Да Маці Божай са спевам і малітвай

З жыцця Касцёла

У Дзень маці вялікая колькасць пілігрымаў прыходзіць у санктуарый Маці Божай Яснагорскай у Капцёўцы

Як кожны год, незабыўным вялікім перажываннем, поўным узрушэння і радасці, стала для пілігрымаў з Гродна дарога ў санктуарый Маці Божай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. З нагоды Дня маці, які ў Гродзенскай дыяцэзіі адзначаецца ў першую нядзелю мая, мамы разам са сваімі дзецьмі і мужамі прыбылі ў гэтае сапраўды святое месца, каб даверыць Маці Божай, Цярпліва Слухаючай, свае просьбы, скласці падзякі і папрасіць аб заступніцтве.
Ужо традыцыйна ў цэлай дыяцэзіі ў Дзень маці вернікі моляцца ў інтэнцыі тых, хто дае жыццё. 3 мая галоўная ўрачыстасць з гэтай нагоды адбылася ў санктуарыі Маці Божай на Узгорку надзеі ў Капцёўцы. Пілігрымы з Гродна прыбылі сюды са спевам і малітвай, бо менавіта на Маці Божую яны ўскладаюць сваю веру, надзею і любоў. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел таксама кс. бп Аляксандр Кашкевіч і кс. бп Юзаф Станеўскі.
    Для сабраных вернікаў кс. Юрый Марціновіч прамовіў канферэнцыю на тэму “Езус прыйшоў, каб заклікаць грэшнікаў да навяртання”.
“Навяртанне – гэта працэс, які працягваецца з моманту хросту ажно да смерці, таму трэба штодзённа вяртацца да вытокаў, – казаў падчас канферэнцыі кс. Юрый. – У кожнага ёсць сваё асабістае адхланне, з якога павінна быць вызвалена душа”.
    Душпастар таксама падкрэсліў, што важна прыняць Божы план, зразумець, што “Бог мяне любіць і ведае, што для мяне добра”.
    У сваю чаргу кс. Раман Катлімоўскі, прамаўляючы гамілію, адзначыў, што сёння мы чуем словы Езуса: “Без Мяне вы нічога не можаце зрабіць”, але адначасова вельмі часта прыпісваем сабе многія рэчы, забываючыся, што ўсё гэта адбываецца дзякуючы ўздзеянню Божага Духа.
    “Вы вельмі патрэбны Езусу і сваім сем’ям. Гэта таямніца вашага цудоўнага паклікання, і сёння мы дзякуем за вашу мацярынскую паставу”, – сказаў кс. Раман і заахвоціў падтрымліваць добрую традыцыю і цалаваць мамам рукі, бо кожная з іх гэтага заслугоўвае.
    Падчас св. Імшы, якая цэлебравалася ў інтэнцыі жывых і памерлых маці, кс. бп Аляксандр Кашкевіч па-дзякаваў мамам за цудоўны прыклад веры, які яны даюць сваім дзецям і членам сям’і, дадаючы, што без сям’і грамадства не будзе мець добрай будучыні.
   
Мама як прыклад веры
    Любоў і радасць, з якой нашыя маці прынялі нас і чувалі над нашымі першымі крокамі ў свеце, з’яўляецца ў нейкай ступені знакам і сакраментальным працягам любові Бога, ад якога мы ўсе ўзялі пачатак. Мы былі прыняты Богам і нашымі бацькамі, і гэты вопыт з’яўляецца моцным фундаментам, які робіць магчымым узрастанне і развіццё чалавека, дапамагае нам сталець, імкнучыся да праўды і любові, а таксама адкрывацца, каб ствараць сувязь з іншымі людзьмі і з Богам. Веруючая сям’я, хоць напаткае найгоршыя цяжкасці, усё вытрымае. Бо Бог побач, Ён кожны дзень, кожную хвіліну і секунду дае нам усе ласкі, неабходныя для таго, каб узрастаць у святасці. Але часта кажуць, што гэта менавіта маці з’яўляецца тым фундаментам у сям’і, на якім усё трымаецца, у тым ліку і вера. Чаму? Бо гэта мамы ў першую чаргу клапоцяцца аб перадачы веры, вучаць сваіх дзяцей маліцца і моляцца разам з імі, рыхтуюць іх да прыняцця сакрамантаў, асвятляюць сямейнае жыццё святлом веры і вучаць усхваляць Бога як свайго Айца.
    Прыгожыя словы на тэму ролі жанчын у перадачы веры прамовіў падчас адной св. Імшы папа Францішак.
    “Вера з’яўляецца Божым дарам, які дасягаецца не ў выніку інтэлектуальных высноў, а праз уздзеянне Святога Духа. А гэта прысутнічае, між іншым, у цярплівай працы мам, – падкрэсліў Святы Айцец. – Адбываецца так таму, што Тая, якая прынесла ў свет Езуса, таксама была жанчынай. Такой была дарога, выбраная Езусам. Ён хацеў мець маці, а таму і вера прыходзіць праз жанчын, як Езус праз Марыю”, – працягнуў Папа.
    Святы Айцец звярнуў увагу таксама на тое, што жанчыны павінны ўсведамляць свой абавязак перадачы веры. Бо калі не будзе іх клопату, каб нанова ажывіць Божы дар, якім з’яўляецца вера, тады вера слабне, разбаўляецца і нарэшце становіцца пэўнай культурай, у якой хоць і гаворыцца, што мы хрысціяне, але гэта застаецца толькі культурай.
    “Жанчыны ў Касцёле і на дарозе веры мелі і маюць сёння асаблівую ролю – адчыняць дзверы Пану, браць з Яго прыклад і перадаваць Яго аблічча, таму што позірку веры заўсёды неабходны просты і глыбокі позірк любові. Гэта ж галоўным чынам яны – мамы, бабулі – перадаюць сваю веру дзецям. Гэта місія жанчын (ці не так?) – даваць сведчанне сваім дзецям, унукам, што Езус жыве, што Ён Жывы і Уваскрослы. Маці і жанчыны, нясіце наперад гэтае сведчанне!” – заахвоціў папа Францішак.