– Шукаем настаўніка ад Бога. Не бачылі?

З жыцця Касцёла

Разам з героямі інсцэніраванага прадстаўлення  ва ўрачыстасць Усіх Святых

– Вось ён, аддае сваё сэрца дзецям…
У жыцці кожнага чалавека ёсць асабліва значныя людзі, ролю якіх у лёсе складана пераацаніць. Сярод іх – першы настаўнік, які навучыў чытаць, пісаць, а таксама думаць і любіць. Ён зазвычай становіцца першым узорам для пераймання.
    І якое шчасце, калі такі чалавек сябруе з Богам і можа шмат чаго пра Яго распавесці…
Настаўнік і катэхет
    Настасся Мішкура паходзіць з парафіі св. Мікалая, біскупа, у Геранёнах (дэканат Іўе). Выхоўвалася ў каталіцкай сям’і, дзе хрысціянскія каштоўнасці прывіваліся з ма- ленства. “Разам з бацькамі і бабуляй я кожную нядзелю прыходзіла на св. Імшу ў наш мясцовы касцёл, – успамінае дзяўчына. – Менавіта яны сталі прыкладам малітвы і заклалі пачатак станаўленню маёй веры. Часта ўспамінаю, як ва ўзросце 8-10 гадоў з радасцю бегла ў святыню на ружанцовую малітву, раратнія Імшы, Крыжовы шлях або маёвыя набажэнствы…”.
    Пасля заканчэння сярэдняй школы Настасся вырашыла пайсці дарогай настаўніцтва, аб чым заўсёды марыла. Але гэта было толькі адным з моцных жаданняў у яе жыцці. У глыбіні душы дзяўчыне заўсёды хацелася пазнаваць Бога на лекцыях або практычных занятках, каб пасля дапамагаць у душпастырскай дзейнасці ў роднай парафіі.
Рэалізацыі гэтага жаданя паспрыяла месца вучобы – Баранавічы, дзе дзейнічае Катэхетычны каледж ім. Зыгмунта Лазінскага. Так, пачынаючы з 3-га курса вучобы ва ўніверсітэце, дзяўчына стала наведваць лекцыі і ў каледжы. “Гэта быў складаны, але адначасова насычаны прыгодамі час, – узгадвае Настасся. – Праблемы падчас навучання ўзнікалі тады, калі не хапала часу на падрыхтоўку да экзамена або заліку, асабліва калі сесіі ва ўніверсітэце і каледжы адбываліся паралельна. Ведаю, што Нябесны Айцец мяне ніколі не пакідаў і заўсёды трымаў і трымае ў цені сваіх крылаў”.
    Настасся з задавальненнем успамінае студэнцкія гады ў катэхетычным каледжы, дзе знайшла шмат сяброў. “Мы не толькі сустракаліся на занятках, але і шмат вольнага часу праводзілі разам, – гаворыць дзяўчына. – Супольна ладзілі вясёлыя вечары: калядныя сустрэчы, карнавал на Дзень кансэкраванага жыцця, пачатак і заканчэнне навучальнага года... Часта збіраліся ў лядовым палацы, каб пакатацца на каньках, або за кубкам гарбаты, каб падзяліцца сваімі жыццёвымі перажываннямі”.
   
    Галоўнае – ніколі не здавацца!
    Ужо амаль 4 гады Настасся працуе ў Іўі настаўніцай пачатковых класаў. Адначасова з тым дапамагае святару ў катэхетычнай працы ў Геранёнах.
    “Некалькі гадоў таму я запрасіла мясцовую моладзь далучыцца да Бібілійнай групы, каб разам збірацца, разважаць і дзяліцца адзін з адным Божым словам, – распавядае дзяўчына. – Сёння маё сэрца цешыцца тым, што гэтая моладзь, калі становіцца дарослай і выязджае на вучобу ў вялікія гарады, усё роўна працягвае заставацца актыўным касцяком нашай геранёнскай парафіі. З гэтай групай маладых людзей мы разам адпачываем, падарожнічаем, адзначаем Дні нараджэння”.
Настасся і схолька дзяцей і моладзі “Езусавыя ноткі”    У бягучым навучальным годзе Настасся паспрабавала стварыць Біблійную групу таксама для малодшых удзельнікаў. Дзяўчына спадзяецца, што падрастаючае пакаленне па прыкладзе старэйшай моладзі стане апорай мясцовага касцёла ў Геранёнах.
    Вядома, як і любы катэхет, Настасся таксама сустракаецца з цяжкасцямі ў працы з дзецьмі і моладдзю. Але, па словах дзяўчыны, гэта не павінна перашкаджаць таму, каб быць там, дзе ты пакліканы служыць. “Кожную раніцу трэба прасіць Бога аб неабходных дарах на надыходзячы дзень, каб быць «алоўкам» у Яго руках і пісаць у вачах выхаванцаў тую гісторыю, якую жадае ад мяне Стварыцель, – падкрэслівае Настасся. – Варта ўвесь час паказваць сваім жыццём вялікую Божую любоў да людзей. Галоўнае – ніколі не здавацца! Часам можа не хапаць фізічных сіл, каб выканаць наступнае заданне або зрабіць крок насустрач жыццёвай праблеме. Але неабходна набірацца моцы і крочыць далей, бо ты не адзін – побач усемагутны і любячы Бог”.
   
    За маладымі – будучыня Хрыстовага Касцёла
    Падчас кожнай нядзельнай св. Імшы для дзяцей у касцёле ў Геранёнах гучаць звонкія галасы хлопцаў і дзяўчат. Такім чынам маладыя людзі праслаўляюць сваім спевам Бога. Настасся акампаніруе ім на гітары. Як зазначае, моладзь ахвотна праяўляе жаданне навучыцца іграць на музычным інструменце. Калісьці і яе навучыла гэтаму манаская сястра. Разам з ёй Настасся іграла падчас св. Імшы, пераадольваючы свой страх і хваляванне. А цяпер вось сама дзеліцца музычнымі азамі з усімі жадаючымі.
    “З групай гэтых дзяцей і моладзі – схолькай «Езусавыя ноткі» – мы штогод прымаем удзел у дэканальным фестывалі калядак і пастаралак «Gloria in excelsis Deo» у Іўі, – гаворыць дзяўчына. – Памятаю, як калісьці сама ўдзельнічала ў гэтым фестывалі як канкурсант. Час змяніўся – і цяпер я прымаю ўдзел як кіраўнік групы”.
    Настасся таксама прычыняецца да пастаноўкі сцэнак і пантамім у парафіі на Божае Нараджэнне, нядзелю Божай Міласэрнасці, урачыстасць Усіх Святых. “На рэпетыцыях з кожным удзельнікам стараемся лепш распазнаць яго вобраз, падбіраючы неабходныя пазіцыі ў сцэнах і аналізуючы выказванні. Ужо перад выступленнем ствараем касцюмы героям і падбіраем рэквізіт”, – тлумачыць дзяўчына.
    Штодня назіраючы за маладым пакаленнем падчас сваёй працы, Настасся робіць выснову, што малады чалавек – гэта “іскра ў сучасным грамадстве, дзякуючы якой можна распаліць сэрцы іншых людзей”. І тут вельмі важна, каб гэта была Божая іскра. “На жаль, я не заўсёды заўважаю за маладымі людзьмі праяўленне маральных і этычных норм, – з жалем адзначае дзяўчына. – Часам моладзь зневажае сваіх аднагодкаў або старэйшых людзей, не звяртаючы ўвагі на тое, што бліжні – гэта таксама годная асоба, якую стварыў Бог. Але я ўпэўнена, што на Зямлі шмат «промняў Божай Любові», якія праз прыклад свайго жыцця нясуць усяму свету супакой, павагу і прабачэнне.
    Праз рукі гэтай моладзі Нябесны Айцец чыніць дабро. Мяркую, за маладымі і актыўнымі людзьмі – вялікая Божая моц і будучыня Хрыстовага Касцёла!”.