Моладзь распавядае пра сустрэчу ў Ваўкавыску

З жыцця Касцёла

Дні моладзі – гэта, перш за ўсё, свята веры, якая праяўляецца ў выражэнні сапраўднай, шчырай радасці з таго, што ёсць выдатная магчымасць сустрэцца маладым вучням Хрыста ў атмасферы малітвы. Дні моладзі збіраюць людзей, для якіх словы Касцёл і Бог добра знаёмыя і якія імкнуцца, каб менавіта ў супольнасці ўзбагаціць і ўзмоцніць сваю веру. Аб гэтым у некалькіх словах распавядаюць прадстаўнікі моладзевых груп з Гродна і Іўя, якія прыехалі ў Ваўкавыск.
Крыстына Будзіловіч, Гродна:
    Першы раз я прыехала ў Ваўкавыск, каб пазнаёміцца з каталіцкай моладдзю, маімі аднагодкамі, каб падзяліцца сваёй верай у Бога, памаліцца аб памнажэнні маёй веры, бо вера для мяне з’яўляецца Божым дарам, якім мы павінны дзяліцца з кожным чалавекам. Дыяцэзіяльныя дні моладзі – гэта адзін са спосабаў паказаць нашу любоў да Бога праз малітву, перажыванне св. Імшы, рэлігійныя спевы, актыўны ўдзел у праграме. Дзякуючы ўдзелу ў Днях моладзі ў нас з’явіліся новыя знаёмыя, вельмі спадабалася катэхеза, выступленне моладзевых гуртоў і размова з біскупамі.

    Ганна Хомка, Іўе:
    У Днях моладзі я ўдзельнічаю 5 па ліку раз, таму што яны – мой рэлігійны светапогляд. Для мяне гэта таксама выдатная магчымасць пазнаёміцца з моладдзю з іншых парафій і разам памаліцца. Асабіста для мяне, Дні моладзі – гэта момант яднання маладых людзей з Богам. Мне вельмі падабаецца сама атмасфера гэтых Дзён.
   
    Сняжана Галабурда, Гродна:
    Прыехала сюды, каб умацаваць сваю веру ў Бога і паразмаўляць пра веру з іншымі. Спадабалася тое, што на сустрэчу прыехала шмат маладых, радасных святароў, якія былі адкрытыя на дыялог з моладдзю.
   
    Бажэна Вайцяховіч, Гродна:
    Не так часта можна ўбачыць, каб у адным месцы столькі моладзі супольна малілася. Да Бога лягчэй наблізіцца і ўзмоцніць сваю веру, калі адчуваеш падтрымку з боку сваіх аднагодкаў. Дзякуючы гэтаму мерапрыемству адчуваю сябе духоўна ўзмоцненым чалавекам. Радуецца вока, што, нягледзячы на розныя перашкоды, так шмат моладзі ідзе за Богам.
   
    Дар’я Прыгожая, Іўе:
    Кожным раз, калі я накі­роўваюся на сустрэчу моладзі, то перш за ўсё хачу пазнаць нешта большае, узбагаціць сваю веру новым досведам. І я не памыляюся ўжо 5 раз. На гэтых Днях моладзі я яшчэ раз пераканалася, што варта сюды прыязджаць, каб атрымаць новы ладунак духоўнай энергіі. Больш за ўсё мне падабаецца тут атмасфера радасці, сапраўднай Божай радасці. Гэта цяжка перадаць словамі. Трэба сюды прыехаць і пабачыць на свае вочы.