З гаміліі кс. аб-па клаўдыа гуджэроці

З жыцця Касцёла

У гэты дзень Бог даў нам асаблівае бласлаўленне: дар двух новых дыяканаў і чатырох святароў – дар настолькі вялікі для Касцёла, што сёння вы маглі спытаць: «Божа, што мы зрабілі, каб атрымаць такі дар?» Часта мы не заўважаем, наколькі важны гэты жэст любові Бога. Гэта не толькі асаблівая гісторыя любові Бога і кожнага з кандыдатаў – у ёй удзельнічаюць таксама ўсе, хто блізкі гэтым маладым людзям. Пасля пасвячэння яны будуць пасланы туды, куды іх накіруе біскуп, і ў сваіх супольнасцях яны будуць знакам Добрага Пастыра, які бярэ на свае плечы авечку, якая згубілася”.
“Касцёл стане багацейшым сёння, бо кожны з гэтых новых святароў і дыяканаў будзе пастырам і будзе шукаць згубленых авечак”.
    “Няхай малады святар не будзе адчуваць сябе ў супольнасці так, быццам ён не мае сям’і – бо ён член вашай сям’і”.
    “Ад вас залежыць, будуць у сваім жыцці гэтыя маладыя святары стаяць трывала на нагах або ім здарыцца ўпасці”.
    “Святары – тыя, хто добра ведае, што дзверы іх дома заўсёды адчынены, што дом святара – гэта не палац, у якім жывуць каралі, ён чымсьці падобны на палатку, якая пастаянна перамяшчаецца, каб быць там, дзе яна патрэбна Божаму люду”.
    “Калі камусьці з іх здарыцца ўпасці, няхай кожны з нас, дарагія святары, ведае, што мы адказныя за гэта. Быць моцнымі або слабымі – залежыць не толькі ад іх. Мы не павінны паказваць пальцам на іншага чалавека, але глядзець на сябе”.
    “Стаць дыяканам або святаром не тое самае, што атрымаць працу ў грамадстве. Гэта не часовая праца, якую можна змяніць, і не праца бюракрата ў кабінеце...”
    “Не бойцеся тых момантаў, калі вы адчуваеце глыбокую патрэбу сяброўства і цеплыні. Побач будзе Той, хто застаецца з вамі заўсёды, – Езус”. “Калі вы адчуеце на сабе поўны любові позірк Хрыста, ваша жыццё будзе поўным і рэалізаваным. У нашым жыцці бываюць моманты, калі мы спатыкаемся і падаем, але Бог падымае нас, і мы ідзём далей; моманты, калі нам нічога не хочацца рабіць, але Езус кажа: уставай і ідзі; моманты, калі мы не хочам сустракацца з нейкім чалавекам, але Ён кажа: спаткайся з ім, бо ў ім Я цябе чакаю”.
    “Улада ў Касцёле заключаецца толькі ў тым, каб мыць іншым ногі. Але і вы не бойцеся таго, што вам аднойчы захочацца, каб хтосьці вымыў ногі вам. Не бойцеся сваёй патрэбы ў цеплыні і сяброўстве, бо вы жывыя людзі. Але Езус заўсёды будзе разам з вамі, калі вы яго не пакінеце... І няхай Бог захавае вас ад небяспекі быць больш пабожнымі перад скарбонкай, а не перад табернакулюмам”.
    “Не можа быць, каб маладыя дыяцэзіяльныя ксяндзы адчувалі сябе сіротамі. Ніхто не згаджаецца быць сіратой усё жыццё. Гэта ваш абавязак і асаблівая радасць – паказаць маладым, што вы іх сям’я. Ці будуць яны цвёрда стаяць на зямлі, ці ўпадуць, залежыць ад вас. У вашых дамах заўсёды павінна быць месца для маладых святароў, якія павінны ведаць, што ёсць людзі, з якімі яны могуць падзяліцца сваімі цяжкасцямі”.
    “Ён абраў вас асаблівым чынам. Ваша дарога будзе заўсёды перад вачыма Бога”.
    “Не трэба баяцца, што мы пакінулі штосьці за намі, бо тое, што перад намі, – вельмі прыгожае”.