Сустрэча капеланаў турмаў

З жыцця Касцёла

Рым, 13 – 16 студзеня 2011 г.
Капеланы турмаў у Еўропе з’яўляюцца часткай Міжнароднай камісіі каталіцкіх капеланаў турмаў. Мэтай сёлетняга Кангрэса капеланаў турмаў было: 1) змена структур і стварэнне рэгіёнаў у Еўропе, 2) падрыхтоўка да сусветнага кангрэса, які адбудзецца з 27.08 па 01.09. 2011 г. у Яундэ сталіцы Камеруна (Афрыка). У сустрэчы прынялі ўдзел 18 прадстаўнікоў Еўропы з Францыі, Італіі, Бельгіі, Галандыі, Англіі, Уэльса, Шатландыі, Славеніі, Албаніі, Аўстрыі, Швецыі, Польшчы, Беларусі, Украіны, Мальты і Лівана (арабскія краіны). Сярод нас прысутнічаў прадстаўнік Ватыкана і духоўны апякун кангрэса кс. біскуп Джон Брайан з Шатландыі. Вёў сустрэчу былы кіраўнік (прэзідэнт) сусветнай Міжнароднай камісіі спадар Хрысціян Кун з Аўстрыі. Большасць капеланаў турмаў у Еўропе – гэта ксяндзы і манахі, але ў Аўстрыі, Бельгіі, Галандыі гэта свецкія асобы.
Міжнародная камісія каталіцкіх капеланаў турмаў бярэ пачатак ад кангрэса, арганізаванага Дзяржаўным Сакратарыятам, будучым папам Паўлам VI у святым 1950 годзе ў Рыме. Чарговыя кангрэсы адбываліся кожныя чатыры гады. Іх мэтай была падтрымка капеланаў турмаў і садзейнічанне ўсё большаму ўсведамленню сутнасці турэмнага душпастырства. Камісія, якая сабралася ў 1972 г. у Рыме, апрацавала статут і дакументы (заканадаўчыя акты). У 2007 г. у склад камісіі ўваходзіла звыш 100 дзяржаў усяго свету. Камісія стала найбольшым каталіцкім форумам душпастырскага клопату пра вязняў.
    З нагоды юбілею 2000 г. 9 ліпеня Святы Айцец Ян Павел II накіраваў пасланне пра юбілей у турмах ва ўсім свеце. З 2000 г. камісія атрымала праваздольнасць і ўвайшла ў склад ААН. Штогод яна з’яўляецца ініцыятарам сустрэчы, прысвечанай праблемам наркаманіі і злачыннасці падлеткаў. Камісія супрацоўнічае з ААН у абмеркаванні і прадухіленні такіх з’яў, як гандаль людзьмі, прымяненне катаванняў, самагубствы.
    На сёлетнім кангрэсе шмат часу было прысвечана абмену вопытам душпастырскай працы капеланаў турмаў у розных краінах Еўропы.У скандынаўскіх краінах (у большасці пратэстанцкіх) для жадаючых праводзяцца духоўныя практыкаванні св. Ігнацыя Лаёлы, якога стыль жыцця і манаскі статут карыстаюцца вялікім поспехам. У Вялікабрытаніі некаталіцкія капеланы маюць дазвол ад турэмных улад на тое, каб пазнаёміць вязняў з магіяй і язычніцкімі звычаямі, якія лічацца рэлігіяй. Паводле закону, у Аб’яднаным Каралеўстве капеланамі могуць быць толькі англіканскія духоўныя асобы. Выключэнне складаюць каталіцкія капеланы, якія клапоцяцца пра лёс вязняў пасля адбытага імі пакарання. Пасля трохмесячнага курса (у 6-асабовай групе) свецкія валанцёры апякуюцца кожным былым вязнем на працягу 4 – 5 месяцаў, падтрымліваюць з ім пастаянны кантакт да часу, калі той знойдзе працу. Парафія становіцца своеасаблівай вялікай сям’ёй, якая прымае “гасцей” і эфектыўна дапамагае ім вярнуцца ў грамадства.
    Адзін з капеланаў, святар і псіхатэрапеўт, заўважыў, што ў мозгу чалавека, які зрабіў злачынства, наступаюць фізіялагічныя змены, якія вядуць да дэградацыі (знішчэння чалавечнасці). І наадварот - калі ўжо дзіця любяць, то тая частка мозгу, якая адказная за вышэйшыя пачуцці, развіваецца пазітыўна. Любоў з’яўляецца ключом да поўнага развіцця чалавека, у мозгу якога адбываюцца пэўныя фізіялагічныя змены. Развіццё асобы і духоўнасць ідуць разам. Недастаткова малітвы, калі я не імкнуся пазнаць іншага чалавека. Пазнанне бліжняга з’яўляецца падставай да аказання яму духоўнай дапамогі. Людскія пачуцці, перш за ўсё любоў, лечаць параненых (ахвяры). Як жа часта ахвяры становяцца злачынцамі! Напрыклад, пакрыўджанае сексуальна дзіця,будучы дарослым, можа зрабіць такое ж злачынства. Чалавек, якога любяць, мае шанс змяніцца. Таму абавязковай умовай для працы з вязнямі з’яўляецца вывучэнне педагогікі і псіхалогіі.
    Заслугоўвае ўвагі сітуацыя турэмнага ведамства ў Бельгіі і Галандыі, дзе адна на тры асобы лічацца нерэлігійнымі. Паводле новага закону, кожны можа вызнаваць сваю філасофію. Ёсць сем рэлігій, прызнаных дзяржавай. Апрача традыцыйных, існуе таксама незалежнасць ад Царквы (свецкасць). Дзяржава аднолькава плаціць усім капеланам, у тым ліку таксама тым, хто ўводзіць свецкасць (неаязычніцтва). У сувязі з гэтым некаторыя капліцы ператвораны ў рэкрэацыйныя і спартыўныя залы. Адказныя за культ апрацавалі міжрэлігійную і філасофскую праграму, якая ў будучым павінна стаць мадэллю для ўсёй Еўропы. У турмах большасці краін Еўропы ёсць капліцы ці месцы, прызначаныя для культу, у якіх збіраюцца хрысціянскія супольнасці пад кіраўніцтвам капелана.
    Іншай практыкай, якая заслугоўвае прызнання, з’яўляецца далучэнне вязняў да дапамогі інвалідам, пілігрымкі ў санктуарыі, дапамога паміраючым у хоспісах, як гэта робіцца ў Польшчы.
    Вялікую зацікаўленасць удзельнікаў кангрэса выклікала дзейнасць кс. Казіміра Жыліса, шматгадовага капелана турмы ў Гродне. Безумоўна, гэтая тэма заслугоўвае на прысвячэнне ёй асобнай увагі.