Дазвольце дзецям прыходзіць да Мяне

З жыцця Касцёла

Дзяцей важна з самых ранніх гадоў прывучаць да шчырай пабожнасціВось і настала школьная пара. Па ўсёй краіне прайшлі ўрачыстыя лінейкі, і дзеці пасля вясёлага летняга адпачынку распачалі чарговы навучальны год. Напярэдадні 1 верасня, згодна з добрай традыцыяй, у каталіцкіх святынях адбыліся набажэнствы, падчас якіх маліліся аб патрэбных ласках для дзяцей і моладзі. Таксама былі асвечаны заплечнікі і школьныя прылады. Але не варта забывацца пра тое, што разам з новым навучальным годам распачаўся таксама год катэхетычны, які будзе спрыяць узрастанню ў мудрасці і веры.
Біскуп Гродзенскі Аляксандар Кашкевіч кожны год у пастарскім лісце на пачатак новага катэхетычнага года звяртаецца з такімі словамі да бацькоў, дзяцей, моладзі і катэхетаў: “Навучанне і выхаванне ў веры належыць да найважнейшых задач Касцёла, вызначаных Езусам Хрыстом. Хрыстос пасылае Вас да кожнага чалавека: «Ідзіце на ўвесь свет і навучайце ўсе народы, хрысціце іх у імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Вучыце іх захоўваць усё тое, што Я вам наказаў. А Я з вамі праз усе дні ажно да канца свету» (Мц 28, 19–20)”. Згодна з гэтым заклікам, у кожнай парафіі нашай дыяцэзіі праводзіцца сістэматычная катэхізацыя дзяцей і моладзі ажно да часу заканчэння імі навучання ў сярэдняй школе.
    Святары, катэхеты, манаскія сёстры і свецкія асобы ахвярна і нястомна працуюць, каб як мага больш дзяцей і моладзі пачулі Божае слова, пазналі Хрыста і Яго Добрую Навіну. Катэхетам даводзіцца працаваць з рознымі групамі: дзецьмі, што рыхтуюцца да Першай святой Камуніі, з падлеткамі, вучнямі старэйшых класаў, а таксама са студэнтамі і працуючай моладдзю. Да кожнага катэхеты знаходзяць свой падыход, патрэбныя словы, каб данесці Божае слова, умацаваць дар веры.
Катэхеты прыкладаюць шмат намаганняў, каб заахвоціць дзяцей пазнаваць Бога Па словах папы Францішка, усе мы, хрысціяне, якія атрымалі веру, “павінны яе перадаваць, абвяшчаць яе сваім жыццём і словам”. “Калі хтосьці сапраўды ведае Езуса Хрыста і верыць у Яго, зведвае Яго прысутнасць у жыцці і моц Яго ўваскрасення, ён не можа ўстрымацца ад перадачы іншым гэтага досведу. А калі сустракае непаразуменне або супярэчанне – ён паводзіць сябе так, як Езус падчас сваёй мукі: адказвае з любоўю і моцай праўды”, – кажа папа Францішак. Таксама Святы Айцец падкрэслівае, што вера – гэта дар, які пачынаецца ад спаткання з Езусам, сапраўднай Асобай, а не якойсьці распыленай субстанцыяй, і вера ў Яго нараджаецца з сустрэчы, якая становіцца досведам. Таму дзеці павінны пазнаваць Хрыста, моладзь павінна ведаць Хрыста, а дарослыя павінны жыць Хрыстом.
   На вялікі жаль, у Беларусі школа дае толькі веды, а місію выхавання здзяйсняе Касцёл. Безумоўна, усе прадметы, якія выкладаюцца ў школе, вельмі важныя, але з поўнай упэўненасцю можна казаць аб тым, што навука рэлігіі па сваім значэнні не саступае ніводнаму з іх, паколькі навучае таму, як быць сумленным чалавекам, як дапамагаць патрабуючым, як прабачаць, любіць бліжняга. І калі заданне школы – перадача ведаў і выхаванне сумленных і адказных грамадзян, то мэта катэхізацыі – удасканаленне маладога пакалення ў духоўным і маральным плане, прывіванне хрысціянскіх каштоўнасцей. Школа дае веды, а рэлігійнае навучанне – сапраўдную мудрасць. Каб рэлігійнае навучанне было эфектыўным, прыкладаюцца ўсе намаганні, каб катэхізацыя была сістэматычнай і мела сувязь з жыццём, сакрамантамі і касцёльнай супольнасцю. Для здзяйснення гэтага, пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі была створана катэхетычная секцыя, за гады дзейнасці якой была падрыхтавана і зацверджана праграма па рэлігійным навучанні, пачынаючы ад дзіцячага садка і да 11-га класа. У падручніках прадугледжаны тэмы, адпаведныя ўзросту вучняў, якія спрыяюць сістэматычнаму навучанню рэлігіі і належнаму ўзрастанню ў веры. Таксама былі падрыхтаваны дыдактычныя матэрыялы для катэхетаў на кожны клас. Яшчэ не забыліся тыя часы, калі ўвогуле нельга было гаварыць аб сістэматычнай катэхізацыі і евангелізацыі, бо не хапала касцёлаў і святароў, не было рэлігійнай літаратуры, а дзецям забаранялася хадзіць у касцёл. Катэхізацыяй у тыя цяжкія часы займаліся бацькі і дзяды. Яны вучылі маладое пакаленне так, як умелі і як маглі. Найбольш важным у гэтым працэсе было іх сведчанне малітвы і маральнага жыцця.
   Дзіўна і незразумела, чаму сёння, калі існуюць усе ўмовы для навучання рэлігіі пры касцёлах, друкуецца шмат рэлігійнай і катэхетычнай літаратуры, многія бацькі не клапоцяцца аб духоўным выхаванні сваіх дзяцей, чаму тыя, хто даў дзіцяці жыццё, не спяшаюцца выхоўваць яго ў веры і любові.
Бласлаўлёная Маці Тэрэза з Калькуты вельмі часта любіла паўтараць сваім сёстрам: “Ты можаш зрабіць тое, чаго я не магу. Я магу зрабіць тое, што не ўдаецца табе. Калі мы возьмемся за гэта разам, то атрымаецца вялікая і бласлаўлёная справа”. Таму сёння вельмі важна, каб бацькі не забываліся пра абавязак маральнага і рэлігійнага выхавання сваіх дзяцей, а разам з Касцёлам садзейнічалі духоўнаму фарміраванню маладога пакалення.
   
Каментарый сястры Іераміі КулікоўскайПачынаецца новы навучальны год, дзеці ідуць у школы, атрымліваюць падручнікі. Але кожны веруючы чалавек, католік, не павінен забывацца аб тым, што дзіця, якое навучылася размаўляць, пісаць і чытаць, павінна пасцігаць таксама асновы рэлігіі, асновы нашай веры. Таму ўжо з дашкольнага ўзросту дзеці павінны хадзіць на заняткі рэлігіі. Гэта, канешне, абавязак бацькоў, а таксама бубуль і дзядуль – паклапаціцца пра тое, каб дзіця наведвала такія заняткі. Існуюць спецыяльныя падручнікі, па якіх займаюцца дзеці. Яны дапасаваны да ўзросту дзіцяці:
   
    “Езус мяне любіць” – гэта катэхетычны падручнік для шасцігадовых дзяцей, мэта якога – абуджэнне ў маладых сэрцах веры, надзеі, любові. Дзякуючы заняткам дзеці пазнаюць Езуса і Яго вялікую любоў і будуць старацца безупынна ўзрастаць у ласцы ў Бога і людзей. Гэтая кніжка будзе карыснай для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту.
   
    “Езус – мой Бог і Пан” – наступная кніга, адрасаваная сямігадовым дзецям. У ёй вельмі простым спосабам апавядаецца аб любові Бога да чалавека.
   
    “Прагну быць з Езусам” – кніжка прызначана для дзяцей, якія рыхтуюцца да Першай святой Камуніі ў каталіцкім Касцёле. Укладальнікі пастараліся перадаць асноўныя праўды хрысціянскай веры даступным і цікавым для дзяцей спосабам.
   
    “Езу, прыйдзі да мяне” – другая частка падручніка для падрыхтоўкі да Першай Камуніі.
   
    Але не трэба забываць, што катэхеза не заканчваецца падрыхтоўкай да Першай Камуніі. Пасля пачынаецца падрыхтоўка да сакраманту канфірмацыі, а старэйшая моладзь атрымлівае непасрэдную падрыхтоўку да сакраманту сужэнства.
   
    Такім чынам, дзеці і моладзь не толькі завучваюць пэўныя малітвы, але спасцігаюць асновы веры, напрыклад праўду пра стварэнне свету і чалавека, якія паўсталі з Божай любові, асноўную запаведзь, згодна з якой толькі Богу Жывому – Богу, які ЁСЦЬ, трэба аказваць выключную пашану і да т.п. Бо так, як існуюць правілы дарожнага руху, без ведання якіх мы не можам выходзіць на дарогу, існуюць і Божыя запаведзі, без выканання якіх нельга будзе ўвайсці ў Валадарства Божае.
   
    Таксама варта падкрэсліць, што акрамя прадугледжаных праграмай падручнікаў ёсць шмат дадатковай літаратуры на рэлігійную тэматыку. Бацькі, якія клапоцяцца пра тое, каб іх дзіця ўзрастала ў веры, пазнавала прынцыпы маральнасці і духоўнасці, ахвотна набываюць такога роду кнігі.