Новыя нападкі на Папу. З якой мэтай?

З жыцця Касцёла

У медыйную прастору запушчана яшчэ адна “качка” пра тое, нібыта Папа змяніў “сваё меркаванне” адносна дапушчальнасці прэзерватываў і кантрацэпцыі. Сфабрыкаваная кімсьці “навіна” і прадказальны антыкаталіцкі каментарый шырока перадрукоўваюцца нават афіцыйнымі інтэрнэт-сайтамі многіх інфармацыйных агенцтваў.
    “Гарачая навіна” звязана з выхадам у аўторак 23 лістапада новай кнігі Бэнэдыкта XVI “Святло свету. Папа, Касцёл,знакі часу”. Кніга ўяўляе сабой разгорнутае інтэрв’ю з Папам на хвалюючыя сучасны свет тэмы. Інтэрв’ю ў Пантыфіка ўзяў вядомы нямецкі пісьменнік і журналіст Peter Seewald. Ватыканскае выданне “L’Osservatore Romano” (21.11.2010), анансуючы выхад кнігі адразу ў васьмі моўных версіях, надрукавала ўрыўкі з кнігі. Менавіта тэндэнцыйная інтэрпрэтацыя гэтых урыўкаў і дала падставу для “сенсацыйных” вывадаў.
Урывак на сексуальную тэматыку, з якога робяць сенсацыю, выглядае так:
    “Засяроджванне ўвагі толькі на прэзерватыве азначае баналізацыю сексуальнасці, а гэтая баналізацыя з’яўляецца небяспечнай прычынай, з-за якой так шмат асоб ужо не бачыць у сексуальнасці выражэння сваёй любові, але толькі своеасаблівы наркотык, які самі ўжываюць. Таму барацьба з баналізацыяй сексуальнасці – гэта частка велізарнага намагання, каб сексуальнасць ацэньвалася пазітыўна і магла аказваць свой пазітыўны ўплыў на чалавечую істоту як цэласнасць. Могуць узнікаць паасобныя зразумелыя выпадкі, напрыклад, калі прэзерватыў выкарыстоўвае прастытутка, і гэта можа быць першым крокам у кірунку маралізацыі, першы крок да адказнасці, каб развіць новае ўсведамленне факту, што не ўсё дазволена і нельга рабіць усё, што пажадаеш. Аднак гэта не сапраўдны спосаб пераадолення ВІЧ. Сапраўды, існуе неабходнасць гуманізацыі сексуальнасці”. (пераклад з: http://www.vatican.va/news_services/or/or_quo/text.html) Вядома, што асобы, якія не ведаюць каталіцкага веравучэння, могуць па-рознаму зразумець фрагмент, вырваны з кантэксту разважанняў Бэнэдыкта XVI. У дадзеным фрагменце Папа не гаворыць аб нейкай легалізацыі ці дапушчальнасці кантрацэпцыі. Гаворка ідзе аб тым, што цэнтральнай праблемай сучасніка ў сексуальнай сферы з’яўляецца бяздумная ўседазволенасць, адсутнасць межаў дапушчальнага. І калі сексуальна разбэшчаны чалавек (напрыклад, прастытутка) пачынае выкарыстоўваць прэзерватыў, то для яе гэта ўжо пачатак абмежавання сваёй разбэшчанасці. У такой сітуацыі гэтая асоба можа пачаць усведамляць, што ў сексе не ўсё дазволена, што трэба абмяжоўваць сябе дзеля чагосьці больш важнага. Гэта нагода задумацца, але гэта не выхад. Прэзерватыў – гэта “не сапраўдны спосаб пераадолення ВІЧ”. Гэта падман, гэта імкненне вырашаць праблему, не кранаючы яе сутнасці.
    Як бачым, гаворка ідзе зусім не аб дапушчальнасці прэзерватываў. Сутнасць выказвання Папы заключаецца ў тым, што сучаснаму чалавеку варта ўсвядоміць неабходнасць панавання над сексуальнай актыўнасцю і разглядаць яе ў кантэксце цэлага чалавека.
    На жаль, некаторыя выданні груба паперайначвалі выказванні Папы. Напрыклад, слова “прастытутка” замянілі на “мужчына-прастытутка”. І пасля падмены паняццяў пачалі фарміраваць адпаведныя інтэрпрэтацыі і інсінуацыі (паклёпніцкія выдумкі, накіраваныя супраць каго-небудзь).
    І апошняе, на што належыць звярнуць увагу. Многія сайты, пішучы аб вышэйзгаданым, падаюць гэта як змену ў меркаванні Папы, што, паводле іх, раўназначна змене ў каталіцкай маральнай дактрыне. Але праўда заключаецца ў тым, што дактрына Касцёла не залежыць ад меркавання яе паасобных членаў (свецкіх ці духоўных). У Каталіцкім Касцёле існуе кардынальная розніца паміж дактрынай, якая абавязвае кожнага католіка, і (суб’ектыўнымі) меркаваннямі, якія не маюць ніякай абавязваючай моцы. І калі нехта падае чыёсьці меркаванне як пазіцыю Касцёла, то гэта сведчыць толькі аб невуцтве дадзенай асобы.
    Шкада, што дагэтуль сур’ёзныя выданні апускаюцца да ўзроўню “жоўтай прэсы” і ідуць на яўную хлусню. У вусны Папы ўкладваюцца словы, якіх ён не гаварыў, канструіруюцца вывады, якія зусім не вынікаюць з цытатаў. Застаецца толькі паспачуваць наіўным чытачам, іх бескрытычнай веры маральна здэградаваным журналістам, якія хлусню падаюць як праўду. Хочацца верыць, што яшчэ існуе маральная журналістыка, дзе кожны адказвае за свае словы.