Сінод: аб душпастарстве

З жыцця Касцёла

Да пытанняў, якія абудзілі найбольш дыскусій падчас апошняга Сінода належала праблема душпастарства разведзеных асоб, якія жывуць у новых грамадзянскіх саюзах. Гэтыя пытанні трактуюцца ў параграфах 84–86 канечнага дакумента.
Пытаннем, якое пэўным чынам абцяжарыла працу Сінода, было пытанне аб магчымасці прыняцця святой Камуніі разведзенымі асобамі, якія жывуць у новым саюзе. У канчатковым дакуменце Сінод не ўпамінае аб магчымасці дапушчэння да Камуніі такіх асоб. Выразна падкрэсліваецца неабходнасць лепшага, больш дакладнага вывучэння сітуацыі да-дзеных асоб і актыўнейшага іх удзелу ў жыцці Касцёла.
   
    Тры параграфы прысвечаны менавіта гэтай праблематыцы. Вось яны:
    84. Ахрышчаныя асобы, якія развяліся і зноў заключылі грамадзянскі саюз, павінны больш уключацца ў хрысціянскія супольнасці рознымі магчымымі спосабамі, пазбягаючы ўсякіх нагод для спакусы. Ключом душпастарскага спадарожнічання ім з’яўляецца логіка інтэграцыі, каб яны не толькі ведалі, што належаць да Цела Хрыста, якім з’яўляецца Касцёл, але і маглі радасна і плённа гэта перажываць. Яны ахрышчаны, яны з’яўляюц-ца братамі і сёстрамі, Святы Дух разлівае ў іх дары і харызмы, для дабра ўсіх. Іх удзел можа быць выражаны ў розных касцёльных паслугах, таму трэба распазнаць, якія з розных форм адчужэння, практыкаваных сёння ў літургіі, душпастарстве, адукацыі і ў інстытуцыйнай сферы можна пераадолець. Яны не толькі не павінны адчуваць сябе экскамунікаванымі, яны могуць жыць і развівацца як жывыя члены Касцёла, адчуваючы, што ён з’яўляецца маці, якая заўсёды іх прымае, клапоціцца пра іх з любоўю і падтрымлівае іх у пілігрымцы жыцця і Евангелля. Гэтая інтэграцыя патрэбна таксама па прычыне клопату і хрысціянскага выхавання іх дзяцей, якія павінны быць прызнаны найважнейшымі. Для хрысціянскай супольнасці клопат пра гэтых людзей не з’яўляецца аслабленнем сваёй веры і сведчання аб непарыўнасці сужэнства: наадварот, у гэтым клопаце Касцёл выражае менавіта сваю любоў.

    85. Святы Ян Павел ІІ прапанаваў комплексны крытэрый, які з’яўляецца асновай для ацэнкі такіх сітуацый: “Няхай ведаюць душпастары, што дзеля любові да праўды яны абавязаны грунтоўна даследаваць сітуацыю. Таму што існуе розніца паміж тымі, хто шчыра стараўся захаваць першае сужэнства і быў абсалютна несправядліва пакінуты, і тымі, хто па сваёй вялікай віне знішчыў важнае кананічнае сужэнства. Урэшце рэшт, існуюць тыя, хто заключыў новы саюз з неабходнасці выхавання дзяцей, часта суб’ектыўна ўпэўненыя, што папярэдняе сужэнства, знішчанае беззваротна, ніколі не было важным” (Familiaris consortio, 84). Таму задача святароў – спадарожнічаць зацікаўленым асобам на шляху распазнання, згодна з вучэннем Касцёла і ўказаннямі біскупаў. У гэтым працэсе неабходнай дапамогай будзе рахунак сумлення ў хвіліны задумы і пакаяння. Разведзеныя асобы, якія заключылі новы саюз, павінны задацца пытаннем, як яны сябе паводзілі ў адносінах да сваіх дзяцей, калі сужэнства было ў крызісе; ці былі спробы паяднання; у якой сітуацыі знаходзіцца пакінуты партнёр; якія наступствы маюць новыя адносіны для астатніх членаў сям’і і супольнасці вернікаў; які прыклад гэтыя адносіны падаюць маладым людзям, што рыхтуюцца да сужэнства. Шчыры роздум можа ўзмацніць веру ў Божую міласэрнасць, безадмоўную для кожнага. Больш таго, нельга запярэчыць, што ў некаторых выпадках “свядомасць і адказнасць за дзеянне можа быць зменшана, а нават нівеліравана” (ККК, 1735) з улікам розных абставін. У выніку асуджэнне аб’ектыўнай сітуацыі не павінна прывесці да асуджэння у справе “суб’ектыўнай свядомасці” (Папская Рада па справах юрыдычных тэкстаў, Дэкларацыя 24 чэрвеня 2000 г., 2а). У некаторых выпадках людзі сустракаюць сур’ёзныя цяжкасці, што перашкаджаюць ім дзейнічаць па-іншаму. Таму, трымаючыся агульнай нормы, трэба прызнаць, што адказнасць адносна некаторых дзеянняў або рашэнняў можа адрознівацца ў залежнасці ад выпадку. Пастарскае распазнанне, улічваючы правільна сфарміраванае сумленне асоб, павінна адчуваць адказнасць за гэтыя сітуацыі. Таксама і наступствы здзейсненых учынкаў не павінны быць аднолькавыя ў кожнай сітуацыі.
   
    86. Працэс спадарожнічання і распазнання кіруе гэтых вернікаў да ўсведамлення сваёй сітуацыі перад Богам. Індывідуальная размова са святаром спрыяе ўстанаўленню правільнай ацэнкі таго, што з’яўляецца перашкодай для поўнага ўдзелу ў жыцці Касцёла, а таксама крокаў, якія могуць яму спрыяць і развіваць яго. Беручы пад увагу факт, што ў самім праве няма рознаўзроўневасці (параўн.: Familiaris consortio, 34), гэтае распазнанне ніколі не можа адбыцца без патрабаванняў евангелічнай праўды і прапанаванай Касцёлам любові. Каб так адбывалася, трэба забяспечыць неабходныя ўмовы пакоры, тактоўнасці, любові да Касцёла і яго вучэння ў шчырым пошуку Божай волі і жаданні атрымаць на яе больш дасканалы адказ.