Аб супакоі

Актуальна - З жыцця Касцёла

“Кожная вайна пакідае наш свет у горшым стане, чым яго застала. Вайна – гэта правал палітыкі і чалавецтва, ганебная капітуляцыя, горкая параза перад сіламі зла” (з энцыклікі Святога Айца Францішка “Fratelli tutti”, 261).
“Ora Et Labora” – раіў св. Бенедыкт. Гэта значыць “Маліся і працуй”. Затрымліваючыся пры першым пункце, варта ўзгадаць, што малітва заўсёды дадавала людзям унутраныя сілы і натхняла да дзеяння.
Асаблівай падтрымкай малітва была і з’яўляецца ў складаныя моманты жыцця. “Як трывога, то да Бога”. І слушна, бо да каго ж яшчэ? Да таго ж перад абліччам зла, якое знясмельвае, менавіта шчыры пацер можа пракласці дарогу ў нашы сэрцы і розумы для надзеі, веры і любові. Таксама аб малітве чытаем у Святым Пісанні, між іншым, што ёсць злыя духі, якія выганяюцца “не іначай, як толькі малітвай і постам” (Мц 17, 21).
    Варта дадаць, што моц малітвы мы можам адчуваць нават фізічна, але можа быць і так, што яе “эфектыўнасць” будзе нябачная для нас. Як, дарэчы, і шэраг рэчаў, з’яў, праўд, звязаных з духоўнай сферай. У гэты кантэкст прыходзіць вера, якая матывуе працягваць малітву.
    Яшчэ напярэдадні трагічнага 24 лютага папа Францішак заклікаў усіх людзей добрай волі да малітвы ў інтэнцыі супакою ў свеце. Сам Святы Айцец 25 лютага наведаў расійскае пасольства ў Рыме і правёў там паўгадзіны. На наступны дзень ён выказаў свой боль у тэлефоннай размове асабіста Уладзіміру Зяленскаму, прэзідэнту Украіны.
    Аб актуальнай сітуацыі ў нашым рэгіёне і важнасці салідарнай малітвы выказаліся таксама прадстаўнікі беларускага Касцёла. Прапануем Вам пазнаёміцца з фрагментамі выказванняў Святога Айца і шэрагу іерархаў Беларусі.
   
    “Бо дзе двое ці трое сабраліся ў імя Маё, там Я ёсць сярод іх” (Мц 18, 20)
    “Я адчуваю вялікі боль у сваім сэрцы з прычыны пагаршэння сітуацыі ва Украіне. Нягледзячы на дыпламатычныя намаганні мінулых тыдняў, адкрываюцца ўсё больш і больш трывожныя сцэнарыі. Як і я, многія людзі ва ўсім свеце адчуваюць трывогу і заклапочанасць. Міру ўсіх пагражаюць прыватныя інтарэсы.
    [...] Езус вучыў, што на д’ябальскую бессэнсоўнасць гвалту адказвае Божая зброя: пост і малітва. Няхай Валадарка Міру выратуе свет ад вар’яцтва вайны” (Папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, 23 лютага 2022 года).
   Украінская ікона Багародзіцы Адзігітрыі з калекцыі Ватыканскіх музеяў
    “Дарагія браты і сёстры! Ва Украіне цякуць рэкі крыві і слёз. Гэта не проста ваенная аперацыя, а вайна, якая сее смерць, разбурэнне і беднасць. Ахвяр становіцца ўсё больш, як і людзей, якія ўцякаюць, асабліва маці і дзяцей. У гэтай шматпакутнай краіне кожную гадзіну драматычным чынам узрастае патрэба ў гуманітарнай дапамозе.
    Скіроўваю мой настойлівы заклік, каб былі па-сапраўднаму забяспечаны гуманітарныя калідоры і быў гарантаваны і спрошчаны доступ да дапамогі на абложаных тэрыторыях, каб аказваць жыццёва неабходную падтрымку нашым братам і сёстрам, прыгнечаным бомбамі і страхам.
    Дзякую ўсім, хто прымае бежанцаў. Асаблівым чынам прашу, каб спыніўся ўзброены наступ ды ўзялі верх перамовы і здаровы розум. А таксама каб зноў паважалася міжнароднае права! Я хацеў бы падзякаваць таксама журналістам, якія рызыкуюць жыццём дзеля таго, каб забяспечваць інфармацыяй: дзякуй, браты і сёстры, за гэтае ваша служэнне – служэнне, якое дазваляе нам быць блізкімі да трагедыі гэтага народа і дазваляе ацаніць бесчалавечнасць вайны. Дзякую, браты і сёстры!” (Папа Францішак падчас нядзельнай малітвы “Анёл Панскі”, 6 сакавіка 2022 года).
    “Важна не падсілкоўваць гнеў, які шкодзіць душы асобы і душы нашага народу, і не захапляцца нездаровай прагай знішчэння іншага, раскручваючы спіраль помсты. Ніхто не дасягае ўнутранага спакою і не вяртаецца да нармальнага жыцця такім чынам. Праўда ў тым, што ні адна сям’я, ні адна група суседзяў, ні адна этнічная група, а тым больш краіна не мае будучыні, калі сілай, якая іх аб’ядноўвае, трымае разам і лагодзіць іх адрозненні, з’яўляецца помста і нянавісць. Мы не можам дамовіцца і з’яднацца дзеля таго, каб адпомсціць [...], каб планаваць магчымасць адплаты пад эгідай закона. Такім спосабам нічога не ўдаецца дасягнуць, а ў доўгатэрміновай перспектыве будзе страчана ўсё” (Папа Францішак, з энцыклікі “Fratelli Tutti”, 242).
   
    “Усе яны аднадушна трывалі ў малітве” (Дз 1, 14)
    “Брат узняў руку на брата. Пачаў здзяйсняцца найгоршы сцэнарый развязкі той напружанасці, якая ўжо доўгі час існавала паміж братнімі народамі. Так блізка, побач з намі, паміж Расіяй і Украінай, сярод блізкіх нам людзей пачалася вайна.
    Гэтая сітуацыя не можа не адгукнуцца болем і ў нашых сэрцах. І калі заклік спыніць пачатую бязглуздасць ужо, напэўна, не будзе дзейсным, застаецца малітва.
    [...] Хрыстос кажа нам: «Усё магчыма для таго, хто верыць». Дапамажы, Божа, нашаму бязвер’ю (параўн. Мк 9, 23–24). Таксама заахвочваю да посту і ахвяравання цярпенняў і пакут у гэтай інтэнцыі” (Старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч, з паведамлення ў сувязі з ваенным канфліктам ва Украіне, 24 лютага 2022 года).
    “Мы з’яўляемся сведкамі ваенных дзеянняў, разбурэння гарадоў і населеных пунктаў, знішчэння інфраструктуры, гібелі людзей, праліцця крыві, вымушанага пакідання месца свайго жыхарства мірнымі людзьмі, сярод якіх шмат старых, нямоглых і дзецей.
    Ці можна было ўявіць сабе такое яшчэ зусім нядаўна? Але гэта жахлівая рэальнасць нашага часу. Таму мы справядліва задаёмся пытаннем, як такое магчыма ў ХХІ стагоддзі ў цэнтры Еўропы? Сярод шматлікіх прычын гэтага канфлікту найперш трэба шукаць маральныя. На жаль, мы як хрысціянскія народы, якія павінны кіравацца прынцыпам любові да бліжняга, як самога сябе (параўн. Мц 22, 39), забыліся аб ім. А гэта грэх, які вядзе да падзелаў і ўзброеных супрацьстаянняў”.
    “Хрысціянскія і славянскія народы паднялі руку адзін на аднаго, як Каін падняў руку на Авеля. У імя чаго? Чаму ў цэнтры Еўропы сёння ідзе вайна? Ці ўрокі мінулага нас нічаму так і не навучылі? [...] Папа Францішак наведаў пасольства Расіі пры Святым Пасадзе, каб асабіста спрыяць міру. Усё гэта гаворыць пра сур’ёзнасць сітуацыі. Нельга чакаць, бо сёння яшчэ дзверы для дыялогу адчынены, але невядома, ці застануцца такімі да заўтра.Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі падчас сустрэчы з Папам у 2018 г.
    Трэба памятаць, што мір – гэта не толькі і не столькі маўчанне гармат: ён распачынаецца ў нашых сэрцах. Менавіта ў чалавечым сэрцы бяруць пачатак злыя і добрыя планы” (Арцыбіскуп-эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч, з пропаведзі на св. Імшы ў інтэнцыі міру ва Украіне, а таксама з пастырскага слова іерарха на Вялікі пост, 27 лютага 2022 года).
    “Мы суперажываем нашай паўднёвай суседцы Украіне, якая перажывае трагедыю. Падтрымліваем заклікі Святога Айца Францішка і Апостальскага Пасаду, дыпламатычныя захады і перамовы Расіі і Украіны на беларускай зямлі з мэтай неадкладнага спынення ваенных дзеянняў і пошуку шляхоў да прымірэння; але для таго, каб бакі маглі пачуць адзін аднаго, неабходна, каб змоўкла зброя.
    Таксама мы занепакоены інфармацыйнай вайной, якая наносіць не меншую шкоду і правакуе нянавісць паміж людзьмі і народамі.
    Сёння, калі вырашаецца будучыня не толькі Украіны, неабходна зрабіць усё магчымае, каб знайсці мірнае вырашэнне канфлікту.
    Заклікаем вернікаў і ўсіх людзей добрай волі:
    - да посту і салідарнай малітвы ў касцёлах нашай краіны ў інтэнцыі міру ва Украіне, карыстаючыся магчымасцю адарацыі Найсвяцейшага Сакраманту, спеву суплікацыі “Святы Божа”, Ружанцовай малітвы, Крыжовага шляху і іншых набажэнстваў;
    - з братэрскай любоўю і салідарнасцю аказваць пасільную дапамогу пацярпелым.
    Мы молімся і просім, каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусцілі, каб наша краіна прымала ўдзел у гэтай вайне” (Са звароту Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, 3 сакавіка 2022 года).