Сакратар Апостальскай нунцыятуры сустрэўся з моладдзю душпастарства “OPEN”

З жыцця Касцёла

23 кастрычніка ў межах традыцыйнай сустрэчы Душпастарства студэнтаў і працуючай моладзі Гродна “OPEN” з моладдзю душпастарства сустрэўся мансіньёр Філіпа Чампанэлі, сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Беларусі.
Сакратар Апостальскай нунцыятуры ўзначаліў святую Імшу і звярнуўся да маладых вернікаў з гаміліяй, у якой сярод іншага згадаў аб сваёй размове праз скайп-сувязь з маладымі італьянскімі сябрамі. Мансіньёр Філіпа Чампанэлі распавёў пра іх здзіўленне, калі яны даведаліся, што моладзь у Беларусі выкарыстоўвае скайп не толькі для размовы, але і для малітвы на ружанцы.
    Па словах святара, яго сябры з Італіі падкрэслілі, што моладзь з Беларусі – святая. Удзельнікі душпастарства “OPEN” адзначаюць, што, напэўна, гэтыя словы прагучалі як пахвала, але больш – як заданне, каб сапраўды быць святымі ў сучасным свеце.
Пасля Імшы адбылася сустрэча і цёплая размова сакратара Апостальскай нунцыятуры з моладдзю. Падчас размовы панавала атмасфера радасці, уважлівасці, зацікаўленасці, адчувалася ўзаемная адкрытасць. Маладыя вернікі расказалі пра тое, чым яны займаюцца і чаму збіраюцца ў душпастарстве. Падчас расповеду аб сваім жыццёвым шляху госць падзяліўся тым, што паўплывала на яго веру: гэта былі, між іншым, удзел у Сусветным дні моладзі ў Чанстахове і набыццё абразіка Маці Божай з Дзіцяткам Езусам.
    Мансіньёр Філіпа Чампанэлі адказаў на пытанні маладых вернікаў аб працы ў Апостальскай нунцыятуры, аб тым, як ён ставіцца да моладзі і якое было самае забаўнае здарэнне падчас яго святарскага служэння з маладымі італьянцамі. Святар у сваю чаргу пацікавіўся стаўленнем моладзі да людзей са слабой верай або зусім няверуючых, а таксама тым, як хрысціянская вера дапамагае ўдзельнікам душпастарства “OPEN” у жыцці. Моладзь ахвотна падзялілася досведам перадачы веры ў сваім асяроддзі.
    На заканчэнне не абышлося без падарункаў і запрашэння наведаць моладзь яшчэ не адзін раз, якое скіравалі да сакратара Нунцыятуры маладыя вернікі. Для гісторыі душпастарства “OPEN” была зроблена памятная фатаграфія.