Як ствараецца газета?

Jubileusz

Будучы нумар пачынаецца з планёркіПаважаны Чытач!
    Трымаючы ў руках новы нумар, ці задумваўся Ты, які шлях робіць газета, каб трапіць да свайго адрасата?
    Запрашаем адправіцца ў вялікае падарожжа працягласцю ў 2 тыдні. Менавіта з такой перыядычнасцю выходзіць “Слова Жыцця”, столькі часу затрачваецца на выпуск аднаго нумара газеты.
Планаванне тэм
    Жыццё новага нумара распачынаецца на наступны дзень пасля таго, як папярэдні трапіў да чытача. Супрацоўнікі рэдакцыі збіраюцца на планёрку, дзе абмяркоўваюць тэмы, што будуць асвятляцца ў нумары, і якім чынам яны могуць выглядаць на газетнай паласе. Завочна да рэдкалегіі падключаюцца пазаштатныя аўтары.
    Таксама на планёрцы выбіраюцца лісты чытачоў для публікацыі. Рэдакцыя вельмі задаволена, што на яе адрас пішуць нераўнадушныя людзі. Усхваляваныя радкі чытачоў саграваюць душу. Спярша – супрацоўнікам, затым – іншым чытачам. Рэдакцыя зацікаўлена, каб кожны дасланы ліст быў надрукаваны ў газеце. Акрамя таго, заўсёды рада чуць удзячныя галасы вернікаў з розных куткоў дыяцэзіі, якія спяшаюцца павіншаваць духавенства з надыходзячымі святамі.
    Калі становіцца вядома прыкладная праграма нумара, творчыя супрацоўнікі рэдакцыі прымаюцца за працу над тэкстамі.

    Напісанне артыкулаў
    Для падрыхтоўкі тэкста аўтару патрэбна перачытаць шмат тэматычнай літаратуры, каб быць добра дасведчаным у асвятляемым пытанні. Ён пераследуе мэту прапанаваць чытачу штосьці, чаго той яшчэ не ведаў. У працэсе працы трэба знайсці патрэбных людзей, скантактавацца з імі для атрымання неабходнай інфармацыі.
    Пасля таго, як звесткі сабраны, распачынаецца апрацоўка матэрыялу. Да чытача, вядома, “даходзіць” не ўсё – выбіраюцца найбольш цікавыя, карысныя і вартыя ўвагі факты.
    Некаторыя рэчы ў журналісцкай працы застаюцца “за кадрам”. Напрыклад, немагчыма перадаць тыя абставіны, у якіх адбываецца бяседа, або настрой, якім апанаваны суразмоўца. А часта гэта вельмі важныя фактары, што пакідаюць свой адбітак на будучым артыкуле.
   
Здараецца, дзясяткі тэлефонных званкоў “каштуюць” аднаго радка ў газеце, а для паўнавартаснага інтэрв’ю часам можа хапіць усяго 15-20 хвілін.

    Праверка, пераклад
    Калі тэкст гатовы, ён адпраўляецца на праўку. Разам з тым, удакладняюцца некаторыя моманты, правяраюцца дадзеныя. Пасля праверкі артыкул тлумачыцца на іншую мову, тым самым становячыся даступным і зразумелым для шырэйшага кола чытачоў.
    Працу перакладчыка аналагічна можна назваць творчай. Каб дакладна перадаць тое, што хацеў сказаць аўтар, трэба адчуць, зразумець яго думкі. А гэта таксама мастацтва.
   
    Вёрстка
    Пасля апрацоўкі артыкулы адпраўляюцца на вёрстку. Графічны дызайнер працуе над арыгінал-макетам нумара, кампануе тэкст і ілюстрацыі да яго. Імкнецца зрабіць старонкі газеты візуальна “смачнымі”, прывабнымі. Цяжкасці палягаюць на тым, каб справіцца з гэтым якасна ў сціслы тэрмін. На вёрстку газеты звычайна затрачваецца ўсяго некалькі дзён.
    Здавалася б, праца амаль зроблена? Але! Нумар чакае вычытка. Некалькі чалавек старанна правяраюць тэксты, укладзеныя на паласе.
    Пад увагу бяруцца агульнае ўражанне ад чытання, візуальная спалучальнасць загалоўка, тэкста і ілюстрацый, правільнасць пераносаў, рознага роду іншыя хібнасці.
    На гэтым этапе праца рэдакцыі заканчваецца.
   
   Друк
    За 3 дні да выхаду ў свет нумар адпраўляецца ў друкарню. Вялікія рулоны з паперай пастаўляюцца на спецыяльнае абсталяванне, дзе на матэрыял паслядоўна наносяцца 4 асноўныя фарбы: блакітная, пурпурная, жоўтая і чорная. Пасля друку выданне выглядае згодна з арыгінал-макетам.
    Затым газета трапляе ў аддзелачны цэх, дзе на вялікіх машынах адбываецца нарэзка паперы і кампаноўка старонак у нумар. Як успамінаюць папярэднікі, на самым пачатку існавання выдання супрацоўнікі рэдакцыі самастойна наразалі паперу з раздрукаваным на ёй нумарам газеты. Гэта забірала дадатковы час.
    На шчасце, тэхналогіі ўдасканаліліся.
   
   Дастаўка
    У друкарні ўжо чакае вадзіцель. Хутка ён забярэ тыраж і развязе яго па парафіях. Спачатку газета трапляе ў касцёлы горада Гродна, затым – у аддаленныя ад цэнтра дыяцэзіі святыні згодна пракладзенаму маршруту кіроўцы. Каб экземпляр трапіў да самага далёкага чытача, вадзіцель праязджае каля тысячы кіламетраў за 2 дні.
    І вось у нядзелю, пасля карпатлівай працы журналістаў, рэдактараў, перакладчыкаў, вярстальшчыка, цэлага штату супрацоўнікаў друкарні і, нарэшце, клопату вадзіцеля, газета знаходзіць свайго адрасата.
   
Каб надрукаваць агульны тыраж нумара газеты “Слова Жыцця”, неабходна паўтоны паперы.

    Сусветная сетка
    З 2009 года газета “Слова Жыцця” мае свой сайт у інтэрнэце slowo.grodnensis.by. Звычайна на наступны дзень пасля выхаду газеты вэб-старонка абнаўляецца, на ёй змяшчаюцца актуальныя артыкулы. Там жа можна спампаваць электронны варыянт новага нумара, каб яго было зручна чытаць на камп’ютары, планшэце, у тэлефоне.
    “Слова Жыцця” таксама прысутнічае ў сацыяльных сетках па адрасе facebook.com/slowo.grodnensis.by. Кантэнт на старонцы абнаўляецца штодня. Такім чынам, чытач можа расцягнуць чытанне газеты на тыдзень-паўтара. Падпісчыкі старонкі ў фэйсбуку першымі даведваюцца, пра што будзе новы нумар. За некалькі дзён да выхаду газеты публікуецца анонс, у якім асвятляюцца самыя цікавыя бягучыя тэмы і артыкулы. Акрамя ўсяго, рэдакцыя заўсёды знаходзіцца ў рэжыме анлайн, гатовая адказаць на дасланыя паведамленні чытачоў.
   
    Праца – як па гадзінніку
    Дзейнасць у рэдакцыі не спыняецца ні на хвіліну. Часта даводзіцца працаваць у пазаўрочны час. І калі скласці недаспаныя гадзіны (няхай некалькіх апошніх месяцаў) усіх разам супрацоўнікаў у адно, то атрымаецца, што за гэты час магчыма было б перачытаць “Ганну Карэніну” Льва Талстога. Некалькі разоў.
    З упэўненасцю можна адзначыць, што кожны работнік – незаменны і аднолькава важны. Калі хтосьці вымушаны адсутнічаць з-за нейкіх абставін, праца ў рэдакцыі тармозіцца. Гэта як у выпадку з механізмам гадзінніка: калі пазбавіцца якой-небудзь дэталі, канструкцыя парушаецца і час спыняецца. На першы погляд можа здавацца, што ўсе маюць асабістыя абавязкі, незалежныя адзін ад аднаго. На самой справе, калектыў рэдакцыі моцна з’яднаны. Таму супрацоўнікі “Слова Жыцця”... ніколі не хварэюць. Канешне ж, гэта жарт. Але зерне ў тым, што ім проста нельга расслабляцца, каб чарговы нумар своечасова трапіў да свайго чытача.