На музычнай хвалі веры

З жыцця Касцёла

Вера нараджаецца са слухання (параўн. Рым 10, 17), – гаворыць святы Павел. Таму вельмі важна слухаць тое, што абуджае і корміць веру. Наш далёка не маўклівы свет няспынна напаўняе жыццё вялікай колькасцю гукаў: ад ракатання аўтамабіляў да мармытання на хвалі радыёстанцыі. Што нясуць гэтыя гукі? Неспакой? Напружанне? Запаўненне пустаты, якая абуджаецца ў цішыні? Калі нельга пазбегнуць гэтага дысананснага выкліку, то ці не варта яго замяніць на сэнсоўны меладычны змест? Альтэрнатывай пустазвону можа быць музычная хваля веры.
Прапануем Вашай увазе праект “РЫБЫ”. Каля 20-ці таленавітых маладых людзей у яго складзе ствараюць музыку, якая нясе любоў і дабро. Прыемна, што да гэтай справы маюць дачыненне і некалькі нашых землякоў: Наталля Каспяровіч з Бярозаўкі, Павел Якуць з Ліды, Паўліна Жых са Смаргоні і Ала Яновіч з Гальшанаў. У інтэрв’ю для газеты “Слова Жыцця” ўдзельнікі праекта распавядаюць пра сваю веру, творчасць і натхненне.

   “РЫБЫ”. Як нарадзілася ідэя праекта і чаму такая назва?
    Наталька: Ідэя, спадзяёмся, належыць Богу. А ў чалавечае сэрца яна трапіла праз Ядзю Багдановіч. Памятаю, як мы размаўлялі з ёй, стоячы ў калідоры падчас летняй сесіі рэкалекцый “Школы хрысціянская жыцця і евангелізацыі”. Ядзя дзялілася сваімі перажываннямі наконт таго, што на беларускай зямлі так шмат таленавітых выканаўцаў, а музыкі аніякай паслухаць няма. “Трэба падымаць моладзь!”.
    Алена: У жніўні 2012 года да мяне патэлефанавала дзяўчына і прапанавала сустрэцца. Сказала так: “Ёсць натхненне. Давай рабіць!”. Я згадзілася. Мы знайшлі музыкантаў. На працягу паўтара гадоў збіраліся і рэпеціравалі. Ніхто асабліва пра нас не ведаў. Мы расказалі пра сябе ў студзені 2014 года падчас прэзентацыі першага альбома.
   Віталік: Што датычыцца назвы, то гэта асобная гісторыя. Я ствараў суполку ў сацыяльнай сетцы, каб дзяліцца там запісамі, агаворваць час рэпетыцый і да т. п. Назву напісаў першую, што прыйшла ў галаву – “Грыбы”. Не спадабалася. Скараціў да “Рыбы”. Так і пакінуў. Спачатку ўсе неяк раўнадушна аднесліся да назвы, а праз некаторы час прызналі, што яна геніяльная.
    Наталька: Веру, што гэтая назва памазаная. Мы злоўленыя. Плывём на глыбіню.
   
   Ваш праект музычнаевангелізацыйны. Што гэта значыць?
    Паўліна: Усё проста: мы евангелізуем праз музыку, расказваем людзям пра Бога ў спевах.
    Алена: Музыка – універсальная мова. Можна не размаўляць па-англійску, па-іспанску, па-італьянску, але здолець прамовіць да сэрца чалавека: музыка зразумелая кожнаму. Таму мы распавядаем пра Бога на ўніверсальнай мове. Дакладней, спадзяёмся, што гэта Ён прамаўляе праз музыку і нашае служэнне.
    Наталька: Праз музыку мы абвяшчаем Імя Пана і ўсё, што Ён робіць.
    Асабіста для мяне “РЫБЫ” – гэта выключны шанс сведчыць аб Жывым Богу праз тое, што я ўмею і люблю.
    Марыся: А для мяне гэта яшчэ і адзін са спосабаў супрацоўніцтва з Панам. Праз праект Бог моцна ўздзей- нічае на нас: усё больш і больш прыцягвае да сябе, змяняе нашыя адносіны, вучыць іграць, спяваць, разумець і любіць адзін аднаго.
    “Вера нараджаецца са слухання”, – гаворыцца ў Божым слове. А калі і з чаго нарадзілася Ваша свядомая вера?
    Наталька: Мая асэнсаваная вера нарадзілася ў Эўхарыстычным руху моладзі, да якога належала большасць падлеткаў маёй роднай парафіі ў Бярозаўцы. Мне было 13 гадоў. Дзякуючы рэкалекцыям і прыкладу жывой веры манаскіх сясцёр, адкрытых на дзеянне Духа Святога, я сустрэла Жывога Бога. Памятаю гэтае “нараджэнне”... Гадзіны з Божым словам, моманты голаду па малітве, захапленне літургіяй... Я нават часам прашу Усявышняга, каб Ён вярнуў мне тое прагненне. Але Пан ніколі не прыходзіць аднолькава. Ён дзейнічае так, як гэтага патрабуе сэрца менавіта цяпер.
    Марыся: Я з самага дзяцінства хадзіла ў касцёл і лічу, што Першую святую Камунію прымала свядома. Але моцнае перакананне, што Бог жывы, што Ён вельмі блізка, адчуванне адносін з Панам і праца над імі распачаліся ў 19 гадоў, калі я трапіла ў “Школу хрысціянскага жыцця і евангелізацыі”. Там перавярнулася маё ўяўленне пра Бога, веру і пра ўсё навакол.
    Віталік: Мая вера заснавана на канкрэтных фактах, на тым, што Пан здзяйсняе ў маім жыцці. Хрысціянская свядомасць з’явілася дзесьці ў 18 гадоў. З таго часу я стаў заўважаць, як Бог будуе асаблівыя ўзаемадносіны са мной, якія Ён рыхтаваў з самага майго нараджэння. І да гэтай пары мы спрабуем іх падтрымліваць.
    Паўліна: Думаю, што мая свядомая вера развілася менавіта ў праекце. Бог так дакладна ўсё падабраў: я шукала Яго, мне хацелася рэалізаваць сябе ў музыцы. І якраз у гэты час прыйшла прапанова запісаць альбом з “РЫБАМІ”. Ці ж не цуд? Адсюль і пайшло маё фарміраванне свядомага хрысціяніна: з уласнай згодай, жаданнем і палымяным сэрцам.
    Алена: А мая – тады, калі я пачала задаваць сабе пытанні. Што я раблю? Навошта? Дзеля каго ці чаго? Я пачала думаць і шукаць. І ўсвядоміла, што проста спаўняць абрады – гэта яшчэ не вера.
    Паша: Я нарадзіўся ў хрысціянскай сям’і. Таму аб тым, Хто ёсць Бог, пачуў ад бацькоў. Пасля ўзнікла жаданне пазнаваць Пана глыбей і развіваць адносіны з Ім. Хрысціянская свядомасць нарадзілася дзякуючы людзям, якіх я сустракаў на сваім жыццёвым шляху. Менавіта праз іх я і з’явіўся ў праекце.      
   
  
 Чым кожны з Вас займаецца ў паўсядзённасці?
    Алена: Сярод нас ёсць і ўрач, і інжынер, і праграміст, і прафесійныя музыканты, настаўнікі, студэнты. Гэта таленавітыя маладыя беларусы, якія прагнуць развіваць свае здольнасці і служыць праз гэта Богу. Важна падкрэсліць, што многія з нас праходзяць ці ўжо прайшлі духоўную фармацыю “Школы хрысціянскага жыцця і евангелізацыі”.
    Віталік: У паўсядзённым жыцці я муж самай цудоўнай дзяўчыны на зямлі і бацька пакуль што аднаго сына. Працую і развіваюся ў сферы дызайна інтэр’ераў, візуалізацыі, 3D-мадэлявання. Вяду вобраз жыцця “жывога” хрысціяніна. Пры любым зручным і нязручным выпадку абвяшчаю любоў і збаўленне, да якога заклікае Бог.
    Паўліна: Па прафесіі я рэжысёр. Ствараю святы і рознага тыпу мерапрыемствы. Скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Жаданне надалей развіваць майстэрства ігры на інструменце, лічу, падпітвалі мае бацькі, таксама музыканты.
    Юра: А я вучуся на менеджэра з ухілам на абарону прыроды. Сам не разумею, што за гэтым крыецца, таму вырашыў служыць Богу праз сваю даўнюю любоў да музыкі.
   
  
 У якіх рэлігійных мерапрыемствах Вы прымаеце ўдзел?
    Алена: Першым нашым выступленнем быў дабрачынны канцэрт у Віцебску, дзе мы ігралі разам з “Harlem Gospel Chor”. Гэта быў старт, які будзем памятаць усё жыццё. Асабіста мне ўрэзалася ў памяць нашае служэнне у Навагрудку, дзе праводзілі адарацыю падчас успаміну пакутніцкай смерці бласлаўлёных сясцёр назарэтанак, а таксама св. Імша для пілігрымаў у Будславе падчас урачыстасцей 2015 года. “Рыбкі” не толькі займаюцца музычнай часткай мерапрыемстваў, але і з’яўляюцца аніматарамі на разнастайных сустрэчах, дзеляцца сваім духоўным вопытам.
    Наталька: Ужо на працягу чатырох гадоў мы стала служым у “Школе хрысціянскага жыцця і евангелізацыі” ў Оршы, на “Вінаградніку”. Стаў традыцыйным удзел у Дыяцэзіяльных днях моладзі ў Беларусі. Наведваем вязніцы ў Оршы, Віцебску, Магілёве. Часам арганізоўваем “свае” мерапрыемствы: напрыклад, “Біблія-паці”, якая адбылася ў маі гэтага года ў Шарашове, роднай парафіі нашага барабаншчыка і бас-гітарыста.
    Паўліна: Акрамя гэтага, удзельнічаем у “Музычнай майстэрні” ў Івянцы, пілігрымках і інш.
    Паша: Кожны месяц мы куды-небудзь адпраўляемся разам. Бывае, што і па некалькі разоў. Аб’ездзілі амаль усю Беларусь. Толькі на Гомельшчыне, здаецца, яшчэ не былі.
    Віталік: Як удзельнік “РЫБ” магу сказаць, што наш праект – гэта вялікі рухавік для свядомай і жывой веры. “РЫБЫ” выпусцілі ўжо другі па ліку музычны альбом, з чым сардэчна віншуем. Што ён значыць для кожнага з Вас?
    Наталька: Што Бог жывы і міласэрны.
    Юра: А яшчэ, што мы маем дачыненне да захапляючага дзеяння Святога Духа ў Беларусі.
    Паўліна: Для мяне альбом “Любі” – гэта плён моцнага “рыбнага” сяброўства, нашых духоўных адносін з Богам, разумення музыкі і любові.
    Алена: А для мяне ён як дзіця!
    Марыся: Гэты альбом з’яўляецца для мяне сапраўдным цудам, бо я да апошняга моманту сумнявалася, што змагу штосьці сыграць. Але, дзякуючы Богу і “рыбкам”, усё ўдалося.
    Віталік: Я шчаслівы, што Пан паклікаў мяне для рэалізацыі гэтага праекта.
   
    Які духоўны пасыл Вы ўклалі ў новы альбом?
    Наталька: Гэта ж Бог робіць пасыл, а мы проста запісалі песні. Паслухайце!
    Віталік: Няцяжка здагадацца, што галоўным матывам з’яўляецца простае “любі”, якое пачынаецца са свядомага жадання рабіць дабро бліжнім. Асабіста я ўсё больш пераконваюся ў тым, што любіць – значыць цалкам аддаваць сябе камусьці, ахвяраваць сваё жыццё для іншага чалавека. Сакрэт шчасця хаваецца ў здольнасці бескарысліва дзяліцца самым дарагім з бліжнім, што немажліва без Божай міласці.
    Марыся: Адзінае, чаго ад нас хоча Пан, гэта тое, каб мы ўмелі па-сапраўднаму любіць (што на самой справе вельмі нялёгка). Больш нічога ў гэтым свеце і не патрэбна. Любоў – гэта вялікі дар ад Усявышняга. Прымаючы яго, мы аздараўляем нашыя сэрцы.
    Паўліна: Трэба жыць у любові, адорваць ёю іншых і прымаць узамен. І тады, вось паглядзіце, усё будзе проста выдатна! Бо любоў – гэта Бог!
    Алена: Падчас працы над альбомам асабіста я глыбей усвядоміла Божую любоў як у дачыненні да іншых, так і да самой сябе. А яшчэ зразумела, што для Пана важны кожны з нас, і любіць Ён нягледзячы ні на што.
   
    Дзе і як можна пазнаёміцца з Вашай музычна-евангелізацыйнай дзейнасцю?
    Алена: Мы прысутнічаем у сацыяльных сетках: vk.com/rybyby, facebook.com/rybyproject, instagram.com/rybybelarus. Ёсць таксама відэаканал у YouTube. Усе відэа, фота і аўдыёзапісы гурта можна знайсці па хэштэгу #rybyproject. У сеціве змешчана інфармацыя, дзе можна набыць наш альбом. Дарэчы, у Гродне гэта дыяцэзіяльная крама пры курыі. Бліжэйшыя канцэрты “РЫБ” адбудуцца 18 верасня ў мінскай парафіі Лошыца, а таксама 1–2 кастрычніка ў Дараве (Баранавіцкі раён). Да сустрэчы!

Вера без учынкаў мёртвая (параўн. Як 2, 26). Уменні і таленты, якімі адарыў нас Бог, накіраваны на тое, каб праслаўляць Яго і праз гэта дайсці да збаўлення. Чалавек можа дзяліцца з бліжнімі тым, чым напаўняе сябе. Таму, каб усё навокал стала Божым, мы самі павінны напоўніцца Богам. Толькі так можна стаць рэзаніруючай хваляй веры. Толькі Евангелле нашага жыцця з’яўляецца першым і галоўным выклікам і перакананнем для гэтага свету.