Багацце форм У канцы XVIII – першай палове ХІХ стагоддзя найбольш распаўсюджанай формай надмагілляў былі абеліскі, камяні ці каменныя пліты, а таксама калоны, урны. Да 50-60-х гадоў ХІХ стагоддзя належаць надмагіллі-скульптуры. Пачынаючы з другой паловы ХІХ стагоддзя, на могілках узводзяцца невялікія абеліскі, помнікі ў форме стылізаванага дрэва са зрэзанымі галінамі.
Галоўным матэрыялам быў граніт, лабрадарыт, пясчанік, мармур, бетон і цэгла. У 30-х гадах ХІХ стагоддзя на могілках з’яўляюцца чыгунныя помнікі. Сярод форм адлівак пераважаюць крыжы, упрыгожаныя раслінным арнаментам, калоны, усечаныя піраміды, пліты і надмагіллі ў форме труны ці стылізаванага дрэва. Найбольш старыя каваныя распяцці датуюцца 20-30-мі гадамі ХІХ стагоддзя. На змену вырабам народнага кавальства ў другой палове ХІХ стагоддзя прыходзіць прадукцыя механічнай вытворчасці з яе эклектычнасцю мастацкіх форм. Да пачатку ХХ стагоддзя адносяцца агароджы ў стылі мадэрн.
Вобразы-алегорыі Помнікі на могілках багата аздоблены сімвалічнымі выявамі. Прывядзём некаторыя з іх: анёл (сімвал смутку па памерлым), арханёл з трубою і гадзіннікам-клепсідрай (абвяшчае пра надыход Апошняга Суда, калі ўваскрэснуць памерлыя; клепсідра – сімвал часу, які спыніцца ў гэты момант), бессмяротнік (паколькі кветка не вяне, то заўсёды лічылася, што яна злучае свет жывых і памерлых), матыль (яго грэчаская назва “псіхэ” паказвае, што матыль, таксама як і птушка, з’яўляецца “жывёлай душы”, яе сімвалам), якар (знак “ціхай затокі”, якую даў людзям сваім адкупленнем Езус), паходня (перавернутая, яна сімвалізуе жыццё, якое заканчваецца, гасне), дубовы вянок (эмблема Хрыста як сілы, якая праяўляецца ў бядзе, цвёрдасці ў веры і дабрачыннасці).
Асаблівай увагі на могілках заслугоўвае часткова разбураная архітэктурна-скульптурная кампазіцыя “маяк памерлых”, якая ў даўнія часы мела шырокае распаўсюджанне ў Францыі і Германіі. У верхняй частцы маяка прадугледжана месца для крыніцы агню.
Знакамітыя прозвішчы Найбольш старажытнае пахаванне – надмагілле Уршулі Вянгерскай (памерла ў 1799 годзе). Тут таксама пахаваны прадстаўнікі розных прафесійных і сацыяльных груп насельнітва Гродна канца XVIII – першай паловы XX стагоддзя. Шматлікія з іх зрабілі вялікі ўклад у польскую і беларускую культуру і гісторыю.
На могілках сярод іншых пахаваны кс. Францішак Грынкевіч – каталіцкі святар, кіраўнік гродзенскага гуртка беларускай моладзі; Баляслаў Шышкевіч – выдатны скульптар, філосаф у скульптуры, які трымаў у Гродне майстэрню па вырабе надмагілляў; Аляксандр Тальгейм – гродзенскі ўрач, грамадскі дзеяч, старшыня таварыства аматараў мастацтва “Муза”; Эдвард Лістоўскі – палітычны дзеяч, першы мэр Гродна ў міжваенны час; Эліза Ажэшка – пісьменніца, грамадская дзеячка; Вільгельміна Зындрам-Касцялкоўская – пісьменніца.
Побач з капліцай знаходзіцца квартал, дзе пахавана каталіцкае духавенства (напрыклад, францысканец Мельхіёр Фордан, а таксама манахіні брыгіткі і назарэтанкі, у тым ліку мастачка Паўла Гажыч). Тут таксама пахаваны вядомыя чыноўнікі, дактары, фармацэўты, масоны, архітэктары, кавалі, генералы.
Па ўзоры
могілак-запаведнікаў Старыя гродзенскія могілкі фармальна закрыты для пахаванняў з 1973 года, але сёння тут адбываюцца падзахаванні сваякоў. Стан шматлікіх надмагілляў нездавальняючы (знішчаны дэкаратыўныя элементы, зламаны фрагменты кампазіцыі і г. д.). Аднак, нягледзячы на дадзеныя акалічнасці, асноўная планіроўка і мастацкае ўражанне ад цэласнага мастацкага ансамбля не страчана.
Усе вышэй пералічаныя вартасці, а таксама пагроза іх страты патрабуюць тэрміновага ўнясення могілак у спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Думаецца, што найлепш стварыць на тэрыторыі асобную ўстанову культуры з уласнай дырэкцыяй (па ўзоры гістарычных могілак-запаведнікаў Літвы, Польшчы, Украіны). Такая адміністрацыя павінна пачаць працэс аднаўлення помнікаў і работу па папулярызацыі могілак як аб’екта наведвання.