Дэканат, які спявае

З жыцця Касцёла

Іўе з’яўляецца шматкультурным і шматнацыянальным горадам. Тут разам жывуць палякі, беларусы, рускія, татары і іншыя нацыянальнасці. Сярод іх ёсць вернікі каталіцкага, праваслаўнага веравызнання, а таксама прадстаўнікі ісламу і іншых рэлігій. Так сталася, што канцэрт калядак быў арганізаваны ў межах Тыдня малітвы за адзінства хрысціян. Як адзначылі арганізатары, гэты фестываль, які адбываецца ў такім асаблівым месцы, як Іўе, можа таксама спрычыніцца да адзінства хрысціян. Людзі розных культур і веравызнанняў у гэты дзень спявалі на хвалу Бога.
   Нядзеля 22 студзеня на­доўга застанецца ў памяці ўсіх вернікаў дэканата Іўе. У гэты дзень тут адбыўся IХ Фестываль калядак “Gloria in excelsis Deo”, арганізаваны кс. Янам Гавецкім і парафіянамі. У Іўе прыехалі прадстаўнікі ўсіх парафій дэканата. Спачатку фестываль арганізоўваўся толькі для жыхароў мястэчка і ваколіц, а сёлета гэта была ўжо другая дэканальная сустрэча дзяцей і моладзі, ахвотных падзяліцца сваім спевам калядак. У гэты нядзельны вечар на сцэне мясцовага Дома культуры можна было сустрэць удзельнікаў рознага ўзросту; салістаў, калектывы і гурты, якія прыехалі са сваімі катэхетамі, настаўнікамі музыкі, святарамі і манаскімі сёстрамі.
“Давайце радавацца ўсім сэрцам і спяваць усёй душою”, – заахвоцілі вядучыя на распачацце фестывалю. Трэба адзначыць, што ў гэты дзень у зале Дома культуры месца хапіла не ўсім. Хтосьці пажартаваў, што ў наступным годзе Фестываль калядак трэба будзе арганізоўваць на стадыёне.
   На пачатку фестывалю да прысутных звярнуўся кс. Ян Гавецкі, прывітаўшы ганаровых гасцей, якія прыбылі на ўрачыстасць: кс. б-па Аляксандра Кашкевіча, кс. прэлата Андрэя Стэцкевіча, Генеральнага консула Польшчы ў Гродне Андрэя Хадкевіча і мясцовыя ўлады.
   Кс. Ян Гавецкі адзначыў: “Мы хочам спевам выказаць нашу вялікую любоў і веру ў Бога і Касцёл, аддаць павагу нашай хрысціянскай традыцыі, падтрымаць яе і перадаць наступнаму пакаленню. Фестываль – гэта спяванне хвалы Пану Богу”.
   Калядкі па-польску, па-руску, па-беларуску і нават па-італьянску гучалі ў гэты дзень у Іўі. А ўсіх удзельнікаў ацэньвала прафесійнае журы. Пераможаных не было. Дзякуючы намаганням кс. дзекана Яна Гавецкага, усе ўдзельнікі атрымалі памятныя падарункі. Пераможцы атрымалі спецыяльныя ўзнагароды ад кс. б-па Аляксандра Кашкевіча, Генеральнага консула РП і кс. Яна Гавецкага.
   Ксёндз біскуп Аляксандр Кашкевіч падзякаваў арганізатарам фестывалю за сілы, укладзеныя ў яго арганізацыю. Пастыр дыяцэзіі таксама павіншаваў усіх удзельнікаў фестывалю і заахвоціў больш ухваляць Бога сваім спевам, а перш за ўсё – сваім жыццём. Падчас фестывалю ксёндз біскуп удзяліў усім прысутным пастырскае бласлаўленне.
   Арганізатар Фестывалю калядак адзначыў, што ўсе будуць з нецярпеннем чакаць наступнага, ужо юбілейнага, канцэрта. Усе ўдзельнікі фестывалю, як “анёлы для Езуса”, спявалі сваё “Gloria”.