Хто можа атрымаць папскае бласлаўленне?

Задай пытанне

Католікі маюць магчымасць атрымаць асабістае бласлаўленне ад Папы Рымскага на адмысловай грамаце. Яно ўдзяляецца Святым Айцом з нагоды прыняцця сакрамантаў (хросту, Першай св. Камуніі, канфірмацыі, вянчання, пасвячэння ці складання манаскіх абяцанняў), а таксама з нагоды юбілею, звязанага з пералічанымі сакрамантамі і падзеямі, а таксама дня нараджэння (18-годдзя, а затым па дасягненні 50-ці гадоў і ў кожнае наступнае дзесяцігоддзе).
Каб атрымаць Апостальскае бласлаўленне, неабходна падаць заяўку ў Службу папскіх ласкаў у Ватыкане. Галоўная ўмова – быць практыкуючым католікам, таму ў многіх выпадках заяўку павінна суправаджаць сведчанне пробашча парафіі, заверанае пячаткай.
    Заяўку на атрыманне такога пасведчання можна таксама падаваць анлайн. Пры гэтым дакладнасць пазначаных звестак застаецца на сумленні ў чалавека, які просіць аб бласлаўленні. Запаўняючы модуль, неабходна пацвердзіць наступныя звесткі: з’яўляюся католікам, жыву ў адпаведнасці з каталіцкай верай і мараллю, не належу да рэлігійных некаталіцкіх груп ці да арганізацый, якія адкрыта процістаяць Каталіцкаму Касцёлу, не жыву ў грамадзянскім (г. зн. не царкоўным) шлюбе, не складаў паўторны грамадзянскі шлюб пасля разводу, не падлягаю ніводным кананічным санкцыям i не займаю ніякую грамадскую пасаду.
    Усе ахвяраванні, якія паступаюць у Службу папскіх ласкаў ад жадаючых атрымаць памятнае пасведчанне аб папскім бласлаўленні, прызначаюцца на справы міласэрнасці.