Доказ найбольшай любові

З жыцця Касцёла

У гэтым годзе 13 ліпеня традыцыйна вернікі і духоўныя асобы будуць маліцца аб заступніцтве да благаславёнай Мар’яны Бярнацкай і за жыхароў Гродзеншчыны, Беласточчыны і Сувальшчыны, якія былі забіты падчас II Сусветнай вайны гітлераўцамі ў фартах недалёка ад вёскі Навумавічы. Заўжды ля крыжа, які быў устаноўлены там 10 гадоў таму, дзякуючы руплівасці мясцовых жыхароў, цэлебруецца св. Імша.
Мы хацелі б нагадаць, што бл. Мар’яна Бярнацкая аддала сваё жыццё за ненароджанае дзіця сваёй нявесткі. Калі ў 1943 г. у Ліпску ля Бебжы (Ломжынская дыяцэзія ў Польшчы) гітлераўцы арыштавалі яе сына і яго жонку, то яна прадчувала, што іх чакае немінучая смерць. Таму Мар’яна Бярнацкая ўкленчыла перад фашыстам і папрасіла пайсці ёй на смерць замест сваёй нявесткі. А просячы аб гэтым, жанчына сказала: “Як жа нявестка пойдзе, яна знаходзіцца на апошніх месяцах цяжарнасці. Я пайду замест яе”. Немец згадзіўся на такую прапанову Мар’яны Бярнацкай. Яна была забіта ў фартах недалёка ад Навумавічаў 13 ліпеня 1943 г. разам з 48 жыхарамі роднага Ліпска. Перад смерцю ў Мар’яны Бярнацкай была толькі адна просьба: каб далі ёй ружанец. 13 чэрвеня 1999 г. Ян Павел II абвясціў Мар’яну Бярнацкую благаславёнай разам з іншымі 108 мучанікамі II Сусветнай вайны. 13 ліпеня 2008 г.у фартах каля Навумавічаў ксёндз Андрэй Радзевіч зазначыў у сваёй гаміліі падчас св. Імшы: “Калі перад намі паўстае постаць бл. Мар’яны, то мы павінны задумацца над наступнымі каштоўнасцямі: сям’я, кожнае жыццё, а асабліва - безабароннае жыццё ненароджанага немаўляткі”. Благаславёная Мар’яна Бярнацкая паказала нам сваім жыццём і смерцю, што нават ненароджаныя дзеці змяняюць свет, змяняюць мужа і жонку ў бацькоў, цесця і цешчу ў дзядуля з бабуляй, вучаць адказнасці, любові, цярплівасці, уносяць у дом шмат выпрабаванняў любові. Але без іх няма жыцця. Бог прыме справаздачу ў кожнага з нас з гэтай любові. Творца ўсміхаецца радасна з нябёсаў – менавіта гэтага Ён жадае: каб кожны ўзяў у свае рукі адказнасць за ўласнае жыццё. Творца даў сваім дзецям здольнасць выбраць і вырашыць, як паводзіць сябе. Чалавек павінен сам вырашаць, якое павінна быць яго жыццё і якой мэце яго прысвяціць.
Нельга адназначна ўстанавіць межы самаахвярнасці, таму што яны былі б розныя для кожнага чалавека ў залежнасці ад таго, якую ён прызнаваў бы сістэму каштоўнасцяў, колькі б яму было гадоў, у які час жыў і якая была б яго грамадская пазіцыя. Некаторыя людзі здольны на вельмі вялікія самаахвяраванні, іншыя – зусім нячулыя на справы бліжняга, нават, самых блізкіх сабе людзей.
    Самаахвяраванне можа мець розныя формы: адны лічаць, што самаахвяраванне – гэта аддаць жыццё ў слушнай справе, для іншых самаахвяраванне – гэта грамадская і дабрачынная дзейнасці. Аднак варта браць прыклад з тых першых, таму што калі б не існавалі высакародныя людзі, то свет страціў бы ўжо даўно ўсякія маральныя, грамадскія ці патрыятычныя каштоўнасці. Для нас, хрысціянаў, важнае значэнне набыла асоба Езуса Хрыста, які сваёй паставай і мучаніцкай смерцю на крыжы даказаў, на якое вялікае ахвяраванне быў гатовы, каб збавіць чалавецтва ад граху і смерці. Ён паказаў тым самым вобраз вялікай Божай міласэрнасці і Яго бязмежнай любові да ўсіх людзей. У гісторыі Касцёла многіх вернікаў пераследавалі за веру, некаторыя з іх вымушаны былі заплаціць за прыналежнасць да Касцёла найвышэйшую цану: ахвяраваць сваё ўласнае жыццё. Былі і далей здараюцца сітуацыі, калі людзі, хоць не ўсе, здольны да таго, каб у ахвяру за іншага чалавека прынесці найбольшы дар, які яны атрымалі ад Бога – сваё жыццё.
    Цяжка прадбачыць, калі ўзнікне такая сітуацыя, калі чалавек павінен будзе прыняць вельмі складанае для сябе, часам апошняе ў сваім тленным жыцці рашэнне: ці павінен ахвяраваць сваё жыццё іншай асобе, каб магла яна або паправіцца і жыць далей, або адказацца ад такой ахвяры. Благаславёная Мар’яна Бярнацкая ахвяравала сваё жыццё за ненароджанае дзіця. Напэўна, яна сказала сама сабе: “Так. Жыццё, якое расцвітае, вартае таго, каб за яго загінуць”. Для яе гэтае “так” было слушнай справай, таму што дзеці павінны жыць, каб вучыць дарослых любові і весці іх да святасці. Давайце прыгадаем благаславёных сёстраў-назарэтанкаў з Навагрудка, якія аддалі сваё жыццё за заняволеных фашыстамі жыхароў горада, членаў сем’яў, ці св. Максімільяна Кольбэ, які ў канцэнтрацыйным лагеры дабравольна адправіўся на смерць за асуджанага разам з ім вязня. Цяжка сказаць, якія былі іхнія думкі ў апошнюю гадзіну іхняга зямнога жыцця. Адно можна сказаць з упэўненасцю, што яны прынялі Хрыста ў сваё жыццё і жылі згодна з Яго навучаннем задоўга перад гэтым сваім рашэннем. Гэта Ён даў ім сілы, каб прынесці найбольшую ахвяру дзеля славы чалавека і Бога.
    А калі хто-небудзь дабравольна прыносіць у ахвяру сваё жыццё, то гэта сведчыць пра тое, што такі чалавек любіць сваіх бліжніх так, як навучаў Езус Хрыстус, які сваёй мучаніцкай смерцю даказаў аб сваёй і Бога бязмежнай любові да людзей. Гэта Ён, прызываючы нас пераймаць Яго, прызнае нашыя неабмежаваныя магчымасці. Мы маглі пераканацца не адзін раз, што чалавек паказвае сваё сапраўднае аблічча ў тых сітуацыях, якія патрабуюць прыняць беспрэцэдэнтных рашэнняў. Тады паўстае чалавек такім, якім ён ёсць на самай справе, таму што прынятае рашэнне выплывае з яго нічым незаплямленага ўнутранага свету. Можа Божы замысел грунтаваўся на тым, каб у такіх экстрэмальных сітуацыях даць шанс чалавеку, каб ён даказаў, што годны называцца Божым дзіцяткам. Гатоўнасць ахвяраваць сваё ўласнае існаванне за жыццё іншага чалавека абуджае ў нас заўжды павагу і захапленне, таму што патрабуе вялікай адвагі і называецца гераізмам. Сутнасць такога роду самаахвяравання добра ілюструюць словы з Евангелля паводле св. Яна: “Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто аддае жыццё сваё за сваіх сяброў” (Ян 15, 13)