У Смаргоні асвечана капліца ў гонар бласлаўлёнага Яна Паўла II

З жыцця Касцёла

Хвалюючую падзею пера­жывалі 15 лі­пе­ня бягучага го­да католікі Смаргоні, а асабліва вернікі парафіі бл. Яна Паўла II. У нядзелю ў гонар ушанаванага Папы-паляка тут была асвечана новая прыгожая капліца, якая паўстала менш чым за восем месяцаў ад асвячэння пляцоўкі пад будову парафіяльнага касцёла. Урачыстасць асвячэння ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
    Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел святары са Смаргоні і дэканата, прадстаўнікі мясцовай раённай улады, шматлікія вернікі. З гаміліяй да прысутных звярнуўся кс. Юрый Марціновіч, які разважаў аб значэнні святыні для кожнага верніка.
    Капліца ў гонар бл. Яна Паўла II была пабудавана намаганнямі пробашча парафіі кс. Дзмітрыя Урбановіча і католікаў Смаргоні. Вялікую падтрымку аказаў кс. Здзіслаў Вэдэр, смаргонскі дзекан, а таксама некаторыя святары, якія ахвяравалі неабходныя для новай капліцы рэчы. Цяпер новая парафія мае сталае месца малітвы і правядзення літургічных набажэнстваў.
Св. Імшы ў новай капліцы адбываюцца штодня а гадзінах 8.00 і 19.00, а кожную нядзелю а гадзінах 8.00, 11.00, 13.00, 16.00.
    Побач з новай капліцай плануецца будаўніцтва пара­фіяльнага касцёла.