VI Дыяцэзіяльныя Дні Дзіцяці Гродзенскай дыяцэзіі

З жыцця Касцёла

1 чэрвеня ў Гродне адбудзецца VI Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці. Хлопчыкам і дзяўчынкам распавядуць пра ўчынкі міласэрнасці адносна душы і цела, заахвоцяць рабіць дабро і быць міласэрнымі, як Бог Айцец. Таксама дзеці запрошаны разам з біскупамі адсвяткаваць юбілей 25-годдзя дыяцэзіі.
    Арганізатары ўжо сёння абяцаюць цэлы набор цікавых пунктаў праграмы: найперш малітву, Эўхарыстыю, якую ўзначаліць біскуп, мноства забаў, музыкі, гульняў, конкурсаў, тэатральную інсцэніроўку. Конкурс малюнкаў, маляванне на тварах, лепка з гліны, пластыліну, батуты, забавы для самых маленькіх – толькі невялікая частка таго, што плануецца на сустрэчы для дзяцей.
На ўжо традыцыйны Дзень дзіцяці запрашаюцца першакамунійныя дзеці. “Няхай гэтая сустрэча будзе падзякай за дар Эўхарыстыі. Падзяліцеся сваёй радасцю з іншымі!” – заклікаюць арганізатары. На Дзень дзіцяці запрашаецца і літургічная служба алтара – міністранты.
    “Дарагія дзеці разам з катэхетамі і бацькамі! Мы разлічваем на Вашу прысутнасць. З радасцю прыміце запрашэнне! Патэлефануйце і падайце заяўку аб удзеле, выступленні. Заахвочваем таксама да супрацоўніцтва ў арганізацыі гэтай цудоўнай справы. Ага! У нас ёсць яшчэ адна просьба. Памаліцеся аб добрым надвор’і, каб Бог падарыў нам прыгожае сонейка”, – заахвочваюць арганізатары.


   

Праграма:
    9.00 – абвяшчэнне груп, сняданак;
    10.30 – урачыстае адкрыццё VI Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці;
    11.00 – падрыхтоўка да святой Імшы;
    11.15 – урачыстая святая Імша;
    12.15 – пачатак забаўляльнай праграмы;
    18.00 – падсумаванне VI Дыяцэзіяльнага дня дзіцяці, заканчэнне свята і ад’езд.
    Больш падрабязная праграма будзе пададзена бліжэй да дня правядзення.


    Агульная інфармацыя:
    • VI Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці адбудзецца пры парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне (мікрараён Паўднёвы, вул. Цэнтральная, 26);
    • для ўсіх удзельнікаў гарантавана харчаванне на працягу ўсяго дня.
   
    Умовы ўдзелу:
    • колькасць удзельнікаў не абмежавана, да ўдзелу запрашаюцца ўсе дзеці Гродзенскай дыяцэзіі;
    • узрост удзельнікаў да 14 гадоў;
    • удзел бясплатны;
    • павінен быць адзін апякун на 10 дзяцей;
    • з сабой мець кубак і коўдру або карымат.
   
    Аб удзеле трэба паведаміць да 26 мая кс. Юрыю Марціновічу – арганізатару і адказнаму за Дыяцэзіяльны дзень дзіцяці:
    e-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript , (8-044) 460-61-40, (8-029) 784-05-72.