На ўзгорку каля Навумавіч у знак Хрыстовага закліку, каб усе былі адно, стаяць праваслаўны і каталіцкі крыжы і з гэтай зямлі, на якой пралілася кроў мучанікаў, заклікаюць сучасных людзей да міру і згоды. У гэты дзень на ўзгорку сабралася шмат вернікаў: сярод іх былі дзеці, якіх прынеслі на руках маці, моладзь, асобы сталага ўзросту, дзякуючы якім была захавана вера. На ўрачыстасці прыбыў таксама біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і іншыя святары, каб разам з вернікамі аддаць пашану мучанікам, у якіх сучасны чалавек можа вучыцца адвазе.
Урачыстую св. Імшу ўзначаліў біскуп Аляксандр Кашкевіч. Іерарх назваў мучанікаў “нашымі братамі і сёстрамі, якія адважна пайшлі на смерць, абраўшы Хрыста, баронячы Касцёл і веру”. “Дзякуючы ім захавалася вера, вытрываў Касцёл. Іх мучаніцкая кроў стала засевам для новых хрысціян, новых пакліканняў, новых пакаленняў”, – дадаў біскуп. †