Новы год мы распачынаем з надзеяй

З жыцця Касцёла

На тэму жыцця і дзейнасці Касцёла ў Беларусі ў 2011 годзе, а таксама аб штодзённым жыцці ксяндза арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім размаўляў ксёндз Павел Салабуда.
Ваша Эксцэленцыя, на заканчэнне старога каляндарнага года і пачатак новага ў сродках масавай інфармацыі часта можна знайсці падсумаванне вынікаў мінулага года і накід планаў на новы год Панскі. Якім быў 2011 год для Касцёла ў Беларусі? Ці быў ён удалым?
    Трэба, канешне, памятаць, што найлепшую ацэнку можа даць толькі Пан Бог і, безумоўна, людзі. Аднак усе мы робім рахунак сумлення і пытаем сябе, ці ўдалося нам дасягнуць мэт, якія мы ставілі перад сабой год таму. Напэўна, было вельмі шмат дасягненняў, але былі таксама і моманты, якія мы называем цяжкімі. Заўсёды бывае так: чалавеку нешта баліць, але ён яшчэ жыве. Падобным чынам адбываецца і ў Касцёле: калі існуюць праблемы, г.зн. Касцёл жыве, ён не мёртвы. Гэтыя праблемы трэба вырашаць. Таму я мог бы сказаць, што 2011 год для Касцёла не быў дрэнным.

   Вы ўзгадалі пра дасягненні Касцёла ў Беларусі. Якія яны?

    На маю думку, душпастырскі план на Год міласэрнасці “Божая міласэрнасць як адзіная надзея сучаснага свету” ўдаўся. Адбылася перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Гродзенскай дыяцэзіі. Акрамя гэтага, наколькі я ведаю, ксяндзы і біскупы ў сваіх пастырскіх лістах пісалі на тэму міласэрнасці. Дэлегацыя з Беларусі прыняла ўдзел у II Кангрэсе Божай міласэрнасці ў Кракаве. Таксама адбываліся розныя канферэнцыі на гэтую тэму. З душпастырскага пункта гледжання, гэта была добрая тэма. Напэўна, варта было б прыгадаць і тое, што каля тысячы маладых людзей з Беларусі ўдзельнічала ў Сусветных днях моладзі ў Мадрыдзе. Падчас канферэнцый, якія я сам праводзіў, наша моладзь была вельмі актыўнай. 30-ці хвілін заўсёды было мала для задавання пытанняў. Важна таксама ўзгадаць пра святкаванне 20-годдзя заснавання Мінска-Магілёўскай мітраполіі і структур Касцёла, у тым ліку і Гродзенскай дыяцэзіі. Кожная дыяцэзія па-свойму перажывала гэтыя ўрачыстасці. Трэба таксама прыгадаць галоўныя ўрачыстасці, якія ўзначальваў кс. кардынал Роберт Сара, старшыня Папскай рады “Cor Unum”, калі на цэнтральнай плошчы Мінска сабралася вялікая колькасць людзей і, безумоўна, шмат біскупаў. Касцёл вельмі добра падрыхтаваўся да святкавання 20-годдзя. Хаця б адпуст у Тракелях, які таксама быў звязаны з 20-годдзем Гродзенскай дыяцэзіі. Там таксама сабралася вялізная колькасць вернікаў. Фэст у Будславе, які ў гэтым годзе прыпаў на пятніцу і суботу, сабраў намнога больш людзей, чым у мінулыя гады. Таксама і візіт старшыні Папскай рады па сродках масавай камунікацыі аб-па Клаўдыё Марыі Чэлі. Дзве яго канферэнцыі для свецкіх і каталіцкіх СМІ былі вельмі важнымі. Арцыбіскуп таксама ўбачыў, што не толькі каталіцкія, але і свецкія СМІ цікавяцца жыццём Касцёла. Важнае значэнне мела і канферэнцыя, прысвечаная каталіцкаму і праваслаўнаму дыялогу з удзелам старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу кардынала Курта Коха, мітрапаліта Філарэта, вялікай колькасці праваслаўных епіскапаў з розных краін свету, а таксама ўсяго каталіцкага епіскапату Беларусі. Я часта бываю на розных канферэнцыях. Ведаю вельмі шмат людзей, якія прыехалі з Захаду, і ўсе яны ў адзін голас казалі, што такая канферэнцыя, на такім узроўні і на такую тэму была магчымая толькі ў Беларусі. Чарговым важным дасягненнем з’яўляецца выданне дзвюх вельмі важных кніг: “Кампендый сацыяльнага вучэння Касцёла” і “Літургічная агенда”. Гэтыя кнігі вельмі неабходныя. Вялікай стратай у мінулым годзе была, безумоўна, смерць кс. кардынала Казіміра Свёнтэка, які вельмі шмат значыў для каталіцкага Касцёла. Трэба маліцца аб вечным адпачынку для яго. Тое, што ён быў вельмі вядомым, заўважыла таксама дзяржава. Аб гэтым сведчыць падыход да хваробы і лячэння ксяндза кардынала, яго пахаванне, удзел ва ўсім гэтым дзяржавы, а таксама тое, што адна з вуліц у Пінску, якая акурат прылягае да катэдры і семінарыі, была названа імем кардынала Свёнтэка. Да дасягненняў я дадаў бы таксама яшчэ адну вельмі важную падзею: адкрыццё табліцы з малітвай “Ойча наш” па-беларуску ў касцёле “Pater Noster” у Святой Зямлі. На гэтай урачыстасці прысутнічаў увесь епіскапат Беларусі, дзвесце пілігрымаў з нашай краіны і пасол Беларусі ў Ізраілі. Я лічу, што гэтая падзея мае не толькі рэлігійны, але і культурны характар. Назіраецца далейшае развіццё СМІ, а таксама тое, што набажэнствы з урачыстасцей Божага Нараджэння і Пасхі ў мінскай катэдры трансліруюцца ў нас, а таксама па тэлеканале “Мір”, які глядзяць жыхары краін былога Савецкага Саюза. Трэба таксама адзначыць, што ў гэтым годзе трохі больш пакліканняў да святарства.

    Ваша Эксцэленцыя, якія нявырашаныя справы застаюцца на 2012 год?
    Магчыма, не толькі на гэты год, але і на далейшыя гады – справа рамонту і будаўніцтва касцёлаў, якіх усё яшчэ замала. Сёння ўвесь свет перажывае фінансавы крызіс. Ён закрануў і Касцёл. Гэта адна з сур’ёзных праблем. Іншымі важнымі пытаннямі з’яўляюцца праблема пакліканняў і душпастырства пакліканняў да святарства і кансэкраванага жыцця. Гэта вельмі непакоіць усіх людзей. Безумоўна, мы павінны надалей прапагандаваць ідэі новай евангелізацыі. Сёння мы бачым, што замала старой мовай абвяшчаць Евангелле. Трэба выкарыстоўваць сродкі масавай камунікацыі і новыя сродкі абвяшчэння Евангелля. Сёння гэта проста неабходна. Калі Касцёл хоча быць евангелічным, ён павінен быць медыйным.

    Вы не баіцеся гаварыць пра тое, што апрача дасягненняў мы маем таксама праблемы і недахопы. Калі ласка, некалькі слоў на гэтую тэму.
    Я лічу, што кожны чалавек павінен удасканальвацца, і біскуп таксама. Біскуп таксама прыступае да споведзі. Мы стараемся выпраўляць некаторыя памылкі, напрыклад, сёння не ўдасца пабудаваць вялізных касцёлаў і невядома, ці такія вялікія святыні патрэбны. Некаторыя праекты ўдалося трохі змяніць на меншыя, больш функцыянальныя. Сёння трэба скончыць з гэтай гігантаманіяй у будаўніцтве. Трэба прысвячаць больш увагі і ўваходзіць у справы выдавецтва, у справы развіцця СМІ, больш клапаціца пра этычны характар сродкаў масавай інфармацыі, каб яны маглі адказаць на заклік нашага часу. Варта таксама яшчэ больш прыслухоўвацца да моладзі, слухаць людзей. Папа Бенедыкт XVI у сваім Лісце на Дзень малітвы за мір вельмі выразна падкрэслівае гэта, гаворачы пра выхаванне моладзі. Каментуючы гэты Ліст у мінскай катэдры, я гаварыў, што гэта павінен быць рух у двух напрамках. Мы павінны не толькі казаць моладзі, што ёй трэба рабіць, але таксама варта і паслухаць моладзь. Напрыклад, да арганізацыі пілігрымак трэба старацца далучаць больш свецкіх людзей, не толькі як удзельнікаў, але як арганізатараў. Мы стараемся гэта рабіць і знаходзімся на правільным шляху.

    Якім, на Вашу думку, павінна быць рэлігійнае жыццё ў Беларусі ў 2012 годзе?
    Заўсёды трэба мець надзею і жыць ёй. Мы распачынаем новы год з надзеяй. Бог бласлаўляе заўсёды, трэба толькі адкрыць сябе на гэтае бласлаўленне. Кожны з нас павінен імкнуцца да дасканаласці, да Бога. Мы ўваходзім у гэты новы год з надзеяй на тое, што ён будзе лепшым і прынясе новы плён.

    Ваша Эксцэленцыя, на заканчэнне нашай размовы хацелася б задаць Вам некалькі кароткіх пытанняў. Нас цікавіць што-небудзь з Вашага жыцця. Дайце, калі ласка, кароткія адказы. Якое, на Вашу думку, найпрыгажэйшае месца ў Беларусі?
    Адэльск.

   А найпрыгажэйшае месца ў свеце?
    Фаціма.

    Якія Вашы любімыя стравы?
    Рыбныя.

    А якую апошнюю кнігу Вы прачыталі?
    “Езус з Назарэта”.

    Які Ваш любімы від спорту?
    Футбол.

    Колькі гадзін у суткі Вы спіце?
    Я стараюся спаць 6 – 7 гадзін.

    Дзе Вы сустракалі Новы год?
    У касцёле.

    Дзякуй за размову.