гродна дзякуючы намаганням Караля Літавора Храптовіча – харунжага надворнага ВКЛ, гродзенскага старасты з 1786 года.
   
   poniemun 1Дакументы
   з архіва былога гродзенскага брыгіцкага кляштара

    Яшчэ некалькі гадоў таму яны літаральна рассыпаліся ў руках: лісты паперы былі моцна пашкоджаны і закрануты цвіллю.
    У такім стане з архіва пабрыгіцкага касцёла дакументы трапілі ў музей больш за 50 гадоў таму. Працаваць з імі было немагчыма. 2 гады назад Падляшскі музей, які супрацоўнічае з Гродзенскім, атрымаў грант на рэстаўрацыю дадзеных дакументаў. Увесну 2018 года праца была завершана, і каля трохсот старонак-картак вярнуліся ў архіў. Датуюцца яны рознымі эпохамі – ад ХVІ да ХХ стагоддзя. Сярод іх – рэгламент жыцця манахінь, малітоўнікі, спеўнікі і дакументы т. зв. гаспадарчага ўліку – дагаворы, вопісы.
   
   Старадаўнія кнігі:
    Афтоній. “Прагімнасмата”, 1649 г. (з бібліятэкі Гродзенскага езуіцкага калегіума); Хуан ад Езуса-Марыі. “Настаўленне паслушнікам”, 1642 г.; Грэйвесан І. “Гісторыя царквы”, 1761 г. (з бібліятэкі гродзенскага кляштара кармэлітаў босых); Шэрцэр Ё. “Кішэнны даведнік па філасофіі”, 1654 г. (з бібліятэкі гродзенскага кляштара францысканцаў)
    Манаскія ордэны ў Гродне валодалі шыкоўнымі бібліятэкамі. Кніга “Прагімнасмата” цікавая не столькі тым, што надрукавана ў Амстэрдаме некалькі стагоддзяў таму, а сваім надпісам: “Кніга з кабінета магістра паэтыкі”. Тут няма канкрэтнага імя, а названа толькі пасада. Гэтая з’ява тлумачыцца фактам, што ў далёкія часы кнігі былі вельмі каштоўнымі рэчамі. Статут езуіцкага ордэна не дазваляў айцам мець уласныя вялікія бібліятэкі. Кожныя 3 гады езуіт пераходзіў з адной пасады на другую, і перавозіць за сабой друкаваныя выданні было праблематычна. Таму ўсе кнігі былі ўпісаны ў адпаведны каталог, замацоўваліся за пэўнымі кабінетамі і захоўваліся менавіта ў іх.
   
   Партрэты вядомых магнатаў ВКЛ Весялоўскіх:
    Кшыштафа Весялоўскага, вялікага маршалка ВКЛ, яго жонкі Аляксандры Марыяны з Сабескіх і прыёмнай дачкі Грызельды Сапега з Вадынскіх
    Доўгі час карціны лічыліся згубленымі падчас ІІ Сусветнай вайны, але ў 1966 годзе іх знайшлі ў крыпце касцёла. Палотны не выпадкова апынуліся ў гэтых мурах. Гродзенскі кляштар ордэна св. Брыгіты быў заснаваны менавіта Весялоўскімі ў памяць аб прыёмнай дачцы, якая рана пайшла з жыцця. Сёння гэтыя партрэты займаюць пачэснае месца сярод экспанатаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.
   
   Кафедра,
   1646 г.
    У брыгіцкім кляштары знаходзілася агульнае для ўсіх сясцёр памяшканне, дзе яны кантактавалі паміж сабой, вышывалі, выконвалі нейкую працу. Каб час не прападаў на марна, адна з манахінь станавілася за кафедру і чытала рэлігійныя тэксты. Прадстаўленая на выставе кафедра адметная сваім дэкорам. На ёй бачым выявы Езуса Хрыста, св. Аўгусціна, св. Брыгіты і св. Кацярыны Шведскай.
   
Выстава “Сакральная спадчына Панямоння” створана на падставе фондавых калекцый Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея, Нацыянальнага мастацкага музея РБ, калекцыі музея гродзенскага брыгіцкага кляштара і кляштара Кангрэгацыі Святой Сям’і з Назарэта.