“Пакліканыя быць прыладамі Божай міласэрнасці”

З жыцця Касцёла

Удзельнікаў сустрэчы чакала насычаная праграма

Пад такім дэвізам 7–9 мая ў парафіі Маці Божай Тройчы Цудоўнай у Мастах прайшлі ХХІІІ Дыяцэзіяльныя дні моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. У гэтым годзе ў мерапрыемстве прынялі ўдзел каля 1300 маладых людзей.
Трохдзённую сустрэчу адкрыла супольная вячэрняя адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту, пасля якой маладыя вернікі прынялі ўдзел у св. Імшы. “Езус сабраў вас тут, каб вы маглі ўзмацніцца ў веры і адчуць сябе адной сям’ёй. Хрыстос прагне, каб вы даверылі Яму сваю маладосць і праз гэта мелі цудоўную ідэю для сваёй будучыні, для свайго жыцця”, – заўважыў падчас гаміліі арганізатар ДДМ кс. Антоній Грэмза.
   Напрыканцы першага дня маладыя людзі праслухалі канферэнцыю, прысвечаную Юбілейнаму году, і прынялі ўдзел у канцэрце праслаўлення гурта “Open”. На тэму міласэрнасці з моладдзю разважаў прэфект гродзенскай ВДС кс. Андрэй Лішко. Ён адзначыў, што галоўным адрозненнем хрысціянскай рэлігіі з’яўляецца тое, што Бог першым робіць крок насустрач чалавеку. Святар падкрэсліў, што аснова хрысціянства – гэта “Божая міласэрнасць, бесперапынны выхад Бога да чалавека”. Заклікаў ніколі не саромецца і не баяцца прыходзіць да Бога са сваімі праблемамі і турботамі. Няважна, наколькі дробязнымі ці значнымі яны могуць падавацца на першы погляд.
Кожная з груп разважала над пэўнымі ўчынкамі міласэрнасціУ першай палове другога дня была праведзена катэхеза. У гэтым годзе моладзь разважала над учынкамі міласэрнасці для душы і цела. На заканчэнне духоўных практыкаванняў кожны з удзельнікаў выбраў учынак міласэрнасці, які паабяцаў выконваць на працягу года.
   Вельмі насычана прай-шла другая палова дня. Адбыліся прэзентацыі парафіяльных груп, падчас якіх можна было пачуць харавы спеў, рэмейкі папулярных песень, паназіраць за запальнымі танцамі вернікаў з Нігерыі, убачыць рознага зместу сцэнкі і прыняць удзел у віктарыне. Пасля супольнай адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту з канцэртам праслаўлення выступіў гурт “AVE”. Сюрпрызам для сабраных стаў выступ Веранікі Казлоўскай з Гродна, чэмпіёнкі Беларусі і Еўропы ў oriental dance. З дапамогай танца дзяўчына наблізіла прысутным гісторыю жыцця і навяртання Марыі Магдалены. На другі дзень Дыяцэзіяльных дзён моладзі вернікаў наведаў сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі мансеньёр Марынка Анталовіч. Прадстаўнік папы Францішка ўзначаліў св. Імшу. Падчас гаміліі мансеньёр адзначыў, што характэрнай рысай маладых людзей з’яўляецца пэўная непаслухмянасць, нават бунтарскі дух, “які можна выкарыстоўваць з вялікай карысцю”. “Часта вы, моладзь, дзейнічаеце наперакор таму, што вам гавораць. Забароны нібы падштурхоўваюць вас. Сёння Касцёлу, які часта пераследуецца, які не разумеюць або намагаюцца прыгнесці, патрэбны такія людзі, якія будуць ганарыцца сваёй верай і жыць ёю наперакор усяму”, – заўважыў ён.
Мансеньёр заахвоціў успрымаць цяжкасці як нагоду для вызнання веры   Напрыканцы набажэнства кс. Антоній Грэмза падзякаваў папскаму прадстаўніку за тое, што сваё першае наведванне Гродзенскай дыяцэзіі ён пачаў менавіта з дзён моладзі. Ад імя ўсіх удзельнікаў арганізатар ДДМ падарыў мансеньёру цішотку і значок з лагатыпам 23-й сустрэчы маладых вернікаў дыяцэзіі.
   У апошні дзень сустрэчы моладзь наведаў кс. бп Аляксандр Кашкевіч. Падчас св. Імшы ардынарый заклікаў маладых людзей кіравацца дэвізам сёлетняй сустрэчы і весці людзей да Хрыста, нанова адкрываючы ўчынкі міласэрнасці для душы і цела. Біскуп заахвоціў моладзь мець адвагу трываць у міласці, нягледзячы на пасткі сучаснасці, і з яе дапамогай змяніць гэты свет. Цытуючы словы папы Францішка, ардынарый падкрэсліў, што міласэрнасць не з’яўляецца паблажлівасцю або спачуваннем, але праўдзівасцю паставы.
   На завяршэнне сустрэчы прысутныя на чале з арганізатарам ДДМ кс. Антоніем Грэмзам падзякавалі ксяндзу пробашчу парафіі ў Мастах Віктару Ханько і мастаўчанам за годны прыём. Скончыліся сёлетнія Дні моладзі канцэртам праслаўлення гурта “Рыбы”.
  
Даведка
   Дыяцэзіяльныя дні моладзі ў Гродзенскай дыяцэзіі ўзялі свой пачатак 23 гады таму, калі біскуп Аляксандр Кашкевіч вырашыў па прыкладзе Святога Айца Яна Паўла ІІ прысвяціць асаблівую ўвагу выхаванню маладых вернікаў. Першы з’езд адбыўся ў маі 1993 года. З таго часу каталіцкая моладзь з усёй дыяцэзіі штогод збіраецца на сумесную сустрэчу і малітву. Месцамі правядзення з’ездаў з’яўляюцца цэнтры дэканатаў, якія звычайна супадаюць з раённымі цэнтрамі вобласці. Моладзевыя сустрэчы ўжо прайшлі ў Смаргоні, Іўі, Лідзе, Ваўкавыску, Сапоцкіне, Гродне, Воранаве, Шчучыне, Мастах. На спатканні прыбываюць каля тысячы маладых вернікаў. Кожная сустрэча звязана з канкрэтнай тэмай, якая адносіцца да жыцця Паўсюднага і лакальнага Касцёла. На працягу апошніх гадоў арганізатарам Дыяцэзіяльных дзён моладзі з’яўляецца кс. Антоній Грэмза, каардынатар па справах моладзі Гродзенскай дыяцэзіі. Арганізатарам моладзевага з’езда на месцы з’яўляецца пробашч мясцовай парафіі або дзекан. Сустрэчы звычайна праводзяцца ў маі. Падрыхтоўка да мерапрыемства трывае паўгады.
   Дні моладзі аб’ядноўваюць у сабе шчырую малітву, цікавае навучанне, вясёлыя забавы і новыя знаёмствы. Штодня існуе магчымасць удзелу ў святой Імшы і маёвым набажэнстве, малітве, канферэнцыях. Адказы на пытанні можна знайсці ў свайго роду “катэхезе ў катэхезах” – форме навучання, дзе моладзь дзеліцца на групы і разважае над пэўнай праблемай. На з’ездзе можна ўбачыць тэатральныя пастаноўкі, як падрыхтаваныя, так і спантанныя, выступленні дыяцэзіяльных музычных гуртоў. З моладдзю, як правіла, сустракаецца біскуп і іншыя цікавыя госці.
   Галоўная мэта Дыяцэзіяльных дзён моладзі – духоўная інтэграцыя маладых людзей.