Не страціць духа свайго паклікання

З жыцця Касцёла

Кс. Валерый Быкоўскі, Галоўны рэдактар у 2007 г. – жнівень 2009 г.
   Юбілей, які цяпер перажывае наша дыяцэзіяльная газета “Слова Жыцця”, заахвочвае ўсіх нас да падзякі Пану Богу за магчымасць працягваць справу, якая 15 гадоў таму дзякуючы ініцыятыве кс. б-па Аляксандра Кашкевіча і актыўнаму ўдзелу кс. прэлата Яраслава Грынашкевіча ўпершыню ў гісторыі каталіцкай прэсы Гродзенскай дыяцэзіі ўбачыла свет.

   Напэўна, нельга забываць пра ўсіх тых, хто самым розным чынам на працягу многіх гадоў стараўся сваім укладам узбагаціць такую важную справу. Гэта, перш за ўсё, калектыў рэдактараў, перакладчыкаў, журналістаў і многіх іншых людзей добрай волі, якія супрацоўнічалі з нашай газетай, узбагачаючы яе артыкуламі і навінамі з жыцця Касцёла, асобных парафій і свету.

   Касцёл на працягу стагоддзяў стараецца па-рознаму выконваць місію Хрыста ў абвяшчэнні Добрай Навіны “Ідзіце і навучайце...”.

   Ён усё больш імкнецца ўцягваць у сваю місійную паслугу новыя тэхналогіі вуснай, аўдыявізуальнай, пісьмовай перадачы інфармацыі, а сёння таксама і інтэрнэту. Цешыць тое, што таксама і наша газета на чале з Галоўным Рэдактарам кс. Паўлам Салабудам разам з Рэдакцыйным Калектывам уводзіць новыя спосабы, як дайсці да чытачоў з Божым словам. Касцёл быў пакліканы Хрыстом стаць Яго бачным знакам і шляхам да паяднання з Ім як на сакраментальным шляху, так і ў паслузе Слова. Таму задачай усёй каталіцкай прэсы з’яўляецца паказ таго, што адкрывае нас на Хрыста і паказвае ролю чалавечай асобы ў стварэнні асабістых стасункаў з Богам на многіх узроўнях людскога жыцця. Сучасны чалавек атрымлівае вельмі шмат інфармацыі, але яна не заўсёды ўзбагачае яго духоўнасць.

   Мы бачым, як у сённяшнім свеце праз сродкі масавай інфармацыі можна маніпуліраваць мысленнем чалавека, фарміруючы яго светапогляд паводле прагматычных канцэпцый пэўнай групы людзей, якія пераследуюць свае ідэі. Таму, адказваючы на заклік сённяшняга свету з мэтай паказаць сапраўднае дабро чалавечай асобы, таксама і наша дыяцэзіяльная газета паклікана да таго, каб фармаваць яе хрысціянскі светапогляд на падставе Божага закону.

   Хачу ад усяго сэрца павіншаваць Рэдакцыю “Слова Жыцця” з усімі дасягненнямі і падзякаваць за 15 гадоў дзейнасці на карысць распаўсюджвання Божага слова на старонках нашай газеты. Жадаю Вам і ўсім Чытачам не згубіць духу свайго паклікання і надалей трымаць высокі ўзровень, узбагачаючы праз Божае слова жыццё нашай дыяцэзіі.