Новы біскуп са Смаргоні

З жыцця Касцёла

кс. бп Аляксандр Яшэўскі SDB27 чэрвеня ў архікатэдральным касцёле ў Мінску адбылося біскупскае пасвячэнне кс. Аляксандра Яшэўскага SDB, якога папа Францішак прызначыў дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Пантыфік надаў новаму біскупу тытулярную біскупскую кафедру “Furnоs maior” і скіраваў на служэнне ў Магілёўскую частку архідыяцэзіі.
Галоўным пасвячаючым быў Апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці, асістуючымі – старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
    Тое, што Апостальскі нунцый удзяліў гэтае пасвячэнне ў Год кансэкраванага жыцця, падкрэслівае асаблівую сувязь, якая існуе паміж манахамі і манахінямі з Беларусі, да якіх належыць новапрызначаны біскуп, з асобай і паслугай Рымскага Пантыфіка. Гэтая падзея з’яўляецца кульмінацыйным момантам святкавання Года кансэкраванага жыцця і асаблівым чынам выражае падзяку Касцёла за прысутнасць і працу кансэкраваных асоб у каталіцкім Касцёле ў Беларусі.
    На пачатку св. Імшы Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да прысутных, сказаў: “Сёння вялікі дзень. Мы дзякуем Богу і Святому Айцу, які добра бачыць патрэбы каталіцкага Касцёла ў Беларусі і за апошні час павялічыў колькасць беларускіх біскупаў у два разы”. Арцыпастыр падзякаваў таксама бацькам новапрызначанага біскупа, салезіянскай супольнасці, да якой ён належыць. Мітрапаліт папрасіў усіх прысутных маліцца за новага іерарха, які “ўзяты з людзей і пастаўлены для людзей”, а таксама маліцца аб новых пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця.
Абрад пасвячэння пачаўся Гімнам да Святога Духа. Затым прадстаўнік прэзбітэрыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Юрый Быкаў звярнуўся да Апостальскага нунцыя з просьбай удзяліць біскупу намінанту пасвячэнне. Была прачытана намінацыйная була Святога Айца.
   
    “Дзеці заўсёды павінны мець магчымасць доступу да свайго Айца”
    Апостальскі нунцый звярнуўся да прысутных з гаміліяй. “Мы вельмі рады ад імя Святога Айца зрабіць гэты падарунак вашаму Касцёлу, такому хвалебнаму, які так шмат пацярпеў”, – сказаў арцыбіскуп Клаўдыа Гуджэроці. Па яго словах, вельмі важна, што ў лік новых беларускіх біскупаў уваходзіць законнік. Прадстаўнік Папы падзякаваў салезіянам ад імя біскупаў, святароў і ўсяго Касцёла. “Калі моладзь гэтай зямлі змагла адчуць позірк Нябеснага Айца, які Ён скіроўвае ёй проста ў вочы, гэта менавіта дзякуючы вашаму служэнню”, – сказаў Апостальскі нунцый, звяртаючыся да салезіянаў.
    Арцыбіскуп звярнуўся і да сям’і новапрызначанага біскупа, адзначыўшы: “Вы з’яўляецеся ўвасабленнем здаровых каранёў гэтага народа. Калі карані здаровыя, гэтая жыццёвая сіла перадаецца таксама вашым дзецям. Вы вырасцілі вашага сына ў атмасферы любові і далікатнасці”. “Сёння вялікая сям’я Касцёла дзякуе гэтай маленькай сям’і”, – дадаў іерарх.
   
    “Каб зямля Магілёўшчыны зноў расцвіла ў імя Хрыста”
    Кажучы пра біскупа намінанта, Апостальскі нунцый падкрэсліў: “Каб абудзіць людзей з духоўнай спячкі, патрэбны менавіта гэты чалавек”. Па словах прадстаўніка Папы, “неабходна, каб зямля Магілёўшчыны зноў расцвіла ў імя Хрыста, каб адчуваўся Хрыстовы водар, каб людзі пайшлі за гэтым водарам”.
    “Сёння свята Касцёла, – заўважыў арцыбіскуп. – Бог любіць нас настолькі моцна, што дае гэты знак – знак прысутнасці біскупа сярод свайго народа”.
   
  Абрад біскупскага пасвячэння  “Гэты народ павінен адчуць суцяшэнне”
    Звяртаючыся да біскупа намінанта, Апостальскі нунцый заклікаў яго: “Ніколі не кажы гэтаму народу, што трэба ўвесь час пакутаваць. (...) Гэты народ павінен адчуць суцяшэнне, і толькі Бог можа суцешыць, бо Ён адзіны можа аддаць сябе да канца”.
    “Той канкрэтны чалавек, які пастукаецца ў твае дзверы або да каго пастукаешся ты, з’яўляецца Святым Касцёлам Божым, – сказаў Апостальскі нунцый біскупу намінанту. – Мы, біскупы, павінны заўсёды прысутнічаць сярод свайго народа, каб весці гэтую Божую нявесту да свайго Жаніха – Хрыста”.
    Потым кандыдат адказаў на пытанні, якія задаў галоўны пасвячаючы, такім чынам выказаўшы згоду выконваць біскупскія абавязкі. Усе прысутныя памаліліся Літаніяй да Усіх Святых. Затым адбылося ўскладанне рук і малітва пасвячэння. Апостальскі нунцый і ўсе біскупы па чарзе ўсклалі рукі на галаву выбранага ў знак яго далучэння да Калегіі Біскупаў. Змест малітвы пасвячэння праслаўляе біскупа як пастыра. Пасля гэтых абрадаў, калі выбраны ўжо з’яўляецца біскупам, галоўны пасвячаючы намасціў яго чало, што нагадвае аб містычным намашчэнні Духам Святым і дае плённасць біскупскаму служэнню.
    Новаму іерарху былі ўручаны кніга Евангелля, што нагадвае аб галоўным заданні кожнага біскупа – абвяшчэнні Добрай Навіны, і біскупскія знакі – персцень, мітра і пастарал. Персцень – знак вернасці і напамін біскупу ахоўваць Божую абранніцу – Святы Касцёл. Мітра сімвалізуе святасць, якой біскуп павінен адзначацца сярод людзей. Пастарал – сімвал пастарскай улады і адначасова напамін біскупу, што ён не валадар аўчарні, але яе правадыр на шляху да збаўлення. Абрад пасвячэння завяршыўся пацалункам супакою, які ўдзялілі пасвечанаму ўсе прысутныя біскупы.
    Новага біскупа суправаджалі да алтара падчас пасвячэння дэкан Магілёўскі і пробашч катэдральнай парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Станіслава ў Магілёве ксёндз Юрый Быкаў і ксёндз дэлегат Віктар Гайдукевіч SDB.
    Варта адзначыць таксама, што пасвячэнне адбылося ў юбілейны год 200-годдзя з дня нараджэння святога Яна Боско.
   
    “Адно чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага”
    Біскуп Аляксандр Яшэў-скі ў сваім слове падзякі сказаў: “Дзякую Табе, Пане, за тое, што працягваеш выбіраць, клікаць і пасылаць на служэнне свайго сына. Таямніца паклікання, асабліва апостальскага паклікання, – гэта Твая свабодная ініцыятыва і Твой знак бясконцай любові да чалавека, бо яго лёс Табе, Пане, не абыякавы”.
“У мяне ёсць толькі адно жаданне: каб сапраўды выканаць волю Бога, Айца і Збаўцы. Адно чаканне: глыбей пазнаць самому і абвяшчаць іншым Сына Божага. Адна смага: насычацца асалодай і радасцю Духа Святога. Таму сёння з усім Касцёлам у яго Мінска-Магілёўскай частцы прашу дапамагчы мне жыць і служыць для гэтага, і толькі для гэтага”, – дадаў біскуп.