Папяльцовай серадой у Касцёле распачаўся Вялікі пост. У добрым перажыванні пакаяннага перыяду вернікам садзейнічае ўдзел у набажэнстве Крыжовага шляху. Чаму так важна не абмінуць яго ўвагай, і які плён здабывае чалавек, засяроджана чэрпаючы са шматвекавой традыцыі?
Паступова зарадзіліся і стацыі Крыжовага шляху. Вернікам хацелася не толькі засяродзіцца на ўспамінах мінулых падзей, але і мець магчымасць больш глыбока перажываць пакуты і смерць Езуса. Перажываць так, каб гэта магло змяніць іх жыццё і дапамагчы ўзрастаць у Богу. Сёння барэльефы ці абразы з выявамі стацый Крыжовага шляху змяшчаюцца па перыметры ў кожным касцёле ці капліцы. Часам яны могуць быць усталяваны і звонку святыні.
У традыцыі Касцёла таксама вельмі распаўсюджаны публічны Крыжовы шлях вуліцамі горада, экстрымальны, інсцэніраваны. У 1931 годзе папа Пій XI дазволіў здзяйсняць набажэнствы Крыжовага шляху перад распяццем для хворых і зняволеных.
Духоўны саўдзел у Муках Хрыстовых Крыжовы шлях “уключае” нас у гісторыю збаўлення. Нагадвае пра тое, што кожны з’яўляецца яе часткай. На крыжы – пакуты, боль і грахі ўсяго чалавецтва. Але ў той жа час і надзея на вечнае жыццё, атрыманая праз перамогу Езуса над смерцю. Толькі ва ўкрыжаваным і ўваскрослым Хрысце можам здабыць выратаванне і адкупленне.
Перажыванне Крыжовага шляху вучыць нас давяраць Богу, быць адкрытымі на Яго любоў, упэўненымі ў ёй. Нагадвае, што Хрыстос церпіць разам з намі. Вучыць таксама глядзець з цеплынёй і пяшчотай на іншых, асабліва на тых, хто пакутуе, мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе.
Кожны вернік праз перажыванне Крыжовага шляху можа атрымаць поўны адпуст. Для гэтага трэба выканаць наступныя ўмовы: • адправіць гэтае набажэнства ў месцы, дзе ўстаноўлены Крыжовы шлях (у касцёле, на прыкасцёльным пляцы і да т. п.);
• разважаць Муку Пана Езуса (зместам разважання не абавязкова павінны быць стацыі);
• пераходзіць ад адной стацыі да другой.
Крыжовы шлях у жыцці святых Часткова дасведчыць пакуты ўкрыжавання Езуса давялося некаторым Яго вызнаўцам, на целе якіх з’яўляліся стыгматы. Часцей за ўсё яны ўтвараліся цудоўным чынам у месцах 5-ці ран Адкупіцеля: на далонях (запясцях), ступнях і ў баку. Аднак часам выяўляліся і на іншых частках цела (сляды цярновага вянка на ілбе, след ад крыжа на плячы і інш.). Раны маглі сыходзіць крывёй пастаянна ці перыядычна, у пэўны час (напрыклад, гадзіна смерці Божага Сына, пятніца як дзень укрыжавання, перыяд Вялікага посту). Праз стыгматы святыя злучаліся з болем Хрыста і ахвяравалі свае цярпенні на алтар збаўлення чалавецтва.
Лічыцца, што ўпершыню сляды святых ран з’явіліся ў св. Францішка з Асізі. “Здавалася, што і рукі яго, і ступні ў самой сярэдзіне былі наскрозь працяты цвікамі. Так, што след ад шляпкі цвіка паказаўся на ўнутраным баку рук і на вонкавым баку ступняў, а лязо нібы выйшла з адваротнага боку, паколькі след ад шляпкі цвіка быў чорным і круглявым, а ад ляза – выцягнутым і вывернутым, як калі б у гэтым месцы нацягнулася, паднялася і прарвалася плоць, а вакол плоць адступіла і запала. На правым яго баку, нібы прабіты кап’ём, успушыўся барвовы рубец, з якога часта сачылася святая кроў, абрашаючы туніку яго і штаны” (“Вытокі францысканцтва”).
З таго часу налічваецца больш за 300 выпадкаў з’яўлення ў людзей стыгматаў, якія на сёння прызнаны Касцёлам сапраўднымі. Іх мелі, сярод іншых, св. Кацярына Сіенская, св. Ян Божы, св. Марыя Лопэс дэ Рывас, св. Піо з П’етрэльчыны.
Некаторым Хрыстос прыадкрываў падзеі Вялікай пятніцы, даючы магчымасць дакрануцца да Яго святых ран. У іх ліку была і св. Фаустына Кавальская, якая ўсе свае цярпенні ахвяравала дзеля выратавання свету. “Сёння ў час Мукі я ўбачыла спакутаванага Езуса, укаранаванага цернем, з трасцінай у руцэ. Езус маўчаў, а салдаты спяшаліся навыперадкі, каб мучыць Яго. Езус нічога не казаў, толькі паглядзеў на мяне. І ў гэтым позірку я адчула такія сташныя пакуты, што мы нават паняцця не маем, што вытрымаў Езус за нас перад укрыжаваннем…” (Дз. 948).