Маці Божая Шкаплерная

З жыцця Касцёла

Каралева святога шкаплера

Падчас каранацыйных урачыстасцяў    14 - 15 ліпеня невялікая вёска Гудагай, што знаходзіцца на трасе з Ашмянаў у Астравец, стала як бы духоўнай сталіцай Гродзенскай дыяцэзіі. Да яе з розных куткоў нашай і іншых дыяцэзій Беларусі і Літвы прыбыло каля 10 000 вернікаў, каб ушанаваць Найсвяцейшую Панну Марыю ў Яе цудоўным абразе Шкаплернай Божай Маці. Гэтае ўшанаванне вернікі на чале са сваімі архіпастырамі выразілі ва ўкаранаванні Шкаплернай Божай Маці папскімі каронамі, якія былі паблагаслаўлены 13 кастрычніка 2003 г. Божым Слугой Янам Паўлам II.
    Дзевяцітыднёвая навэнна, якая была пачата 19 мая біскупам Аляксандрам Кашкевічам, а пазней прадоўжана пад кіраўніцтвам біскупаў нашага краю і выбраных святароў, стала духоўнай падрыхтоўкай да гэтых прыгожых урачыстасцяў. Падчас навэнны кожны мог прадставіць свае малітвы і просьбы, падзякі за атрыманыя ў Бога ласкі за пасрэдніцтвам Найсвяцейшай Панны Марыі.
    Каранацыйная ўрачыстасць пачалася ўжо ў суботу 14 ліпеня Нешпарамі аб Найсвяцейшай Панне Марыі, а таксама св. Імшой, якой кіраваў генерал аа. кармелітаў босых з Рыму. Пасля св. Імшы адбылося чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Раніцай у 6.00 вернікі пачалі збірацца на прыгожыя спевы Гадзінак аб Беззаганным Пачацці Найсвяцейшай Панны Марыі. У 9.00 пасля св. Імшы можна было заўважыць, як паступова наплываюць натоўпы вернікаў, якія жадаюць выпрасіць для сябе і сваіх блізкіх неабходныя ласкі ад Той, «Аб якой ніколі не чулі, каб Яна пакінула таго, хто да Яе звяртаецца і ў Яе шукае ратунку...». Можна было заўважыць, як у доўгай чарзе на каленях старэйшыя і дзеці ішлі да Марыі, выпрошваючы ў Яе заступніцтва ў розных патрэбах, каб у чарговы раз адчуць тое Мацярынскае цяпло, якое як з крыніцы выплывае на вернікаў.
 Падчас каранацыйных урачыстасцяў  Падчас каранацыйных урачыстасцяў  Падчас каранацыйных урачыстасцяў
    Кожны паломнік мог добра падрыхтавацца да галоўных урачыстасцяў, пабыўшы ў споведзі, аб чым сведчылі доўгія чэргі ля канфесіяналаў.
    Галоўная каранацыйная ўрачыстасць пачалася ў 12.00, калі браты-кармеліты прынеслі ікону Гудагайскай Божай Маці з парафіяльнага касцёла ў спецыяльна падрыхтаванае месца на палявым алтары. Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтак з Пінска кіраваў св. Імшой, ён жа і здзейсніў абрад каранацыі іконы Божай Маці. З пачатку ўрачыстай св. Імшы кардынал зачытаў дакумент Кангрэгацыі па Справах Божага Культу, звязаны з каранацыяй. Біскуп Аляксандр Кашкевіч прывітаў сардэчна ўсіх паломнікаў і гасцей урачыстасці. У ёй прынялі ўдзел наступныя асобы: архібіскуп Марцін Відовіч, апостальскі нунцый з Мінска, біскупы Антоній Дзям‘янка з Мінска, Уладзіслаў Блін з Віцебска, архібіскуп-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч з Масквы, генерал аа. кармелітаў Луіз Арастэгві Гамбоа з Рыму, айцы-правінцыялы кармелітанскага ордэна Мар‘ян Станкевіч з Варшавы і Альберт Вах з Кракава, прадстаўнік апостальскага візітатара для грэка-католікаў на Беларусі айцец Андрэй Крот, генеральная настаяцелька ордэна сёстраў-кармелітанкаў ад Дзіцятка Езус сястра Фаустына Гуроўская, правінцыяльныя сёстры-кармелітанкі, рэктары ВДС з Гродна і Пінска ксёндз Юзаф Станеўскі і Ян Саламон, святары і манахі з розных дыяцэзій Беларусі, Літвы і Польшчы, клерыкі, сёстры з розных ордэнаў і манаскіх супольнасцяў, а таксама каля 10 000 вернікаў. Падчас св. Імшы архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч абвясціў казанне на беларускай, польскай і літоўскай мовах. У сваім выступленні ён згадаў, што менавіта ў гэтым касцёле ў Гудагаі 25 ліпеня 1989 г. урачыста было абвешчана, што Божы Слуга Ян Павел II назначыў яго першым біскупам для католікаў на Беларусі. Ён зазначыў, што каранацыя для нас – гэта пацвярджэнне нашага ўшанавання і любові да Марыі, а таксама напамін аб нашай хрысціянскай самасвядомасці: «Змяняюцца Мінск, Масква, нашы гарады і вёскі, але гэта не ўсё. Трэба, каб змяніўся чалавек, каб ён стаў на новыя «рэйкі» Евангелля, каб ён угрунтаваў сваё жыццё на Божым Праве... З аднаго боку мы бачым росквіт духоўнасці, а з другога – як многа працы трэба прыкласці ў змаганні з сіламі зла, якія прыходзяць у нашае жыццё. Мы бачым, колькі працаў павінен укласці сённяшні чалавек, каб сілы цемнаты не перамаглі нас у гэтай барацьбе. Чалавек пачынае ставіць сябе на месца Бога. Ён сам устанаўлівае маральнае права, якое ў выніку становіцца заўсёды драматычным». У казанні, якое часта перарывалі апладысменты, можна было заўважыць, наколькі словы архібіскупа Тадэвуша Кандрусевіча закраналі сучасныя праблемы нашага грамадства, часта прыкрытыя прыгажосцю вуліцаў і гмахаў нашых гарадоў і вёсак.
    Пасля гаміліі кардынал Казімір Свёнтак прачытаў малітву і пад гукі фанфараў змясціў кароны над выявай Божай Маці.У час малітвы вернікаў можна было заўважыць многанацыянальны характар нашай дыяцэзіі, пачуць малітвы на польскай, літоўскай і беларускай мовах. Падчас літургіі малітвы святароў і вернікаў супольна зліліся ва ўшанаванні Бога за Яго любоў і за дар Божай Маці ў гісторыі збаўлення і гісторыі кожнага чалавека як заступніцы і абаронцы ў цяжкіх момантах нашага жыцця.
    Перад благаславеннем айцец Аркадзь Куляха OCD, суарганізатар каранацыйнай урачыстасці, прачытаў «Пасланне апостальскага нунцыя да 13-ай пілігрымкі вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі». Затым у сваёй прамове ксёндз-нунцый архібіскуп Марцін Відовіч звярнуў ўвагу на малітву аб адзінстве Касцёла: «Мы пакліканы да няспыннай малітвы аб адзінстве і абавязаны канкрэтна з ёй супрацоўнічаць. Нас не могуць не датычыць словы і змест малітвы нашага Езуса Хрыста «Каб усе былі адно» (Ян 17, 21). Адзінства Касцёла – гэта заданне, якое штодзённа мы павінны адольваць. Яно паказвае, наколькі вернікі з‘яўляюцца даставернымі вучнямі Хрыста...». Ксёндз-нунцый прывітаў вернікаў на польскай, літоўскай і беларускай мовах. У заключнай прамове кардынал Казімір Свёнтак падзякаваў Богу за магчымасць чарговай каранацыі абразу Божай Маці. Гэта ўжо другая каранацыя ў Гродзенскай дыяцэзіі: перад гэтым быў каранаваны абраз Кангрэгацкай Божай Маці ў 2005 г. у Гродне. Свае прамовы абвясцілі таксама прадстаўнікі дзяржаўных уладаў.
    Кардынал Казімір Свёнтак закончыў св. Імшу ўрачыстым благаславеннем, а ў 18.00 адбыліся Нешпары да Божай Маці, якія ўвянчалі ўрачыстасці каранацыі абразу Шкаплернай Панны Марыі ў Гудагаі, які праславіўся ласкамі.
    Аднак напэўна, нічога так не будзе аздабляць скроні Панны Марыі, як нашае сэрца, якое гатова служыць Богу і выконваць Яго Волю, паўтараючы Яе словы: «Няхай стане Воля Твая».
{mosimage} {mosimage} {mosimage}
{mosimage} {mosimage}

{mosimage}
Малітва да Шкаплернай Божай Маці

     О найхвалебнейшая Панна, Маці і Каралева святога шкаплера! У гэтым святым знаку Ты выражаеш сваю любоў да дзяцей, якія носяць шкаплер. Ты абяцала апеку, дапамогу ў небяспецы пры жыцці, мацярынскую прысутнасць у гадзіну смерці і хуткае вызваленне з чысца.
    Дапамажы мне так жыць, каб святы шкаплер, які нашу, стаў для мяне знакам збаўлення, абаронай ад граху і заахвочваннем да пабожнага жыцця на зямлі.