Быць адважнымі для Хрыста
З жыцця Касцёла
20–21 мая Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю наведаў Яго Эксцэленцыя ксёндз арцыбіскуп Хорхе Карлас Патрон Вонг, сакратар Кангрэгацыі па справах духавенства ў Ватыкане.
“Быць адважнымі для Хрыста, каб спаўняць Яго волю – вось да чаго мы ўсе пакліканы”, – падкрэсліў арцыбіскуп падчас святой Імшы ў семінарыйнай капліцы. “Еднасць нашага паклікання і служэнне Богу і людзям павінна быць галоўнай мэтай нашай фармацыі”, – дадаў ён.
Падчас свайго візіту ксёндз арцыбіскуп прыняў удзел у маёвым набажэнстве ў семінарыйнай капліцы, у святой Імшы, а таксама двойчы сустрэўся з выхаваўцамі і клерыкамі ў канферэнц-зале. Пытанні, якія падымаліся падчас сустрэч, былі вельмі розныя, але датычыліся аднаго – фармацыі клерыкаў у гродзенскай семінарыі. †
Навучэнцы Гродзенскай ВДС вельмі цёпла сустрэлі пасланніка Ватыкана і нават падрыхтавалі яму песню на іспанскай мове. Таксама падчас развітання з арцыбіскупам на падворку семінарыі не сціхала гітара і спеў.
Арцыбіскуп Хорхе аказаўся вельмі “сучасным” чалавекам: ён самастойна вядзе акаўнты ў Інстаграме, Фэйсбуку і Твітары, а таксама робіць сэлфі (фотаздымкі ад першай асобы) з семінарыстамі са ўсяго свету. Так, за месяц май ксёндз арцыбіскуп наведаў чатыры кантыненты.
“Хачу, каб вы памяталі, што вы не адзінокія, па ўсім свеце я сустракаюся з клерыкамі розных семінарый – у Афрыцы, Аўстраліі, ЗША, Еўропе, Лацінскай Амерыцы. Вас усіх яднае супольная місія – радаснае служэнне Хрысту і абвяшчэнне Яго Евангелля”, – сказаў арцыбіскуп падчас агульнай сустрэчы з клерыкамі.
Пасля ад’езду Яго Эксцэленцыі ў хуткім часе з’явіўся запіс у Твітары, дзе ксёнз арцыбіскуп шчыра дзякаваў за адкрытасць, добры і радасны настрой, які стварылі яму клерыкі нашай семінарыі.
Юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя семінарыі ў Гродне 17 чэрвеня адбудуцца юбілейныя ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя з часу заснавання Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Праграма: 9.30 – прывітанне гасцей і ўступнае слова (рэктар ВДС кс. Раман Рачко); •кароткая справаздача з дзейнасці семінарыі на працягу 25 гадоў (прэфект кс. Віталій Сідорка); •спеў хору; •прамова біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча; •прамовы сяброў і дабрачынцаў ВДС у Гродне; 12.00 – святая Імша ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа (пабернардынскі); 13.45 – абед; 15.00 – асвячэнне і адкрыццё памятнай дошкі (зала св. Яна Паўла II); •уручэнне памятных кніг і дыпломаў дабрачынцам ВДС; •канцэрт музычнага гурта “AVE” і святочная кава; •заканчэнне. Да ўдзелу ва ўрачыстасцях запрошаны святары-выпускнікі ВДС у Гродне. |
|