Падумай пра сваё пакліканне – да чаго цябе кліча Бог?!

З жыцця Касцёла

IV Велікодная нядзеля адзначаецца ў Касцё­ле як Нядзеля Добрага Пастыра – дзень асаб­лівай малітвы аб паклі­каннях.
    Падчас Эўхарыстыі чы­таецца фрагмент з Евангелля паводле св. Яна, у якім Езус называецца Добрым Пастырам (Ян 10, 27-30). Фрагмент мае выключнае душпастарскае значэнне. Давайце паспрабуем асаблівым чынам прыглядзецца да Хрыста як найлепшага Пастыра сваёй Аўчарні – Пастыра, які не толькі апекуецца сваімі авечкамі і абараняе іх, але і шукае тых, якія згубіліся. У гэты асаблівы тыдзень давайце памятаць у сваіх малітвах пра новыя пакліканні. Няхай ніколі не будзе нястачы ў маладых людзях, гатовых сказаць Богу: “ТАК” на Яго пакліканне: “Пайдзі за мной”. Тым, хто разважае над гатоўнасцю пайсці за гэтым голасам, няхай Добры Пастыр дадасць сіл і адвагі! Памолімся таксама аб удзеле свецкіх людзей у жыцці Касцёла.

   
Малітва аб новых пакліканнях

    O Езу, Божы Пастыр, Ты паклікаў апосталаў, каб зрабіць іх лаўцамі душ. Прыцягні да сябе палымяныя, высакародныя душы маладых людзей і ўчыні іх сваімі паслядоўнікамі і сваімі слугамі. Учыні, каб яны так, як Ты, прагнулі паўсюднага адкуплення, дзеля якога Ты ўзнаўляеш на алтары сваю ахвяру.
    Пане, Ты вечна жывеш дзеля таго, каб заступацца за нас, адкрый перад імі гарызонты, каб убачылі ўвесь свет, у якім узносіцца нямая просьба многіх братоў аб святле праўды і цеплыні любові; учыні, каб, адказваючы на Тваё пакліканне, яны працягвалі тут, на зямлі, Тваю місію, будавалі Тваё Містычнае Цела – Касцёл – і былі соллю зямлі і святлом свету.
    Пане Езу, няхай на Твой міласцівы заклік адгукнуцца таксама шматлікія жаночыя сэрцы, чыстыя і высакародныя. Улі ў іх прагу евангельскай дасканаласці, прысвячэння служэнню Касцёлу, а таксама братам, якім патрэбна дапамога і любоў. Амэн.
   

Малітва папы Паўла VI