Ці верыць, што калі ажаніцца ў маі, то ўсё жыццё будзеш “маяцца”?

Зваротная сувязь - Задай пытанне

mlodziez_przemyska

Народнае павер’е мае вытокі ў кельтскай культуры. Старажытныя кельты на пачатку мая адзначалі свята Белтэйн (Beltane), падчас якога заключаліся г. зв. “пробныя сужэнствы”. Сужэнцы маглі скасаваць такі саюз без усялякіх наступстваў, адсюль і меркаванне, што майскія шлюбы нетрывалыя.

   Акрамя таго, паводле традыцыі старажытных рымлянаў, у маі праходзілі г. зв. лемураліі (Lemuralia) – святы памерлых. Лічылася, што падчас іх на зямлю сыходзяць злыя духі, а вясельныя ўрачыстасці могуць іх угнявіць, у выніку чаго духі нават могуць забраць з сабой аднаго з сужэнцаў… Адсюль лацінская прымаўка: “Mense Maio malae nubent” – “Дрэнна, што яны жэняцца ў маі месяцы”.
    Звязаныя з вяселлем забабоны супярэчаць хрысціянскаму разуменню сакраманту сужэнства. Яны трымаюцца на невуцтве, а значная іх частка мае паганскае паходжанне. Любы забабон распаўсюджваецца, як вірус – самастойна, без асаблівых намаганняў. Спачатку ён робіцца модным, а затым абавязковым. А чаму? Таму што забабон – гэта грэх. Хіба сямейнае шчасце залежыць ад канкрэтнага месяца? Не! Тым не менш такія забабоны – выдатны спосаб уцячы ад рэальнасці.
    Як хрысціяне мы павінны добра ўсведамляць, што “ніхто не можа служыць двум гаспадарам” (Мц 6, 24).
    Езус казаў: “Пазнаеце праўду, а праўда вызваліць вас” (Ян 8, 32). Праўда Хрыстова робіць чалавека свабодным не толькі ад грахоў, але і ад непатрэбных, шкодных забабонаў. Для шчаслівага сямейнага жыцця важнымі з’яўляюцца цнатлівасць, вернасць, давер адзін аднаму, гатоўнасць дараваць і прымаць іншы пункт гледжання, уменне ісці на кампрамісы і разам духоўна ды інтэлектуальна развівацца.
    А для католікаў май – прыгожы Марыйны месяц, які з’яўляецца вельмі добрай нагодай, каб даручыць Маці Божай сваё сужэнскае жыццё.