Рэкалекцыі цвярозасці. Разам–лягчэй

З жыцця Касцёла

27 – 29 лістапада б.г. пры Пабрыгіцкім касцёле ў Гродне прайшлі VII рэкалекцыі цвярозасці. Біскуп Аляксандр Кашкевіч, ардынарый Гродзенскай дыяцэзіі, які цэлебраваў Эўхарыстыю ў пятніцу, увёў шматлікіх яе ўдзельнікаў у рытм рэкалекцый. Словы і благаславенне біскупа ўзмацнілі ў духоўным плане звыш сто чалавек, якія прыбылі з усёй Беларусі і з-за мяжы для руплівай працы над сабой. У сёлетнім годзе Святарства на ўсіх сустрэчах прысутнічалі пастаянныя душпастыры Ананімных Алкаголікаў і ксяндзы, якія прыхільна адносяцца да АА. Штодзённа на літургіі быў з намі кс. Антоній Грэмза – рэктар Пабрыгіцкага касцёла. Падчас св. Імшы ў першы дзень разам з удзельнікамі рэкалекцый супольна маліліся ксяндзы: Аляксандр Пятровіч і Павел Салабуда. У другі дзень рэкалекцый ранішнюю канферэнцыя на тэму: “Час уцякае, вечнасць чакае” абвясціў і правёў дыскусію а. Дзмітрый Лабкоў CSsR. Ксёндз Тадэвуш Крыштопік ажыццявіў пакутнае набажэнства пасля паўдня. З чыстымі і радаснымі сэрцамі быў прывітаны на суботняй Эўхарыстыі кс. Андрэй Радзевіч з ВДС з Гродна – галоўны цэлебрант і казнадзей, а таксама ансамбль “AVE”, які выступіў з канцэртам.
Трэці дзень пачаўся канферэнцыяй аб хрысціянскай надзеі, якую правёў кс. Віталій Дабраловіч. Пасля традыцыйна адбылася ажыўленая дыскусія. Кульмінацыйны пункт рэкалекцый – нядзельная св. Імша, напоўненая песням ў выкананні вядомага харавога калектыву “Cantate Domino” з парафіі імя Божай Міласэрнасці з м-на Вішнявец. Айцец Андрэй Врублеўскі CSsR, падсумоўваючы зробленае, абвясціў казанне аб даверы ўсіх сваіх жыццёвых клопатаў Езусу Хрысту. Трэба дадаць, што прыгожым акцэнтам цяперашніх рэкалекцый былі евангелічныя сцэнкі ў выкананні моладзі з м-на Дзевятоўка, якія дапамагалі глыбей зразумець змест казанняў і канферэнцый. Ад імя арганізатараў мы дзякуем сардэчна ўсім, хто прысвяціў свой час, адкрыў сэрцы і дзверы сваіх дамоў. Няхай жа добры Бог-Айцец благаславіць Вас!