Францысканскаму ордэну 800 гадоў

Юбілей

Св. Францішак з Асыжу
Святы Францішак з Асыжу жыў 44 гады. Першую палову свайго жыцця ён правёў цалкам бесклапотна. У 19 гадоў у яго адбылося ўнутранае навяртанне і ён прыняў рашэнне жыць паводле Евангелля Езуса Хрыста. Захоплены падчас св. Імшы ў дзень св. Мацвея словамі Евангелля пра тое, як былі пасланы апосталы абвяшчаць Божае слова, (Мц 10, 7-14) ён распазнаў сваё прызванне да апостальскага жыцця і пасля дазвола біскупа прысвяціў сябе распаўсюджанню сярод людзей ідэі пакуты і супакою. У эпоху, калі было мноства рухаў, якія насілі характар пратэста, Францішак заклаў падмуркі пад рэлігійнае аднаўленне, якое асноўвалася на прыкладзе з жыцця чалавека, а не на бунтарскіх пратэстах. Яго лад жыцця хутка натхніў многіх маладых хрысціянаў з усіх грамадскіх слаёў. З гэтага натхнення Духа нарадзіўся ордэн меншых братоў.
Першых 12 братоў Францішак назваў проста “пакутнікамі з Асыжа”. На самым пачатку іх была невялікая колькасць. У 1209 г. Францішак адправіўся ў Рым, каб атрымаць дазвол на лад жыцця яго братоў і атрымаў яго ў форме вуснага зацвярджэння ад Папы Інакенція III. У 1221 г. падлічылі, што на капітулу прыбыло ўжо каля 5 000 братоў-францысканцаў з усёй Еўропы.
    У 1223 г. Францішак склаў канчатковы варыянт статута для манахаў, які зацвердзілі браты на генеральнай капітуле, а пазней 29 лістапада булай “Solet annuere” - Папа Ганорый III. Досыць хутка ордэн “запусціў карані” ў розных еўрапейскіх краінах і на Святой Зямлі, замацаваўся, неаднойчы падняўшыся да вяршыняў гераічнага ўбоства.
    У першы перыяд пасля смерці Францішка (03. 10. 1226 г.) паўстаў глыбокі падзел у ордэне паміж братамі, найбліжэйшымі айцу і заснавальніку, якія захоўвалі першародны энтузіязм і запал, і тымі, хто складаў ужо большасць ордэна і адказваў на моцна адчувальныя патрэбы Касцёла. Тым, хто ўпарадкаваў гэты разлад, быў генеральны міністр св. Бонавэнтура з Багнарэджо (1217 – 1274), якога не без падстаў гісторыя акрэсліла назвай другога заснавальніка ордэна.
    Увагі заслугоўвае рух так званых спірытуалаў, які развіваўся ў канцы XIII ст. ва ўлонні ордэна. Гэты рух налічваў ужо амаль 30 тысяч францысканцаў. У пазнейшы час многія з іх створаць першую лінію так званай абсерванцыі. Яна будзе існаваць ва ўлонні канвентуальнай супольнасці на працягу стагоддзяў, а св. Бэрнардын з Сіены, генеральны вікарый ордэна (1438 – 1453), вынесе яе на вяршыню прэстыжа і эфектыўнасці апостальскай дзейнасці.
    Папа Леў X склікаў у Рыме падчас Спаслання Святога Духа ў 1517 г. капітулу ўсіх францысканцаў (канвентуальных, якія кіравалі абсервантамі, так і тых апошніх). Здзівіў ўсіх факт таго, што абсерванты атрымалі назву Меншых Братоў Рэгулярнай Абсервы і пячатку ордэна. Такім спосабам рашэнне Папы Льва X разбівае ордэн на дзве аўтаномныя групоўкі: канвентуальных і абсервантаў, таму што да 1517 г. францысканскі рух меў аднаго генерала, якога выбіралі заўжды сярод канвентуальных братоў, а з таго моманта пачалі выбіраць двух генералаў з асяроддзя канвентуальных братоў і абсервантаў.
    Сярод гэтых рэформаў знаходзіцца таксама крыло Мацвея з Баска, які даў пачатак капуцынам. Перш чым яны атрымаюць у 1528 г. ад Папы Клеменса VII фармальны дазвол на сфарміраванне ў аўтаномную францыскансую сям’ю, яны былі ў складзе канвентуальных францысканцаў, што з’яўляецца знакам, што св. Францішак стараецца злучаць заўжды ўсіх сваіх духоўных сыноў.
    Падзел на вышэй згаданыя тры сям’і застаўся і па сённяшні дзень і знаходзім яго ў ордэне Меншых Братоў, ордэне Меншых Канвентуальных Братоў і ў ордэне Меншых Братоў Капуцынаў.