Кожнае наша дзеянне з добрым намерам можа праслаўляць Бога: ці песня гэта, ці танец, ці гульня ў бадмінтон. Мы атрымалі ў дар ад Бога розум, які дазваляе нам пазнаваць свет, мы маем сваё цела, якое можам навучыць прыгожа рухацца, мы маем душу, якая пазнае Бога. Калі мы будзем увесь час развіваць у сабе гэтыя дары, то будзем расці цалкам гарманічнымі асобамі. Арганізатары Парафіяды акурат і ставяць такія мэты – выхоўваць дзяцей і моладзь у поўнай гармоніі душы, цела і розуму. У Гродзенскай дыяцэзіі спаборніцтвы ў межах трыяды “Святыня-Тэатр-Стадыён” ладзяцца ўжо чацвёрты год. Як кажа галоўны арганізатар Парафіяды кс. Артур Малафей, яна ўжо стала духоўным феноменам у жыцці Касцёла Гродзенскай дыяцэзіі. Таму штогод усё больш дзяцей і моладзі прыязджае паспаборнічаць у розных конкурсах, паспяваць, патанцаваць і разам праславіць Бога ў супольных набажэнствах. З 12 па 15 чэрвеня парафіі Гродна-Паўднёвы і Гродна-Дзевятоўка будуць прымаць маладых вернікаў з усёй дыяцэзіі ў межах конкурсаў “Святыня-Тэатр”, а спартыўныя спаборніцтвы будуць адбывацца на галоўным гарадскім стадыёне. Як рыхтуецца Парафіяда ў гэтым годзе, мы распыталі кс. Артура Малафея.
†
– Кс. Артур, чаму абраны менавіта такі дэвіз Парафіяды: “Вера без учынкаў з’яўляецца мёртвай”, і якім чынам гэтыя словы будуць рэалізоўвацца падчас Парафіяды? – Сёлетні дэвіз павінен быць падрыхтоўчым этапам да таго, што ў кастрычніку Бенедыкт XVI абвесціць у Касцёле Год веры. Арганізацыйны камітэт Парафіяды таксама падкрэсліў моц праўды, што Касцёл павінен шукаць спосабы паказаць дзецям і моладзі, што жывой верай можна жыць штодзённа, нягледзячы на пагрозы сённяшняга свету.
Адна з частак трыяды – “Святыня” – будзе асаблівым момантам, у якім мы і плануем рэалізаваць словы з ліста св. Якуба. Склалася добрая традыцыя, што для справавання Эўхарыстыі на кожны дзень Парафіяды мы запрашаем новага святара прамаўляць Божае слова. Святароў, якія сёлета прыедуць з казаннямі, арганізатары будуць прасіць, каб гэтая тэма стала падставай для ўсяго тэкста гаміліі. Адпаведная дэкарацыя таксама павінна стварыць патрэбную атмасферу ў рэалізацыі гэтага дэвіза. Плануецца сустрэча са Святым Пісаннем, а таксама конкурсы: біблійны, пластычны, “Sacro song”, конкурс з жыцця і гісторыі Касцёла, у якіх гэтай тэматыцы будзе надавацца шмат увагі. Таксама вельмі важнымі будуць ранішнія і вячэрнія малітвы. У час спаборніцтваў у межах часткі “Стадыён” удзельнікі перад стартам будуць адгаворваць малітву, тэкст якой кажа пра тое, што значыць добры ўчынак падчас старту ў спартыўных спаборніцтвах.
– Якія моманты Парафіяды самыя ўдалыя з вопыту папярэдніх гадоў? На што дзеці і моладзь адгукаюцца найбольш ахвотна? – Дзеці і моладзь нашай дыяцэзіі любяць як малітву, так і забавы. Цяжка сказаць дакладна, што было самым удалым. Напэўна, самі ўдзельнікі могуць лепш пра гэта расказаць. Кожны год парафіядны камітэт пасля сканчэння Парафіяды робіць падсумаванне, што ўдалося ў гэтым годзе, а што не. Мы робім усё, каб на наступнай Парафіядзе было яшчэ лепш. Мы адкрытыя на парады адносна арганізацыі Парафіяды.
– Хто з прафесіяналаў дапамагае святарам рыхтаваць конкурсы ў межах спаборніцтваў “Тэатр” і “Стадыён”? Такія асобы ўвогуле запрашаюцца, ці ўсе спаборніцтвы рыхтуюцца сваімі сіламі – Касцёлам? – Калі казаць пра “Тэатр” і пра ўсе конкурсы, падрыхтаваныя ў гэты дзень, то тут кс. Віктар Ханько (Гродна-катэдра) і а. Віктар Бохан (Гродна-Дзевятоўка) адказваюць за іх падрыхтоўку. Я ўпэўнены, што з гэтым яны вельмі добра справяцца. Калі ўзнікае патрэба, ёсць людзі, да якіх святары могуць звярнуцца па дапамогу.
У межах спаборніцтваў на стадыёне мы ўжо некалькі гадоў супрацоўнічаем з дырэктарам ЦСК “Нёман” Францішкам Лецяга, які таксама з’яўляецца членам Беларускай асацыяцыі футбола. Мы запрашаем прафесійных суддзяў на футбол (са Слоніма і Гродна), настольны тэніс, бадмінтон, лёгкую атлетыку. Як і штогод, сёлета падрыхтоўкай спаборніцтваў па шашках будзе займацца кс. Антоні Абухоўскі, які таксама з’яўляецца старшынёй спартыўных аб’ектаў. Старшынёй спартыўнай камісіі будзе Артур Кахоцкі, студэнт, ён будзе сачыць, каб усё адбывалася своечасова. У падрыхтоўцы секцыі “Стадыён” таксама наладжана супрацоўніцтва са школай лёгкай атлетыкі ў Гродне і Слоніме.
– Якія складанасці ўзнікаюць падчас падрыхтоўкі Парафіяды? Чаго не хапае для найлепшай арганізацыі і правядзення гэтага вялікага мерапрыемства? – Калі размова ідзе пра арганізацыю акцыі, цяжкасці ёсць усюды. З Божай дапамогай, а таксама з дапамогай спонсараў і ахвярадаўцаў мы даём сабе рады. Кс. Максім Бачарнікаў, аканом Парафіяды, адказвае таксама і за падачу праектаў на падтрымку Парафіяды.
– Якія ўзнагароды Вы рыхтуеце пераможцам? – Сёлета апрача дыпломаў, кубкаў, медалёў і статуэтак будзе спецыяльная ўзнагарода для парафіі, якая пераможа ў спаборніцтвах на стадыёне, а таксама ў частках трыяды “Тэатр” і “Святыня”. І канешне, будуць узнагароды для трох найлепшых парафій, якія здабудуць найбольш балаў ва ўсёй трыядзе. Кожны ўдзельнік Парафіяды атрымае дыплом.
– Кс. Артур, чым для Вас з’яўляецца Парафіяда? – Для мяне гэта час сустрэчы з вялікай і жывой сям’ёй Хрыста, з жывым Касцёлам, які павінен быць нашай будучыняй. Падчас Парафіяды кожнае дзеянне, будзь гэта “Святыня”, “Тэатр” ці “Стадыён”, прасякнута думкай пра Бога і бліжняга.
– Дзякуй за размову!
12.06.2012 (Святыня) 14.00-17.00 – Прыезд груп і рэгістрацыя (пар. Гродна-Паўднёвы) 17.10 – Прэзентацыя парафіяльных груп у выглядзе слайд-шоу са здымкаў “Успаміны Парафіяды-2011” 17.20 – Падрыхтоўка да св. Імшы (падрыхтоўка літургіі спеваў, магчымасць скарыстання з сакраманту паяднання) 17.40 – Чэрвеньскае набажэнства 18.00 – Эўхарыстыя (праводзіць Я. Э. ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч) 19.30-21.15 – Засяленне 21.30 – Зварот |
13.06.2012 (Святыня-Тэатр) 7.00-7.30 – Сняданак 7.45 – Ранішнія малітвы 8.00 – Выезд аўтамабілямі ў пар. Гродна-Дзевятоўка 9.00 – Св. Імша. 10.00-13.00 – Конкурсы 13.00-14.00 – Абед 14.15-19.00 – Конкурсы 19.30 – Вячэра 20.30 – Канцэрт парафіяльнага моладзевага гурта з Дзевятоўкі 21.30 – Зварот 21.50 – Вяртанне ў пар. Гродна-Паўднёвы |
14.06. 2012 (Святыня-Стадыён) 7.00-7.30 – Сняданак 7.45 – Ранішнія малітвы 8.00 – Эўхарыстыя 9.00 – Выезд на гарадскі цэнтральны стадыён 9.30 – Урачысты пачатак спартыўных конкурсаў 10.00-14.00 – Спартыўныя конкурсы 14.05-15.00 – Абед 15.05-18.30 – Спартыўныя конкурсы 18.40 – Вячэра 19.00 – Выезд у пар. Квасоўка 20.00 – Адкрыты вечар (пар. Квасоўка) 21.40 – Зварот 22.00 – Выезд у пар. Гродна-Паўднёвы |
15.06.2012 (Святыня-Тэатр-Святыня) 7.00-7.30 – Сняданак 8.50 – Ранішнія малітвы 9.00 – Эўхарыстыя (праводзіць Я. Э. ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч) 10.30 – Уручэнне ўзнагарод 11.30 – Супольны пачастунак і заканчэнне Парафіяды |
|
Праграма “Святыні” Ранішнія малітвы – кожны дзень распачынаецца малітвай (усе павінны ўдзельнічаць і не спазняцца). Св. Імша – гэта найважнейшы пункт праграмы кожнага дня. Чытанне, псальм, паўсюдную малітву і літургію спеву рыхтуюць ахвотныя ўдзельнікі Парафіяды (апекуны падаюць ахвотных). Адарацыя Божага слова – кожны дзень будзе адбывацца адарацыя Божага слова, злучаная з чытаннем Евангелля (сустрэча і разважанне над Божым словам, дзяленне сваімі перажываннямі). Сакрамант паяднання – перад і падчас св. Імшы ёсць магчымасць скарыстацца з сакраманту паяднання. Вячэрні зварот – кожны дзень заканчваецца вячэрнім зваротам. Тады зноў сустракаемся разам (дзень таксама заканчваецца супольнай малітвай). |
|
Праграма часткі трыяды “Тэатр” 9.00 – Св. Імша (пар. Найсвяцейшага Адкупіцеля – Дзевятоўка) 10.00 – Біблійны конкурс 11.00 – Конкурс з жыцця і гісторыі Касцёла 12.00 – Выступ тэатральных гуртоў з кожнай парафіі 13.00 – 14.00 – Абед 14.15 – Пластычны конкурс 14.30 – Конкурс “Sacro Song” 17.00 – Конкурс “Музыка маім жыццём” 19.30 – 20.15 – Вячэра 20.30 – Канцэрт гуртоў з Дзевятоўкі 21.30 – Вячэрні зварот 21.50 – Выезд на месца пражывання |
План спаборніцтваў у частцы трыяды “Стадыён” 9.30 – Адкрыццё 9.45- 10.15 – Кіданне мяча (дзяўчаты) 9.45-10.15 – Скачкі ў даўжыню з разбегу (хлопцы) 10.15-10.35 – Кіданне мяча (хлопцы) 10.15-10.45 – Скачкі ў даўжыню з разбегу (дзяўчаты) 10.45-14.00 – Футбол (хлопцы) 11.00-14.00 – Бадмінтон, настольны тэніс (дзяўчаты) 12.00-14.00 – Шашкі (дзяўчаты) 12.30-14.00 – Бег па перасечанай мясцовасці (дзяўчаты, хлопцы) 15.00-17.15 – Валейбол (дзяўчаты) 15.00-17.15 – Бадмінтон, настольны тэніс (хлопцы) 16.00-17.15 – Шашкі (хлопцы) 17.30-18.30 – Бег 60 метраў, бег 100 метраў (хлопцы, дзяўчаты) |
|