У гудагайскім санктуарыі прайшлі ўрачыстасці Маці Божай Шкаплернай

З жыцця Касцёла

У многіх вернікаў каталіцкага Касцёла лета звязана з наведваннем санктуарыяў Маці Божай. Людзі накіроўваюцца да святых месцаў, каб атрымаць патрэбныя ласкі аздараўлення або навяртання, падзякаваць Маці за выслуханыя просьбы. 13 і 14 ліпеня месцам сустрэчы і супольнай малітвы вернікаў з нашай краіны і з-за мяжы стаў санктуарый Маці Божай у Гудагаі.
Ушанаванне абраза Маці Божай Гудагайскай звязана са шкаплерным набажэнствам. Гэтае свята можна назваць міжэтнічным. Мястэчка Гудагай знаходзіцца на памежжы з Літвой, жыхары якой таксама прыехалі сюды на ўрачыстасць. Шмат было і палякаў.
    Галоўную адпустовую святую Імшу 14 ліпеня ўзначаліў біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка. У гаміліі іерарх адзначыў: “Мы прыбываем сюды ў свята Маці Божай Шкаплернай і ведаем, чым быў і ёсць шкаплер. Гэта знак духоўнай лучнасці і памяці паміж Маці і дзецьмі. Падчас «цемры атэізму» шкаплер быў прадметам насмешак і крытыкі. Сёння «ноч атэізму» мінула, але шкаплер і надалей застаецца знакам духоўнай сувязі паміж дзецьмі і Божай Маці.
Ён надалей абвяшчае хвалу Беззаганнай”. “Марыя ў цудадзейнай Гудагайскай іконе вучыць нас сталасці, – працягваў біскуп Дзям’янка. – У Марыі, Маці Бога і нашай Маці, шукайце сталасці і святла, неабходных для прыняцця і рэалізацыі адпаведных жыццёвых выбараў і рашэнняў. Расціце ў дасканаласці. Чы­ніце сур’ёзныя пастановы і старайцеся іх выконваць. Будзьце людзьмі свабоднымі і радаснымі, здольнымі выбіраць каштоўнасці і дабро”.
    Важнай падзеяй для Гудагая ў гэтыя дні стала перэгрынацыя рэліквій св. Тэрэзы ад Дзіцятка Езус. Яна была манахіняй кармеліткай, таму гудагайская парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі, якой апекуюцца кармеліты босыя і манаскія сёстры з ордэну кармелітак, сустракала рэліквіі з асаблівым хваляваннем і гонарам.
    Маці Божая Шкаплерная ў Гудагаі чакае ўсіх, хто прагне сустрэчы з Ёю. Яна падтрымлівае і дапамагае кожнаму, хто да Яе звяртаецца. На каленях вернікі ідуць да галоўнага алтара, просячы аб патрэбных ласках.
    Пройдзе час, і з той жа адданасцю людзі прыедуць сюды ізноў, каб дзякаваць Нябеснай Заступніцы і ўзносіць да Яе свае малітвы.