«Не пакідаць Навагрудак. Тут здзейсняцца вялікія справы!»

Юбілей

4 верасня б.г. прайшло 80 гадоў з часу прыезда сёстраў-назарэтанкаў у Навагрудак. Непрыкметныя сёстры, прыезд якіх не суцешыў многіх, аказаліся сапраўдным скарбам: схаваным, але якім жа каштоўным!
Першыя сёстры-назарэтанкі прыбылі ў Навагрудак у 1929 г. Яны апекаваліся касцёлам (белай Фарай) і заняліся выхаваннем і навучаннем дзяцей і моладзі. Пачаткі былі вельмі складаныя. Сёстры сустракаліся з такой вялікай незычлівасцю, варожасцю, што быў нават момант, калі яны хацелі пакінуць гэты горад. Менавіта тады генеральная настаяцелька М. Лаурэта Любавідская дадала сёстрам бадзёрасці, высылаючы ім тэлеграму наступнага зместа: “Рашуча, катэгарычна неабходна вытрымаць тут, нам нельга адступіць, бо ідзе размова пра дом Хрыста-Валадара. Ён павінен перамагчы. Нам трэба змагацца за Яго Валадарства. Бясстрашна перажыць усе цяжкасці, бо там здзейсняцца вялікія справы”.
Яны засталіся, а кожны дзень змяняліся адносіны жыхароў Навагрудка да сёстраў, бо яны бачылі іхняе жыццё. Людзі пераканаліся, што назарэтанкі маюць для іх час, што да іх можна прыйсці з кожнай справай, праблемай і клопатам. У 1932 г. сёстры-назарэтанкі адкрылі школу, дзе размяшчаўся інтэрнат. З поўным самаадданнем яны працавалі ў касцёле, у шпіталі і ў доме, які быў адкрыты для кожнага ў патрэбе.

    У палове ліпеня 1943 г. падчас доўгай акупацыйнай ночы ў манаскі дом назарэтанкаў у Навагрудку дайшла поўная пагрозы вестка пра тое, што было арыштована звыш 100 жыхароў горада. Манаская супольнасць, якая складалася з 12 асобаў, усведамляла жорсткасці вайны той пары. Сёстры перажылі тады ў Навагрудку той факт, як палякаў вывозілі ў Сібір падчас савецкай акупацыі з 17 верасня 1939 г. да 22 чэрвеня 1942 г. Чарговы акупант не пашкадаваў таксама жыхароў гэтых земляў. У ліпені 1942 г. ад рук нямецкіх салдатаў падчас масавага смяротнага пакарання загінула звыш 60 палякаў, у тым ліку і два святары з навакольных парафій.

    Масавыя смяротныя пакаранні наступілі таксама вясной 1943 г., калі побач з асобамі з ваколіцаў Навагрудка загінула шэсць пробашчаў і вікарыяў з недалёкіх парафій. Сёстры не маглі застацца абыякавымі на весткі пра чарговыя хвалі рэпрэсій жыхароў горада і ваколіцаў. Яны ўслухоўваліся ў галасы ўстрывожаных суседзяў, якія перажывалі геену неспакою за лёс блізкіх. Два дні назарэтанкі праводзілі ў мясцовым Фарным касцёле, молячыся, а праз два дні пасля чарговых арыштаванняў настаяцелька супольнасці сястра Стэла Мардасевіч ад імя ўсіх сёстраў сказала ксяндзу Аляксандру Зянкевічу, якога таксама павінны былі заняволіць, знамянальныя словы: “Мой Божа, калі патрэбна ахвяра з жыцця, няхай жа лепш фашысты нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем’і. Давайце памолімся нават і за гэта”. Праз некалькі дзён, калі некалькі арыштаваных вярнулася дамоў, а іншыя замест масавага пакарання, былі вывезены на працы ў Германію, з’явілася чарговая небяспека, якая датычыла адзінага святара ў наваколлі, прозвішча якога апынулася ў спісе асобаў, асуджаных на заняволенне.

    Ксёндз Зянкевіч успамінаў праз некалькі гадоў рэакцыю сёстраў на гэтыя чарговыя хвалі акупацыйнага тэрора: “Праз некалькі дзён пасля таго, як адышоў транспарт з вязнямі, калі я, пагружаны ў сум, з цяжарам на сэрцы, які так кантраставаў з прыгажосцю летняга надвор’я, стаяў на парозе закрыстыі, падышла да мяне матка Стэла, ізноў з прастатой, годнай вялікіх часоў, сказала мне без ніякіх уступаў і падабраных словаў: “Божа, мой Божа, ксёндз-капелан больш патрэбны на гэтым свеце, чым мы. Цяпер мы молімся за тое, каб Бог забраў нас, а не ксяндза, калі неабходна дальнейшая ахвяра...”

    Неспадзявана 31 ліпеня вечарам сёстры атрымалі загад прыйсці ў камісарыят гестапа. Пасля кароткага праслухоўвання іх вывезлі за горад з намерам расстраляць. Планам салдатаў перашкодзіў вельмі вялікі рух на дарозе, таму што групкі людзей вярталіся з палёў і вялі жывёлу з пашаў. Машына з сёстрамі вярнулася ў камісарыят і адзінаццаць сёстраў правялі ноч у падвале будынка гестапа. На світанні 1 жніўня 1943 г. немцы вывезлі 11 сёстраў у машынах, накрытых брызентам, у лес у напрамку Наваельні і там іх расстралялі. У ваеннай завірусе ўцалелі ўсе, за каго сёстры склалі дар з жыцця. Ахвяра сёстраў была прынята.

    “Бо выпрабаваў іх і знайшоў іх годнымі сябе” (Мдр 3, 5б)
    Мучаніцкая смерць адзінаццаці сёстраў-назарэтанкаў з’яўляецца сведчаннем любові, прыкладам хрысціянскага гераізма і давера моцы Святога Духа. Увесь Касцёл радуецца іхняй святасці, а перш за ўсё - заступніцтвам за кожную сям’ю, за кожнага чалавека і асабліва - за святароў.

    У Навагрудку было 12 сёстраў – “апостальскае”асяроддзе, аднак ахвяра была прынята ад 11. Гэты факт – знамянальны для ўсіх. Бог аставіў адну сястру як вартаўнічку памяці Ахвяры і апякунку Фары ў Навагрудку. Сястра Малгажата, зберажоная Божым Провідам ад арышта, які закончыўся мучаніцкай смерцю 11 сёстраў, перажыла некалькі дзён страшнай няпэўнасці ў іхнім лёсе. Калі ж яна даведалася праўду, то вырашыла адшукаць месца смерці і магілу, што ёй удалося зрабіць пры дапамозе зычлівых асобаў.

    Пасля адыхода немцаў 19 сакавіка 1945 г. з дазвола дзяржаўных уладаў была праведзена эксгумацыя астанкаў сёстраў-мучаніцаў, якія спачылі на прыкасцельным пляцы ля навагрудскай Фары. З той памятнай хвіліны сястра вартавала магілу і касцёл. А каб не дапусціць закрыцця святыні, яна арганізавала ў нядзелі і святы набажэнствы без святара, прыводзіла ў парадак і аздабляла алтары і са спецыяльнага дазвола праз кожныя некалькі тыдняў вандравала дзесяткі кіламетраў, каб прынесці кансэкраваную Гостыю. У 1956 г. вярнуўся з лагераў ксёндз Войцех Навачык і стаў працаваць у Навагрудку.

    Сястра Малгажата адышла да Бога 26 красавіка 1966 г. Яна была пахавана на могілках ля Навагрудка. 17 лютага 2002 г. пачаўся беатыфікацыйны працэс Божай слугі сястры Малгажаты Людвікі Банась, а ў чэрвені 2003 г. адбылася эксгумацыя і перанясенне тленных астанкаў сястры Малгажаты ў Фарны касцёл, дзе яна спачыла побач з саркафагам благаславёных сёстраў-мучаніцаў.