Свята сем'яў у Тракелях

З жыцця Касцёла

12 і 13 ліпеня Марыйны санктуарый у Тракелях, як і кожны год, сабраў шматлікіх прыхільнікаў Найсвяцейшай Панны Марыі.
    У гэтым годзе ўсіх вітаў новы кусташ санктуарыя кс. Аляксандр Рудзевіч. Дзякуючы яго намаганням, а таксама дзякуючы намаганням кс. Паўла Галіньскага, былога кусташа санктуарыя, пілігрымы, прыбываючы ў Тракелі, маглі адчуваць сябе, як дома.
Як адзначыў кс. Аляксандр для каталіцкай перадачы “Сімвал Веры”, гэта для яго вельмі важнае заданне – весці вернікаў праз Марыю да Езуса. Як кожны год, на ўрачыстасці прыбыло даволі шмат пілігрымаў, а самая шматлікая пілігрымка прыйшла з Гродна – звыш 400 чалавек. Былі таксама пілігрымы з Ашмянаў, Ваўкавыска, Бярозаўкі і Іўя, Воранава і Ліды. Дэвізам сёлетніх дзён малітвы ў Тракелях былі словы: “Шчаслівая, якая паверыла”. Па прыкладзе Марыі, кожны ў гэты дзень мог асаблівым чынам даручыць сябе і сваё жыццё Богу, а таксама ўзмацніць сваю веру ў Годзе веры, які мы цяпер перажываем.
Урачыстасці распачаліся вечарам 12 ліпеня выстаўленнем Найсвяцейшага Сакраманту і адспяваннем Марыйнага звароту. На пачатку чування новы кусташ санктуарыя ва ўрачыстай працэсіі ўнёс рэліквіі бл. Яна Паўла II, якія можна было ўшанаваць у гэтыя дні. Па традыцыі, на пачатку начнога чування адбылася канферэнцыя, з якой да сабраных вернікаў звярнуўся кс. Чэслаў Паўлюкевіч, кусташ санктуарыя ў Росі. Казнадзей, прамаўляючы канферэнцыю на тэму веры і духоўнай пілігрымкі кожнага з нас, узгадаў тыя небяспечнасці, якія сустракаюцца на дарозе кожнага чалавека.
   Кс. Чэслаў казаў пра легкавернасць, пра тое, як вельмі часта людская вера з’яўляецца слабой. Ён заахвочваў усіх да малітвы ў інтэнцыі ўзмацнення сваёй веры, а таксама да таго, каб кожны быў адкрыты на дзейнасць Святога Духа. Пасля канферэнцыі асобныя парафіяльныя групы трывалі на малітоўным чуванні перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамантам.
    Апоўначы ў санктуарыі адбылася св. Імша, якую ўзначаліў кс. бп Антоні Дзям’янка, ардынарый Пінскай дыяцэзіі. Падчас гаміліі кс. бп Антоні прыгадаў вернікам развіццё культу Марыі. Ён асаблівым чынам адзначыў, што Тракелі вельмі важныя для яго і што ён вельмі цешыцца магчымасцю наведаць гэтае месца ў Год веры. У гаміліі біскуп адзначыў: “Год веры прыпамінае нам гісторыю нашай веры, у якой пераплятаюцца святасць і грэшнасць. І калі святасць сведчыць аб укладзе, які ўнеслі мужчыны і жанчыны ва ўзрастанне супольнасці праз свой прыклад жыцця, то другі кампанент – грэшнасць – павінен правакаваць нас да шчырай пакуты і навяртання, каб атрымаць прабачэнне ад Айца, які выходзіць насустрач”. На заканчэнне літургіі адбылася працэсія са свечкамі, падчас якой неслі абраз Маці Божай Тракельскай. Пасля працэсіі многія вернікі ўдзельнічалі ў начной адарацыі. Разам з моладдзю ў Тракелях маліўся таксама гурт нашай Вышэйшай духоўнай семінарыі “AVE”, які а 4-й гадзіне раніцы выступіў з канцэртам. Затым вернікі адспявалі Гадзінкі да Маці Божай. Шматлікія парафіі разам са сваімі душпастарамі прынялі непасрэдны ўдзел у гэтым чуванні, молячыся і разважаючы перад абразом Маці Божай.
    Галоўнае святкаванне тракельскіх урачыстасцей распачала суботняя св. Імша ў 7.30, якую цэлебравалі ксяндзы новапрэзбітэры і ксяндзы юбіляры. З Божым словам да вернікаў звярнуўся кс. Веслаў Дамброўскі, які ў гэтым годзе адзначае залаты юбілей святарства. Кс. Веслаў расказаў аб сваёй працы ў парафіі ў Наваельні, падзяліўся багатым святарскім вопытам, а маладым святарам пажадаў больш браць прыклад з цяперашняга папы Францішка, які з’яўляецца вельмі простым чалавекам і любіць бедных. На заканчэнне Эўхарыстыі кожны святар удзяліў вернікам сваё святарскае бласлаўленне, на памяць аб чым вернікі таксама атрымалі абразікі, напрыклад, кс. Веслаў раздаў абразікі, на якіх ён як малады яшчэ святар стаіць каля сённяшняга бласлаўлёнага Яна Паўла II.
    А 10-й гадзіне распачалася галоўная св. Імша. Эўхарыстыю ўзначаліў кс. абп Пётр Мальчук з Кіева. Св. Імшу сваім спевам упрыгожылі дыяцэзіяльны хор “Cantate Domino” і гурт Гродзенскай ВДС “AVE”. Падчас св. Імшы вернікі і духавенства прасілі Пана Бога аб моцнай веры для сем’яў у Беларусі, аб супакоі і згодзе ў сэрцы кожнага чалавека. Менавіта аб гэтым у гаміліі гаварыў кс. абп Пётр, які звярнуў увагу на тое, што сённяшні свет усё далей адыходзіць ад сапраўднага вобраза сям’і і мацярынства. Казнадзей заахвоціў сабраных вернікаў крочыць да Бога па прыкладзе Марыі, быць вернымі Яго слову і слухаць голас Евангелля, якое падказвае, як мы павінны жыць і што рабіць у кожны дзень нашай пілігрымкі.
    Касцёл у гэтыя дні ўвесь час быў поўны; перад абразом Маці Божай Тракельскай, а пасля св. Імшы таксама і перад рэліквіямі бл. Яна Паўла II, які ў гэтым годзе быў заступнікам малітоўнай сустрэчы каля ног Марыі, стаялі доўгія чэргі. Як адзначыў на заканчэнне ўрачыстасці кс. бп Аляксандр Кашкевіч, варта аддаць усё ў жыцці Божай Маці, так як гэта зрабіў вядомы нам бласлаўлёны папа Ян Павел II.
    Сёлетнія ўрачыстасці ў Тракелях сабралі вялікую колькасць вернікаў з дыяцэзіі і з усёй Беларусі, а таксама гасцей з-за мяжы. Паводле слоў кусташа санктуарыя, ва ўрачыстасцях удзельнічалі некалькі тысяч прыхільнікаў Маці Божай Тракельскай.
    На заканчэнне хачу звярнуць увагу на адзін момант. Пасля такіх урачыстасцей заўсёды застаецца адно пытанне: ці былі мы духоўна ўзбагачаны? Кожны, хто прыбывае ў Тракелі ў гэтыя дні або на працягу года, можа выйсці з гэтага месца шчаслівым. Пакідаючы ля ног Маці Божай просьбы, якія датычацца штодзённага жыцця, давайце не будзем забывацца пра духоўнае развіццё кожнага з нас, што і сёння мы можам пачуць голас Марыі, якая з’яўляецца нашай Маці і Каралевай нашых сем’яў. Урачыстасці мінулі, але Марыя запрашае кожнага з нас часцей наведваць гэтае месца, якое для Дыяцэзіі стала духоўнымі лёгкімі. Сёлетнія ўрачыстасці былі ўжо шаснаццатымі ў маім жыцці, але кожны раз, стоячы перад Марыяй у Тракелях, я нібы ўпершыню адчуваю Яе мацярынскі клімат.