Святарскі Адвэнт

З жыцця Касцёла

Святар і дзеці на раратах
“Прыйдзі, Езу” – гэта палкі заклік першай хрысціянскай супольнасці павінен стаць няспынным жаданнем вернікаў і імкненнем Касцёла ўсіх часоў, які чакае і падрыхтоўваецца да сустрэчы са сваім Панам. Прыйдзі сёння, Пане! Асвяці нас, дай нам супакой, дапамажы нам перамагчы насілле. Прыйдзі, Езу! Аб гэтым мы просім на працягу надыходзячых тыдняў. Хрыстэ, асвятлі сваім абліччам нас, а будзем збаўлены”
Папа Бэнэдыкт XVI

Калі Бог кліча, каб падрыхтаваць шлях Хрысту, то хоча, каб гэты шлях служыў нам. І таму ён павінен быць збудаваны трывала і добрасумленна, каб ён мог перажыць шматлікія дажджы і разводдзе, націск спакусаў і цяжар грахоў. Менавіта такой дарогай прыходзіць да нас Езус. Ён прыходзіць, каб усё гэта прыбраць, змесці з дарогі як смецце, якое перашкаджае, ці гурбы снегу. Гэта Ён здзейсніць самае важнае, гэта Яго прыходу мы чакаем, як збаўлення. Але шлях да Яго прыходу павінны падрыхтаваць менавіта мы.
Божы слуга Ян Павел II
Ці гатовы вашыя сэрцы?
Перад намі – Адвэнт... рэкалекцыі ... святы. Сустракаючы Адвэнт, які сёння пачынаецца, мы чакаем падзеі, якая ўпісваюцца ў гэты час і адначасова яго перакрочвае. Як і штогод яна наступіць ноччу на Божае Нараджэнне. Пабягуць да бэтлеемскай стайні пастухі, затым прыйдуць тры каралі з Усходу. Адны і другія будуць сімвалізаваць нейкім чынам усю чалавечую сям’ю. Адвэнт як святы час можа быць для многіх парой вяртання да Бога, магчыма пасля многіх гадоў. Гэта - перыяд, калі Бог знаходзіць чалавека і прыводзіць яго да Сябе. 
Пара ўвагі і пільнасці
    Тэалагічна Адвэнт выражае спадзяванне Касцёла на двайны прыход Хрыста. У першы перыяд акцэнт пакладзены на Парузіі ці на канчатковым прыходзе Хрыста пад канец свету. Апошні тыдзень Адвэнту падрыхтоўвае непасрэдна нас да нараджэння Езуса, дзякуючы чаму Бог выконвае ўсе абяцанні, дадзеныя чалавецтву. Чаканне – гэта тое, чаму вучыць нас Адвэнт. У нас ёсць нагода і мы павінны адкрыць сваё сэрца на Бога. Гэта прывядзе нас да паўторнага адкрыцця, што Ён любіць нас і мы павінны гаварыць іншым пра гэтую любоў. Вось пачаўся час выпроствання шляхоў нашага жыцця, асаблівая пара ўвагі і пільнасці да ўласных паводзінаў. Хрыстус гаворыць: “Таму і вы будзьце гатовыя, бо ў гадзіну, якой вы не ведаеце, Сын Чалавечы прыйдзе” (Мц 24, 44). Гэты евангелічны прызыў да пільнасці гучыць шматразова ў літургіі, асабліва ў перыяд Адвэнту. У 1991 годзе падчас VI Сусветных дзён моладзі ў час Яснагурскага Звароту на Яснай Гары Ян Павел II растлумачваў маладым людзям, што азначаюць словы “быць пільным”: імкнуцца быць чалавекам сумлення, называць па імені дабро і зло, а не “замазваць” іх, выпрацоўваць у сабе дабро, імкнуцца выкараніць у сабе зло. Божы слуга падкрэсліваў, што быць пільным – гэта значыць заўважаць іншага чалавека, любіць яго і быць салідарным з людзьмі ў справе рабіць дабро і даверу Божай Міласэрнасці. Быць пільным азначае ўвесь час паўставаць на працягу ўсяго жыцця, нягледзячы на ўсе складанасці лёсу. Падчас рэкалекцый, св. Імшаў ці ў хвіліны роздуму перад сном часцей задумвайцеся над тым, ці я саграшыў, што цяпер мне рабіць і як ачысціць сваё сумленне, як быць чуйным і не прапусціць таго, што ёсць самае важнае. Задумайцеся, ці падрыхтоўваючыся да святаў, мы чакаем падарункаў, адпачынку, святочных страваў, прыўзнятай атмасферы ці чакаем нараджэння жывога Бога? Толькі будучы пільным у чаканні на Кагосьці, жыццё для Каго-небудзь мае сэнс.
Хрысціянская радасць
    Праходзіць Адвэнт, а нашая радасць становіцца ўсё большай. Яна паходзіць з таго, што мы пачалі старацца, каб нашыя сэрцы і шляхі былі больш выраўнены, падрыхтаваны да сустрэчы з Богам. Можна заўважыць, як многія людзі, пасля таго, як яны добра паспавядаліся, адыходзяць ад канфесіяналу з радасным і спакойным выражэннем твару. Гэта – дзеянне Божай ласкі, якая аднаўляе страчаную лучнасць з Творцам, вяртае супакой, унутраную гармонію і душэўную раўнавагу. Чым бліжэй святы Божага Нараджэння, тым больш радасці знаходзіцца ў нашых душах і сэрцах, тым больш жадання рабіць дабро сваім бліжнім. Гэтая адвэнтавая радасць паўстае з пачуцця любові і Божай Міласэрнасці. Яна – настолькі сапраўдная, што стварае ў чалавеку раптоўныя змены ў лепшы бок. Аднак ці нашыя душы і сэрцы гатовы захоўваць гэтую радасць на працягу даўжэйшага часу? Ксёндз Ян Твардоўскі любіў гаварыць, што радасць дапамагае жыць, з’яўляецца ў некаторых выпадках ратункам. Гэты вядомы мысліцель і паэт нагадвае нам, што хрысціянская радасць - не толькі наш выбар, але абавязак. Але як жа нялёгка выпрацаваць у сабе гэтую трывалую радасць, а яшчэ цяжэй выклікаць і захаваць у сваім сэрцы ўменне даваць радасць іншым людзям, узбагачаць іх сваёй паставай і жыццём. Праўда ж, што нічога не прыцягвае да святла, як чалавек, поўны радасці, якая мае свае вытокі ў веры. У гэтыя дні, якія застаюцца ў нашым распараджэнні да святаў, памятайце, што нашая радасць стане трывалай і поўнай, калі не будзе грунтавацца на тленных і нетрывалых рэчах. Прыход Збавіцеля больш пэўны, чым тое, што мы пражывём гэты дзень да канца. Таму мы можам радавацца заўжды і, нават, у найбольш складанай сітуацыі мы павінны быць удзячны Богу за Яго любоў да нас. У імя гэтай любові давайце ж спяшацца рабіць дабро, адкрывайце свае сэрцы на бліжніх, бо дзякуючы гэтаму мы будзем бліжэй да Збавіцеля.

Адвэнтавая сімволіка
У Адвэнце ёсць багатая і прыгожая сімволіка. Найбольш характэрны адвэнтавы звычай – Рараты (назва паходзіць ад адвэнтавай песні “Rorate coeli” (“Нябёсы, спусціце расу”) (Іс 43, 8). Раратняя св. Імша ці ватыўная аб Найсвяцейшай Марыі Панне ажыццяўляецца вельмі рана, тады ў змроку святыні відаць толькі запаленыя свечкі. Рараты – гэта час, калі разам з Марыяй мы чакаем выратавання, якое прынясе свету нараджэнне Збавіцеля. Падчас гэтай ранняй св. Імшы Марыю сімвалізуе спецыяльная свечка, аздобленая міртам – раратка - знак Марыі, якая як золак прадвяшчае “узыходзячае сонца” – Езуса Хрыста. Пасля I Сусветнай вайны з’явіўся таксама звычай размяшчаць у касцёлах адвэнтавы вянок, які выкананы з хваінкаў з чатырма свечкамі. Іх запальваюць у чарговыя нядзелі Адвэнту. Першая з іх сімвалізуе тое, што Бог прабачыў Адаму і Еве іх непаслухмянасць, чарговая свечка - веру патрыярхаў выбранага народу ў абяцанне: падараваць Абяцаную зямлю. Трэцяя - сімвалізуе радасць караля Давіда, які святкуе Саюз з Богам, а апошняя - навучанне прарокаў, якія прадказваюць прыход Месіі і Яго Валадарства супакою. Цэласнасць адвэнтавага вянка (святло, зеляніна, форма – круг) сімвалізуюць супольнасць, якая чакае ў надзеі і радасці прыходу Пана.