Што можна рабіць з асвечанай вадой?

Задай пытанне

mlodziez_przemyska

Паводле каталіцкай традыцыі, асвечаная вада належыць да сакраманталіяў. Чым з’яўляюцца сакраманталіі? Як кажа нам Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, гэта прадметы або дзеянні, якія, дзякуючы малітве Касцёла, указваюць на духоўныя даброты і асвячаюць штодзённае жыццё веруючага чалавека, рыхтуючы яго да больш глыбокага прыняцця і перажывання канкрэтнага сакраманту.

   Асвечаная вада, бласлаўлёная біскупам, прэзбітэрам або дыяканам, – традыцыя, якая існуе ў гісторыі хрысціянства з ІІ стагоддзя. У Старым Запавеце святая вада мае ачышчальную моц, а ў Новым Запавеце – асвячальную, звязаную з хростам Езуса ў водах Іардана.
    У Святы Пасхальны Трыдуум, а дакладней у Вялікую суботу, бласлаўляецца вада для хросту, і вернікі могуць узяць яе дадому і карыстацца ёю, робячы знак крыжа, змачыўшы ў ёй пальцы, а таксама спажываць яе на працягу дня, перад гэтым зрабіўшы знак крыжа.
    Акрамя таго, вернік можа на працягу ўсяго года папрасіць святара блаславіць ваду для ўласнага карыстання дома. У нашых каталіцкіх святынях такая вада стаіць перад уваходам у касцёл у спецыяльных крапільніцах, каб, уваходзячы, кожны мог зрабіць знак крыжа, змачыўшы ў ёй пальцы. Гэта сімвал уласнага хросту, які мы атрымалі ад Бога.
    Асвечаная вада выкарыстоўваецца для сакраманту хросту, бласлаўлення страў на велікодны стол і аплаткаў на вігілійны стол, бласлаўлення кадзіла і крэйды ў свята Аб’яўлення Пана, бласлаўлення пальмовых галінак, зёлак у свята Маці Божай Зельнай і грамнічных свечак у свята Маці Божай Грамнічнай, бласлаўлення абразоў, рэлігійных прадметаў, а таксама падчас шлюбу для бласлаўлення пярсцёнкаў. Яна выкарыстоўваецца падчас экзарцызмаў і бласлаўлення памяшканняў у доме або іншых месцах. Такім чынам, мы бачым, як шануецца святая вада ў на- шым штодзённым рэлігійным жыцці.
    Калі вада доўга стаіць, яна можа атрымаць непажаданы асадак або сапсавацца і мець непрыемны пах. Такую святую ваду трэба выліць у годнае месца – гэта можа быць агарод або вазон з кветкамі. Нельга выліваць яе ў ракавіну. Да кожнай бласлаўлёнай рэчы павінна быць павага.