Дзень з жыцця семінарыста

З жыцця Касцёла

Навучэнцы семінарыі атрымліваюць усебаковую фармацыю: духоўную, інтэлектуальную і душпастарскую

Для большасці людзей навучэнцы духоўных семінарый – асобы загадкавыя. Яны носяць строгую форму і вядуць закрытае ад старонніх вачэй жыццё. А так цікава, як выхоўваюць будучых святароў! Заўтра яны – нашы правадыры на шляху да спасціжэння святасці. Прапануем Вам перажыць адзін восеньскі дзень з алюмнам 5 курса Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі Яўгенам Ціханам. Яго нататкі перадаюць атмасферу Божай навучальнай установы і служаць для нас узорам сапраўднага быцця.
Пятніца, 6 лістапада 2015 года
   
    6.30 Тры званкі. Я прачнуўся ў пазітыўным настроі. Пануючая ў семінарыі цішыня пабуджае да малітвы.

    7.00 Супольная Літургія гадзін. Пачуццё еднасці і ўдзелу супольнасці ў службе Божай. Літургія велічна ўводзіць у сам культ Бога і ўцягвае ўсіх у праслаўленне Трыадзінага Бога. Сёння мы разважалі над Евангеллем паводле св. Лукі (Лк 16, 1–8) аб прадпрымальным эканоме. На першы погляд, багаты чалавек з прыпавесці хваліць эканома за несправядлівасць. Але даходзячы да сутнасці справы, мы даведваемся, што ён хваліць эканома не за падман, а за тое, што ён знайшоў выхад у складанай сітуацыі. Залішняя разважлівасць прыводзіць да хітрасці, таму варта вучыцца сумленнасці ў адносінах да ўсіх.
   
    7.30 Святая Імша. Сёння яе ўзначаліў кс. бп Юзаф Станеўскі. Маліліся ў інтэнцыі памерлых ахвяравальнікаў, дабрадзеяў, прафесараў і выхаванцаў нашай семінарыі. Ксёндз біскуп сказаў: “Мы ствараем супольнасць у адной веры жывых і памерлых. Мы злучаны з імі праз любоў Найсвяцейшага Сэрца Езуса”.
   
    8.30 Сняданак.
   
    9.00 Лекцыя па маральнай тэалогіі. Аналізуем IV запаведзь. Я прыйшоў да высновы, што Бог не загадвае выконваць запаве-дзі, а перш за ўсё паказвае доказы сваёй любові. Таму выкананне Божых запаве-дзей з’яўляецца адказам на Божую любоў. Падобна і IV запаведзь гаворыць пра ўдзячнасць. На любоў бацькоў мы павінны таксама адказваць любоўю.
   
    10.55 Лекцыя па Старым Запавеце. Біблійныя кнігі заключаюць у сабе шматвекавую гісторыю. І гэта гісторыя не толькі Ізраіля, але і навакольных народаў. У святых кнігах бачны сляды розных традыцый і цэлых зменлівых глабальных эпох. Развіццё тэалогіі рыхтуе падмурак для Новага Запавету, а дынамічнае і жывое Слова ў іншыя часы чытаецца актуальна. Усё гэта робіць Святое Пісанне Божай скарбніцай, пазнаць якую на 100% немагчыма. Тэмай сённяшняга занятку па Старым Запавеце была Кніга прарока Ісаі. Мы вывучалі яе гістарычны фон і сам змест.
   
    13.45 Малітва на працягу дня. Літургія гадзін у пятніцу пагружае ў Муку Пана. Працягам гэтага разважання з’яўляецца адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту пасля абеду і роздум над пакутамі Хрыста.
   
    14.00 Абед.
   
    15.00 Індывідуальнае ўшанаванне гадзіны Божай міласэрнасці. Згодна з традыцыяй семінарыі, споведзь у гэты час з’яўляецца нібы адчувальным дотыкам Крыві Пана, што ачышчае ад він і перамяняе душу на падабенства Хрыста, які ахвяраваў сябе за нас. Я ўдзячны Богу за ласку споведзі, якую мы можам выкарыстаць і ачысціцца.
   
    15.30 Трываючы ў актаве Усіх Святых, мы разам з братамі наведалі пабернардынскія могілкі, каб памаліцца за памерлых, атрымліваючы за іх адпуст. Я падумаў аб тым, што цішыня, якая трывае ля магіл ксяндзоў і многіх вернікаў, з’яўляецца знакам чакання ўваскрашэння. Гэта цішыня, якая прадвяшчае вялікі трыумф. Калі Пан прыйдзе, тады выйдуць і слугі Яго ў трыумфальным шэсці.
   
    16.30 Студыум – час для індывідуальнага навучання. Час на чытанне і вучобу найбольш плённы пасля малітвы. Тут паглыбляецца вера і ўзрастае любоў да Бога, бо мы пазнаём творы любові Стварыцеля і, у суме, нават саму Яго сутнасць. Пачутае на лекцыях слова павінна ўкараняцца і расці.
   
    18.45 Вячэра.
   
    19.00 Выкананне абавязкаў. Я ўдзельнічаў у падрыхтоўцы літургіі і Навэнны да Маці Божай на наступны дзень. Зрабілі падсветку для вітража. Гэта Божая служба, таму што мы робім усё гэта на карысць супольнасці, у якой жывём. Мы служым іншым, як Хрысту. Часам здараецца, што вечарам неабходна дарабіць тое, чаго нельга адкладваць на заўтра. Астатні час становіцца творчым часам, мы дзейнічаем з перспектывы таго, што ўжо было сёння зроблена.
   
    21.00 Пасля прагулкі на свежым паветры і адпачынку ад заняткаў у мяне ёсць час для духоўнага чытання і клопату пра свой унутраны свет.
   
    21.45 Асабістая малітва. Я дзякую Богу за дзень, прыемную цішыню і ўсе ўдзеленыя мне ласкі. Малюся за маладых людзей, пакліканне да святарства якіх падаўляецца сучасным светам. Няхай Божы голас будзе чутны ў глыбіні іх душаў.
   
    22.30 У семінарыі згасае святло. Алюмны адпачываюць, каб з новымі сіламі распачаць заўтрашні дзень. За паўтары гадзіны да сну пачынаецца silentium sacrum – святое маўчанне, якое клерыкі захоўваюць да самай раніцы. Галоўная яго мэта – суцішыцца і злучыцца ў думках з Богам.
   
   
Факты
    Семінарысты Гродзенскай ВДС моляцца на трох мовах – беларускай, польскай і лацінскай. Тройчы на дзень адгаворваюць “Анёл Панскі”. Штодня разважаюць над Святым Пісаннем. Тры разы на дзень робяць рахунак сумлення. У сярэднім, маюць па пяць навучальных дысцыплін на дзень. Пасля абеду – вольны час і тэрмін для самастойнай падрыхтоўкі да наступных заняткаў. Двойчы на тыдзень семінарысты выходзяць у горад. Як правіла, групамі па 2-3 чалавекi. У семінарыю вяртаюцца як дамоў. 22 лістапада – урачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Дзень малітвы ў інтэнцыі выхавацеляў і клерыкаў Гродзенскай ВДС.