Сведчанні свайго паклікання

З жыцця Касцёла

Чаму ўсё яшчэ існуюць тыя, хто праз 2000 гадоў пасля выбару першых Апосталаў надалей хоча так, як і яны, пакінуць свае мары і планы, прысвячаючы жыццё служэнню Богу і людзям? Чым з’яўляецца пакліканне да святарства і адкуль яно бярэ свае пачаткі?
Ксёндз Ян КузюкКсёндз Ян Кузюк,
    парафія Найсвяцейшай Тройцы ў в. Бердаўка, Лідскі раён

    Гледзячы на прыклад святароў, якія паходзяць з маёй мясцовасці, я пачаў задумвацца аб сваім пакліканні. Асаблівым чынам уплыў на мяне аказаў прыклад майго першага пробашча кс. Станіслава Лугоўскага, які працаваў у Бердаўцы і які некаторы час жыў пад адным дахам са мной, у хаце маіх дзядоў. У той час, калі яго скіравалі ў нашу супольнасць, парафіяльнага дома яшчэ не было. Менавіта ён прыкладам свайго святарскага сведчання дапамог мне абраць гэты шлях.
   
   
 
 

Ксёндз Павел Эйсмант   Ксёндз Павел Эйсмант,
    парафія Божай Міласэрнасці, Гродна-Вішнявец
   
    Аднойчы ў сваім сэрцы я пачуў голас Божага паклікання. Бог адарыў мяне ласкай замілавання да святарства яшчэ ў 3-м класе сярэдняй школы. Тады яшчэ мае ўяўленні аб святарстве былі інфантыльнымі, заснаванымі на пачуццях, якія пазней прыціхлі. Больш сур’ёзна я пачаў думаць аб святарстве ў 10-м класе. Дзякуючы асабістай малітве, парадам старэйшых святароў і чытанню рэлігійнай літаратуры я прыйшоў да высновы, што гэта мой шлях, бо як напісана ў Евангеллі “жніво вялікае, але работнікаў мала”. Я захацеў стаць працаўніком на ніве Пана. Уплыў на мой выбар, у большасці сваёй, аказалі святары, якіх я меў магчымасць спаткаць у сваім жыцці. Мой колішні пробашч, кс. Станіслаў Росек, быў для мяне прыкладам працавітасці. Нягледзячы на цяжкасці, звязаныя з душпастарскай паслугай і будаўніцтвам касцёла, ён заставаўся верным свайму пакліканню. Аднойчы перад пілігрымкай ён падарыў мне фацімскі ружанец і заахвоціў, каб я ў гэтай малітве прасіў Бога распазнаць сваё пакліканне. Гэта засталося ў маёй памяці назаўсёды.
   
      
Ксёндз Юрый Ясевіч   Ксёндз Юрый Ясевіч,
    парафія св. Яна Хрысціцеля ў в. Беняконі, Воранаўскі раён
   
    Для мяне святар – гэта той, хто дапамагае чалавеку знайсці Бога, хто ахвяраваў сваё жыццё на служэнне Яму і чалавеку. З гэтым меркаваннем моцна звязаны мой выбар. На тое, што я абраў менавіта святарства, паўплывала шмат фактараў. Гэта, перш за ўсё, прыклад тых святароў, дыяканаў і клерыкаў, якія працавалі ў маёй роднай парафіі. На маю думку, святар павінен быць адчынены на дыялог з людзьмі, павінен быць чалавекам малітвы. Тых, хто задумваецца над выбарам святарства, я б хацеў заклікаць, каб яны мелі больш адвагі, не баяліся прыняць запрашэнне Езуса, не баяліся, што ад многага трэба будзе адмовіцца дзеля большай узнагароды, якую абяцае нам Езус.
   
   
Дыякан Юрый Гурскі   Дыякан Юрый Гурскі,
    парафія Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі,
    в. Новы Двор, Шчучынскі раён

   
    Перад кожным чалавекам на пэўным этапе яго жыцця паўстае неабходнасць выбару жыццёвага шляху. Маё рашэнне цесна звязана з маімі ідэаламі, якія я змагу рэалізаваць толькі на гэтай дарозе. Дзякуючы прыкладу сясцёр кармелітанак і тагачаснаму пробашчу парафіі а. Войцеху Вішнеўскаму насенне майго паклікання пачало ўзрастаць. Святар у сучасным грамадстве павінен быць сведкам Добрай Весткі аб Хрысце. Сярод спрэчных і шкодных ідэалогій голас Касцёла слаба чуваць, таму ён павінен быць больш адважным у прапаведаванні Езуса Хрыста і навучанні хрысціянскай маральнасці. Святар таксама павінен быць, кажучы сучаснай мовай, добрым лідарам. Для тых, хто думае абраць гэтую нялёгкую дарогу, я б параіў прыслухацца да голасу свайго сэрца і стаць у праўдзе перад самім сабой.
   
   
Дыякан Павел Безляповіч   Дыякан Павел Безляповіч,
    парафія Адшукання Святога Крыжа, г. Астравец
   
    На маё рашэнне стаць святаром аказала ўплыў шмат фактараў. Думаю, што пачуццё вялікай патрэбы дапамагаць людзям вырашаць іх праблемы і пазнаваць Бога. Значны ўплыў на мой выбар аказала таксама асяроддзе, у якім я атрымаў выхаванне: мая сям’я, парафіяльная супольнасць, а таксама розныя сітуацыі і людзі, якіх я сустракаў. Святар у сучаснасці павінен, перш за ўсё, першым выходзіць на дапамогу патрабуючаму чалавеку, быць спачатку чалавекам, а толькі потым святаром.