У Ваўкавыску адбылося асвячэнне касцёла

З жыцця Касцёла

На ўрачыстасць асвячэння святыні ў парафіі св. Станіслава Косткі прыбылі Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Вернікі парафіі перадалі арцыбіскупу ключ ад касцёла, і прадстаўнік Папы па іх просьбе ўрачыста адчыніў дзверы святыні.
    Падчас святой Імшы Апостальскі нунцый блаславіў ваду і акрапіў ахвярны стол, алтар і сцены. У гаміліі прадстаўнік Папы нагадаў пра вялікую любоў Бога і пра тое, што кожны вернік з’яўляецца тым жывым каменем, з якога і будуецца Хрыстовы Касцёл.
    Пасля Літаніі да Усіх Святых арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці прамовіў малітву асвячэння касцёла, і іерархі намасцілі сцены святыні, пасля нунцый акадзіў касцёл і ўсіх прысутных.
    Варта адзначыць, што асвячэнне новага касцёла адбылося ў год, калi парафiя адзначае 90-годдзе з дня заснавання.