Кшыштаф Зануссі: Чалавек сам адказвае за тое, што глядзіць

З жыцця Касцёла

Выказванні Кшыштафа Зануссі, які быў галоўнай “зоркай” першага дня кангрэса, інтэрнэт-карыстальнікі з ходу расцягвалі на цытаты. Цікавейшыя фрагменты яго разважанняў мы прадстаўляем у гэтай выбарцы:
Пра асаблівасці сучаснага жыцця:
   “Свет губляе пачуццё святасці, sacrum, але адначасова і сумуе па ім. Няма чаго наракаць – мы жывём у вельмі асаблівых умовах надзвычайнай заможнасці. Мы ніколі не былі такімі багатымі і не жылі так добра і бяспечна. Праз гэтыя новыя ўмовы чалавецтва трошкі згубіла арыентацыю. Знікла патрэба задаваць асноўныя экзістэнцыяльныя пытанні. А яны існуюць далей, яны не змяніліся. Нашыя часы менавіта таму такія цяжкія, бо такія лёгкія”.
 
Пра СМІ:
   “Сродкі камунікацыі існуюць для розных мэт: для заробку, каб падмануць ці звесці людзей, часцей за ўсё, каб ім штосьці прадаць або каб зняволіць іх. Гэта ўсё кепскія спосабы выкарыстання СМІ. Добры спосаб – гэта паказваць сэнс, які людзі шукаюць у жыцці.
   Мэта хрысціянскіх СМІ сёння такая ж, як была заўсёды: несці праўду з перспектывы хрысціянства, асабліва туды, дзе яе не хапае. І рабіць гэта якасна, не быць нуднымі”.

   Пра адказнасць чыта­ча:
   “Кепскія не сродкі масавай інфармацыі. Кепскія гледачы, чытачы і слухачы. Чалавек сам адказвае за тое, што ён глядзіць”.
 
    Пра ўплыў інтэр­нэту:
   “Незалежна ад усіх кантраляваных медый, існуе вялізная прастора новых медый, інтэрнэту, які не паддаецца кантролю і з’яўляецца зусім новай якасцю ў жыцці чалавецтва. Нічога такога раней не існавала. Гэта стварае новую якасць: змяняецца палітыка, дэмакратыя – усё змяняецца ад інтэрнэту. А ён жа насамрэч прыйшоў нейкіх дзесяць год таму”.

   Пра мастацтва:
   “Любая рэклама і прапаганда ў мастацтве – гэта яго забруджванне. Нават прапаганда веры”.

   Пра рэкламу веры:
   “Рэкламаваць веру можна, толькі я не ведаю, ці варта. Гэта ставіць веру на ўзроўні тавара, а гэта для яе не найлепшае месца. Можна людзям паказаць, што вера ёсць, але гэта акурат не надта вялікае адкрыццё. Людзям трэба дапамагаць зразумець веру, даведацца, чым яна ёсць”.