Адкрыць сябе нанова праз Хрыста

З жыцця Касцёла

Вера ў Бога нас акрыляе, умацоўвае і дадае бадзёрасці

Традыцыйныя велікапосныя рэкалекцыі для Душпастарства студэнцкай і працуючай моладзі “OPEN” адбыліся ў рэктаральным касцёле Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне. Цягам трох дзён моладзь прысвячала свой час Богу і разважала над сваёй верай, адносінамі з Хрыстом і сваімі бліжнімі.
Штогод рэкалекцыі для моладзі збіраюць вялікую колькасць удзельнікаў з розных парафій г. Гродна. Не стала выключэннем і сёлетняя сустрэча: маладыя вернікі прымалі актыўны ўдзел у духоўных практыкаваннях разам з рэкалекцыяністам кс. Паўлам Рудзьманам, душпастарам моладзі Пінскай дыяцэзіі.
    Час рэкалекцый быў вельмі насычаным: моладзь прымала ўдзел у св. Імшах, набажэнстве Крыжовага шляху, адаравала Найсвяцейшы Сакрамант, а таксама мела магчымасць паяднацца з Богам праз сакрамант пакаяння. Шмат часу было адведзена на размовы з рэкалекцыяністам і разважанні, якія дапамаглі маладым людзям паглядзець на штодзённае жыццё і веру з іншага ракурсу.
    Звяртаючыся да маладых хлопцаў і дзяўчат падчас рэкалекцыйных канферэнцый, кс. Павел шмат увагі прысвяціў тэме шляху да Бога. Ён падкрэсліў, што веруючы чалавек не павінен жыць на нейкім адзінокім востраве, а павінен памятаць пра тое, што яго атачаюць людзі. Таму неабходна сваім жыццём і адпаведнай паставай сведчыць, што толькі паставіўшы Бога на першае месца, можна атрымаць усё, у чым маем патрэбу. Рэкалекцыяніст таксама патлумачыў, чым адрозніваецца сапраўднае хрысціянства ад павярхоўнага. Калі мы акружаем сябе рознымі атрыбутамі – нацельным крыжыкам, малітоўнымі кнігамі, ружанцам, – а на самой справе застаёмся пустымі духоўна, то тады нашыя знешнія праявы веры губляюць усякі сэнс. Мы становімся падобнымі на мабільны тэлефон, які дорага каштуе, прыцягвае ўвагу іншых людзей, але карысці з яго няма, калі зарадка амаль на нулі.
Напрацягу трох дзён кс. Павел сеяў Божае слова на глебу маладых сэрцаў, прыводзіў прыклады з уласнага жыцця, дзяліўся асабістым сведчаннем веры. Рэкалекцыяніст “заваяваў” аўдыторыю сваім разважаннем на тэму таго, як можна высока ўзняцца ў сваім хрысціянстве. Дзеля гэтага ён правёў паралель паміж сапраўдным хрысціянінам і арлом – птушкай, якая неаднаразова ўзгадваецца ў Бібліі і з’яўляецца сімвалам свабоды.
   
- Арлы – манагамныя птушкі. Яны выбіраюць сабе пару адзін раз і на ўсё жыццё. Сімвал жыцця сапраўднага хрысціяніна – гэта таксама манагамія, саюз, сям’я.
    - Арол ніколі не адпусціць сваю здабычу. Так і ў Евангеллі паводле св. Яна гаворыцца: “Айцец Мой, які даў Мне іх, большы за ўсіх. І ніхто не можа вырваць іх з рукі Айца”.
    - Арол – гэта птушка, якая лётае вышэй за астатніх. Што дазваляе ёй так добра трымацца ў паветры? Арол мае крылы, у кожным з якіх па 9 напраўляючых пер’яў. Яны дазваляюць парыць у паветры. А кіраваць палётам дазваляе хвост, дзе 5 напраўляючых пер’яў. Усё тое ж самае мае і Касцёл. Першае крыло – гэта дары св. Духа: “Аднаму даецца Духам слова мудрасці, другому – слова пазнання паводле таго самага Духа; іншаму – вера ў тым самым Духу; іншаму – дар аздараўлення ўсё ў тым жа Духу; іншаму– цудатворства, іншаму – прароцтва, іншаму – распазнаванне духаў, іншаму– розныя мовы, іншаму – тлумачэнне моў” (1 Кар 12, 4–11). Другое крыло – плады Святога Духа: “А плён Духа – гэта любоў, радасць, спакой, доўгацярплівасць, лагоднасць, дабрыня, вернасць, далікатнасць, стрыманасць. Супраць такіх няма Закону” (Гал 5, 22–23). І сапраўдны хрысціянін павінен прытрымлівацца балансу, які даў Бог. А хвост – гэта тыя пакліканні, якія перад намі стаяць: “І Ён паставіў адных апосталамі, другіх прарокамі, іншых евангелістамі, іншых пастырамі і настаўнікамі дзеля выхавання святых для справы служэння, для будавання Хрыстовага Цела, пакуль усе мы прыйдзём да еднасці веры і пазнання Сына Божага, да чалавека дасканалага, да меры сталасці паводле Хрыстовай паўнаты” (Эф 4, 11–13).
    - Арол валодае надзвычай добрым зрокам і бачыць на 360 градусаў вакол сябе. Хрысціянін таксама павінен мець такія вочы, але не толькі для таго, каб глядзець, але яшчэ каб бачыць, бо гэта зусім розныя рэчы.
    - Арол будуе сваё гняздо высока ў гарах, і адзіны, хто можа туды прабрацца, – гэта змяя. Гняздо можна параўнаць з Касцёлам, а змяю – з д’яблам, які прагне знішчыць яго.
    - Малыя арляняты п’юць кроў сваіх бацькоў і ядуць іх плоць. Так чыняць і хрысціяне падчас кожнай Эўхарыстыі.
    - Калі дарослыя арлы вучаць сваіх птушанят лётаць, яны проста выштурхоўваюць іх з гнязда. І малым нічога не застаецца, як навучыцца распрас-тоўваць крылы, гледзячы на сваіх бацькоў. Калі з першага разу не атрымліваецца, бацька-арол кідаецца ўніз і падхоплівае дзіця, узмывае разам з ім у вышыню, а пасля ізноў выштурхоўвае з гнязда. Так паўтараецца да таго моманту, пакуль малое не навучыцца лётаць. Так жа і чалавеку Бог дае крылы: дары і плады Святога Духа. Каб высока ўзляцець, імі трэба навучыцца карыстацца.
    На заканчэнне рэкалекцый кс. Павел пажадаў усім удзельнікам стаць сапраўднымі арламі, не арлянятамі, высока лунаць і атрымліваць асалоду ад духоўнага палёту.

Алена Харольская    Калі кс. Антоній запрашаў нас на рэкалекцыі, то ўсё, што мы ведалі пра кс. Паўла, гэта тое, што ён “хуліган Хрыста”. Зыходзячы з такой цікавай характарыстыкі, нельга было не пайсці на рэкалецыі, хоць бы па прычыне цікаўнасці. У выніку духоўныя практыкаванні сапраўды аказаліся вельмі файнымі, бо прымусілі задумацца над уласным жыццём, паразважаць аб сваёй веры і ўзаемаадносінах з Богам. Кожны па-свойму перажыў гэтае “духоўна-баявое” вучэнне, паколькі ўсе мы розныя, і кожны мае свой уласны жыццёвы шлях і досвед.
    Кс. Павел вучыў, што ў веры, справах і пакліканні трэба гарэць і не згараць, як куст, які прыцягнуў увагу Майсея ў пустыні. Больш за тое, трэба дзяліцца сабою з іншымі. Але многія задаюцца пытаннем: “Як мець гэты запал, калі ў жыцці столькі праблем?”. Над гэтым кс. Павел паразважаў падчас канферэнцыі “Нашы любімыя сябры – праблемы”. Часам чалавек настолькі паглыбляецца ў свае праблемы, што не заўважае нічога вакол сябе. І сам робіць іх невырашальнымі. Калі азірнуцца і паглядзець на адну з праблем з мінулага, то можна заўважыць, што зараз мы ўзгадваем яе з усмешкай. Цяжкасці будуць у нашым жыцці заўсёды, але не варта ператвараць іх у бажаство.
    У Пасланні да Карынцянаў гаворыцца: “Вы не былі выпрабаваныя па-над людскія сілы. Бог, які ёсць верным, не дазволіць выпрабоўваць вас больш, чым маеце сілы, але разам з выпрабаваннем дасць і выйсце, каб вы маглі вытрываць” (1 Кар 10, 13). Кс. Павел параўнаў хрысціяніна з арлом і падкрэсліў, што кожны вернік павінен быць як арол, які шырока распраўляе крылы і ўзлятае ў самую высь. І прыгадаў такую гісторыю: “Адзін фермер падабраў маленькае арляня і пасяліў яго на ферме сярод хатніх птушак. Арляня ніяк не магло распазнаць свайго паклікання, бо не было падобнае ні на гусей, ні на індыкоў, ні на курэй. Аднойчы птушаня ўзняло галаву і ўбачыла арла, які лунаў высока ў небе. Арляня зразумела, што гэта і ёсць яго пакліканне, разагналася, каб паспрабаваць узляцець, але певень падставіў яму падножку, і арляня ўпала. Певень рассмяяўся і сказаў арляняці, што ніякі ён не арол, а звычайная курыца”. Праз гэтую гісторыю кс. Павел хацеў данесці да нас, што падобныя сітуацыі маюць месца і ў штодзённым жыцці хрысціяніна. Але насуперак усяму, не трэба слепа верыць у тое, што кажуць іншыя, неабходна давяраць сваё жыццё Богу.
   
Павел СтаніслаўчыкСёлетнія рэкалекцыі – гэта проста незабыўныя тры дні ў атачэнні цудоўных людзей. На самой справе было вельмі шмат “ежы” для роздуму і разважанняў, і зараз, дзякуючы рэкалекцыям, я гляджу на многія рэчы іншымі вачыма.
   
Андрэй ЛябецкіЯшчэ ніводных рэкалекцый я не чакаў так, як гэтых. Ведаючы, што іх будзе праводзіць кс. Павел Рудзьман, я з кожным днём адчуваў усё большае жаданне прыняць у іх удзел. Але паколькі я быў знаёмы са стылем зносін кс. Паўла, то крыху перажываў, што моладзь гродзенскіх парафій няправільна ўспрыме яго словы. Таму я шчыра маліўся ў інтэнцыі рэкалекцый. І нягледзячы на мае перажыванні, усё прайшло на хвалу Божую.
    Мне падаецца, што гэтыя рэкалекцыі дапамаглі моладзі паглядзець на праблемы ў сваім жыцці з іншага боку. Яны дапамаглі зразумець, што калі ты абіраеш Езуса за свайго куміра, то ў цябе з’яўляецца толькі адзін напрамак – толькі наперад, толькі “algat”.
   
Алёна СапешкаЦудоўныя рэкалекцыі! Кожнае слова кс. Паўла мела вялікі сэнс і вагу. У першы дзень рэкалекцый мне было цяжка ўявіць, як можна быць маладым і так моцна любіць Бога, што жыццё з Ім будзе здольна акрыляць і напаўняць пазітывам! А на другі і трэці дзень я пераканалася, што недастаткова давяраць Богу маленькія кавалачкі жыцця, трэба давяраць Яму ўсё, любіць і размаўляць з Ім, як з лепшым сябрам. Трэба быць іскрай, распавядаць пра Бога іншым людзям. Яшчэ мне вельмі спадабалася, што падчас рэкалекцый можна было пачуць шмат цытат з Бібліі ў цікавай і даступнай інтэрпрэтацыі. Таксама было шмат прыкладаў з жыцця.