Запрашаем у Тракелі 11–12 ліпеня

З жыцця Касцёла

З кусташам санктуарыя ў Тракелях кс. Аляксандрам Рудзевічам на тэму сёлетніх дзён малітвы і дзейнасці санктуарыя размаўляе кс. Павел Салабуда.
– Вы ўжо другі год з’яў­ляецеся кусташам санк­туарыя. У чым цяпер заключаюцца Вашы абавязкі, і што новага сустрэла Вас на шляху духоўнай апекі над санктуарыем?
    – Мой першачарговы абавязак – гэта св. Імша: як для тых, хто прыбывае наведаць гэтае асаблівае месца, так і для саміх парафіян. Многія людзі просяць аб споведзі. Ёсць таксама справы і абавязкі, звязаныя з будаўніцтвам Дома пілігрыма, які мы за гэты час скончылі. Цяпер мы прыводзім у парадак тэрыторыю вакол касцёла, на якой мы плануем зрабіць стацыі і дарожкі Крыжовага шляху. Каля санктуарыя мы збіраемся добраўпарадкаваць спецыяльную тэрыторыю, якая ў будучым зможа паслужыць пілігрымам. Санктуарый – гэта месца духоўнага адпачынку, а таму пілігрымы, якія будуць прыязджаць сюды, адпачнуць фізічна і духоўна, выпрошваючы ў Маці Божай неабходныя ласкі.

    – Калі адбудуцца сёлетнія ўрачыстасці, і які будзе дэвіз гэтых дзён малітвы?
    – Ад імя кс. біскупа Аляксандра сардэчна запрашаю ўсіх прыхільнікаў Маці Божай Тракельскай на начное чуванне і на галоўныя ўрачыстасці, якія ў гэтым годзе пройдуць 11–12 ліпеня. Дэвізам сёлетняй сустрэчы будуць словы: “А пад крыжам Маці стаяла”.
   
    – Ксёндз Аляксандр, ці будзе штосьці новае ў плане начной адарацыі?
    – Перш за ўсё, гэта прыбыццё ў наш санктуарый і ўрачыстае прывітанне крыжа і іконы Маці Божай – сімвалаў Сусветных дзён моладзі. Адбудзецца адарацыя і супольная малітва пры крыжы. У гэтым годзе будзе таксама адпраўлены Крыжовы шлях, і адбудзецца медытацыя пры іконе Маці Божай. Новым пунктам будзе магчымасць паразмаўляць з ксяндзамі біскупамі і задаць ім пытанне.
   
    – Ці змянілася што-небудзь у санктуарыі ў матэрыяльным плане?
    – Як я ўжо прыгадваў вышэй, быў упарадкаваны Дом пілігрыма і тэрыторыя вакол яго. Безумоўна, мы далей працуем над тым, каб пілігрымы добра сябе ў нас адчувалі.
   
    – Скажыце калі ласка, пілігрымкі ў санктуарыі ёсць на працягу ўсяго года, ці яны прыбываюць толькі летам?
    – На працягу года ў санктуарый таксама прыбываюць шматлікія вернікі, каб пакланіцца Маці Божай. Яны хочуць, каб у гэтым святым месцы была адпраўлена Эўхарыстыя ў іх інтэнцыі. Ёсць вельмі шмат малітваў: просяць аб здароўі, аб паспяховай здачы экзаменаў, аб цвярозасці кагосьці з сям’і. Гэтыя просьбы складаюць жыццё гэтых людзей. Амаль штодзённа ёсць хтосьці, хто б хацеў памаліцца і зайсці ў касцёл. Людзі прыязджаюць таксама з-за мяжы.
    Карыстаючыся нагодай, я хацеў бы запрасіць усіх прыехаць, каб памаліцца перад цудатворным абразом Маці Божай у санктуарыі. Запрашаю на галоўныя ўрачыстасці, каб разам з ксяндзамі біскупамі перажыць побач з Марыяй, Каралевай нашых сем’яў, незабыўныя хвіліны, каб стаць пад крыжам Езуса разам з Маці і выпрошваць патрэбныя ласкі на кожны дзень.
   
    – Вялікі дзякуй Вам за размову!
   
Праграма ўрачыстасцей у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях 11–12 ліпеня 2014 года
   
    “А пад крыжам Маці стаяла”
   
    11 ліпеня – пятніца
    21.00 – прывітанне крыжа і іконы Сусветных дзён моладзі;
    21.15 – канферэнцыя;
    22.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакраманту;
    23.00 – Крыжовы шлях вуліцамі Тракеляў.
   
    12 ліпеня – субота
    24.00 – св. Імша пастэрка;
    02.00 – Ружанцовая малітва – Балесная частка;
    03.00 – Вяночак да Божай міласэрнасці;
    04.00 – канцэрт;
    05.00 – Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці НПМ;
    06.00 – спеў традыцыйных песень;
    07.00 – падрыхтоўка да св. Імшы;
    07.30 – св. Імша пад кіраўніцтвам ксяндзоў новапрэзбітэраў і юбіляраў;
    08.30 – размова моладзі з біскупамі;
    09.30 – падрыхтоўка да св. Імшы;
    10.00 – адпустовая св. Імша, развітанне з крыжам і іконай Сусветных дзён моладзі.
   
    У праграме магчымы змены.