Урачыстасць асвячэння касцёла ў Крэве

З жыцця Касцёла

Радасць вернікаў ад сустрэчы з ПастырамПасля падпісання Крэўскай уніі ў 1385 г. парафія ў Крэве была адной з першых парафій, што ўзніклі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У мінулым годзе адзначалася 625-годдзе яе існавання. Першы касцёл – св. Яна Хрысціцеля – быў узведзены ўжо ў 1387 г. на ўзгорку насупраць замка. На працягу некалькіх соцень гадоў гісторыі святыня закрывалася, знішчалася пажарам і вайной, перажывала іншыя цяжкасці. У 1995 г. пры шпіталі, дзякуючы намаганням тагачаснага пробашча кс. Генрыха Багушэўскага і парафіян, узнікла новая мураваная святыня пад тытулам Перамянення Пана. Гэта вялікі дзвюхвежавы неабарочны касцёл, які ўзвышаецца на ўзгорку.
19 кастрычніка разам са сваім пробашчам кс. Юрыем Церабеем парафіяне перажывалі ўрачыстасць асвячэння святыні ў Крэве. Варта адзначыць, што на працягу сямі гадоў як кс. Юрый, так і парафіяне, прыкладвалі шмат намаганняў у кірунку духоўнага і матэрыяльнага аднаўлення крэўскага касцёла. На ўрачыстасць асвячэння прыбыў кс. бп Аляксандр Кашкевіч, які як пастыр дыяцэзіі ў такія важныя моманты заўсёды прысутнічае сярод сваёй духоўнай паствы. У гэты дзень у крэўскай парафіі адчуваўся незвычайны клімат візіту Пастыра. Ксёндз біскуп прыбыў асвяціць дом для вернікаў. Як ён сам адзначыў, “гэта ваш дом, месца сустрэчы з Богам, месца малітвы”. Найважнейшым актам асвячэння стала ўрачыстая Эўхарыстыя пад кіраўніцтвам кс. б-па Аляксандра, падчас якой ён прамовіў малітву асвячэння і намасціў сцены касцёла.
    У гаміліі, якую прамовіў кс. прэлат Юзаф Станеўскі, вернікі пачулі пра тое, як важна, што сярод дамоў і рознага тыпу будынкаў у мясцовасці ёсць святыня. Ксёндз прэлат заахвоціў вернікаў актыўна ўдзельнічаць у жыцці Касцёла. Казнадзей прыгадаў прысутным, што гэта таксама іх дом, пра які яны заўсёды павінны клапаціцца і ў які “мы заўсёды вяртаемся, як у родны дом, дзе ўзмацняемся, адчуваем сябе бяспечна і добра”. Узгадваючы багатую гісторыю гэтай парафіі, святар указаў вернікам на іх моцную і жывую веру, што жыве ў іх сэрцах. Не звяртаючы ўвагі на розныя разбурэнні святыні, у сэрцах заўсёды застаецца жывы Касцёл, членам якога з’яўляецца кожны веруючы чалавек. На заканчэнне гаміліі кс. Юзаф заахвоціў вернікаў клапаціцца пра свае сэрцы, якія з’яўляюцца “святыняй Святога Духа”, а таксама пра будучае пакаленне, каб і яно станавілася гэтай “святыняй”.
    У канцы ўрачыстасці можна было пачуць шмат цёплых слоў удзячнасці – у першую чаргу ўдзячнасці Богу Усемагутнаму, што на працягу столькіх гадоў кожны чалавек перажываў і перажывае перамяненне свайго жыцця на касцёльным узгорку. Пастыр дыяцэзіі дзякаваў усім прысутным за сведчанне веры, усім тым, хто прыклаў шмат намаганняў, каб святыня ўзнікла на гэтым узгорку. Ксёндз пробашч і парафіяне былі ўдзячныя біскупу за яго малітоўную памяць і пастарскі клопат пра іх.
    Сёння, пасля столькіх гадоў багатай гісторыі касцёла ў Крэве, можна сказаць, што парафія зноў адрадзілася. Урачыстасць асвячэння святыні з’яўляецца ўшанаваннем Бога на нашай зямлі. Гэта ўрачыстасць, у якой асаблівым чынам удзельнічаюць не толькі парафіяне мясцовай супольнасці, але і ўвесь Касцёл на Гродзеншчыне і ў нашай краіне.
    У такія хвіліны кожнаму з нас варта задумацца: якое месца займае парафіяльны касцёл у маім жыцці? Ці цікаўлюся я жыццём сваёй парафіі? Ці з’яўляюся практыкуючым католікам? Папа Францішак падчас аднаго са сваіх казанняў так звярнуўся да вернікаў: “Я думаю пра нас, ахрышчаных: ці маем мы гэтую моц, а таксама ці верым мы ў тое, што дастаткова хросту, што не трэба нічога больш, каб евангелізаваць? Альбо мы верым, што ксёндз скажа, што біскуп скажа... А мы? Тады ласка хросту ў нас нібы трохі ўтоеная, а мы закрытыя ў нашых думках, у нашых справах. Мы часам думаем: «Мы хрысціяне: я быў ахрышчаны, атрымаў канфірмацыю, першую Камунію... З маімі дакументамі ўсё ў парадку». А цяпер можаш спаць спакойна, ты хрысціянін. Але дзе ж тая моц Святога Духа, якая штурхае цябе наперад?”.
    Касцёл з’яўляецца Божым домам, які належыць кожнаму з нас. У гэтым месцы можна адчуць як людскі боль, так і слёзы радасці. Гэта месца сустрэчы Бога, які кожнага з нас асвячае і вядзе наперад.